Мне не раз даводзілася чуць, што сярод вялікай колькасці жанраў дынаміку і пульс сённяшняга дня асабліва выразна перадае мюзікл. І ў гэтым яго прынцыповае адрозненне ад аперэты, якая страціла ранейшую актуальнасць. Я не зусім згодная з гэтай думкай, але тое, што публіка апошнім часам асабліва ахвотна ходзіць на мюзіклы – дакладна. Магчыма таму, што, у асноўным, гэта пазітыўныя, дынамічныя, яркія спектаклі, якія аб’ядноўваюць розныя жанры. Звычайна яны лёгкія для ўспрымання, часта пабудаваныя на вядомых узорах літаратурнай класікі. У тым ліку і гэтым тлумачыцца поспех і запатрабаванасць у публікі.
Тэндэнцыі часу ўлічвае і Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Нядаўна яго рэпертуар папоўніўся мюзіклам «Рамэо і Джульета. Праз XX гадоў» расійскіх аўтараў Аркадзя Укупніка і Карэна Кавалерана. У аснове – альтэрнатыўнае развіццё хрэстаматыйнага сюжэта: як бы склаўся лёс герояў, каб яны засталіся жывыя? Аўтары пафантазіравалі і прапанавалі гісторыю, дзе пераплятаюцца каханне, здрада, заганы, адданасць, расчараванне… У гэтай фантазіі ёсць свая філасофія, бо яна падкрэслівае сувязь эпох.
Нягледзячы на дыстанцыю часу, прырода чалавека застаецца нязменнай. Што ў XIV, што ў XXI стагоддзі людзей хвалююць тыя ж страсці, пачуцці, імкненні і мары… З аднаго боку, аўтары новай версіі «Рамэа і Джульеты» разбураюць ілюзію вечнага і чыстага кахання, з іншага, запрашаюць паразважаць над актуальнымі ва ўсе часы катэгорыямі – вернасць, эгаізм, міласэрнасць, уменне дараваць…
Мяркуючы па аншлагу і гарачых апладысментах, публіка ахвотна адклікаецца на прапанову. І гэта галоўнае. Бо нездарма кажуць – тэатр пачынаецца там, дзе ёсць глядач. І менавіта ён – самы галоўны крытык і лепей за ўсіх ведае, што патрабуе яго душа. А душы неабходны не толькі цеплыня, рамантыка, але і бурлівыя эмоцыі. Таму, мяркуючы па ўсім, спектакль «Рамэо і Джульета» на беларускай сцэне чакае шчаслівы лёс. У тым ліку і таму, што мюзікл сам па сабе – удзячная тэма. Можна нават гаварыць, што жанр зараз перажывае пэўны бум. У наша жыццё ён уварваўся не так даўно, але за кароткі тэрмін стаў масава запатрабаваным. Дазволю сабе здагадку: калі прапанаваць звычайнаму, так бы мовіць, непадрыхтаванаму гледачу схадзіць на оперу, аперэту ці мюзікл, ён хутчэй за ўсё выбярэ апошняе.
Як вядома, жанр прыйшоў да нас з-за акіяну. Радзіма мюзікла – Амерыка. Пунктам адліку лічыцца пастаноўка шоў «Black Crook» у верасні 1866-га года ў Нью-Ёрку. У ёй перапляліся рамантычны балет, меладрама, іншыя жанры. Асаблівае развіццё мюзікл атрымаў у XX-ым стагоддзі. Імпульс задалі таленавітыя амерыканскія кампазітары Рудольф Фрымль, Джэром Керн, Джордж Гершвін, Кол Портэр. Сур’ёзнай падзеяй у развіцці жанру стала з’яўленне ў 50-ыя гады мюзікла «Вестсайдская гісторыя» Леанарда Бернстайна. Сярод лепшых узораў жанру – «Іісус Хрыстос – суперзорка», «Кошкі», «Прывід оперы» Эндру Лойда Уэбера, «Рамэа і Джульета» Жэрара Прэсгурвіка, «Нотр-Дам дэ Пары» Рыкарда Качыянтэ.
Не абышлі сваёй увагай мюзікл і беларускія кампазітары. Асаблівую цікавасць праявіў Уладзімір Кандрусевіч. У 1991 годзе на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, тады Тэатра музычнай камедыі, быў пастаўлены яго твор «Джулія» паводле рамана Моэма «Тэатр», у 94-ым «Шклянка вады» па п’есе Эжэна Скрыба. Але гэта спектаклі, заснаваныя на замежных літаратурных крыніцах, таму на агульным фоне асабліва жывую цікавасць выклікаў мюзікл «Соф’я Гальшанская», пастаўлены ў 2013 годзе. Нягледзячы на розныя водгукі, неадназначнае стаўленне да двухмоўя, бо спектакль заяўлены, як нацыянальны праект, але ідзе пераважна на рускай мове, усё ж ён – адзін з самых запатрабаваных у публікі.
Вабіць эпоха, гістарычныя персанажы, якія даўно сталі легендамі, падзеі даўно мінулых дзён, якія зноў жа пераплятаюцца з сучаснасцю. Стваральнікі не імкнуліся дакапацца да гістарычнай праўды, а стараліся перадаць атмасферу эпохі, глыбіню характараў і стварыць, абапіраючыся на ўяўленне усё тую ж вечную гісторыю пра каханне, здраду і вернасць. Як бачым, яна ў розных варыяцыях вандруе з аднаго сюжэта ў іншы, але нязменна вабіць публіку. Сведчанне таму – поспех мюзіклаў на сцэне тэатра, які, паводле слоў мастацкага кіраўніка Адама Асманавіча Мурзіча, будзе па-ранейшаму развіваць гэты накірунак у сваім рэпертуары. Што гэта – мода, гістарычная альбо творчая неабходнасць, пакажа час. Але самае галоўнае – сінтэз музыкі, харэаграфіі, спецэфектаў, прыгожых дэкарацый, касцюмаў дазваляе ў яркай, эфектнай, захапляльна-забаўляльнай форме перадаваць тыя думкі і пачуцці, якія заўсёды будуць хваляваць людзей.