Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Прыпыніцца, прысесці, паслухаць Алега Молчана...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.10.2021
«Музычны дзённік. Прыпыніцца, прысесці, паслухаць Алега Молчана...» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Мне вельмі падабаецца выказванне, што творчасць, як сазлучаныя сасуды. Толькі тады, калі ты сам любіш тое, што робіш, можаш перадаць гэтую любоў іншым. Прыклад – жыццё цудоўнага музыканта Алега Молчана, які два гады таму 26 кастрычніка пакінуў гэты свет.

Летась, у дзень памяці кампазітара, па вуліцы Ракаўскай на доме, дзе ён нарадзіўся, была адкрыта мемарыяльная дошка, а сёлета – музычны зэдлік з яго мелодыямі.

Як вядома, у кожным горадзе ці мястэчку ёсць свой каларыт. Лічыцца, што яго галоўны складнік – архітэктура. Але хочацца дадаць, і музыка таксама, бо яна напаўняе прастору асаблівай энергіяй, спрыяе раскрыццю эмоцый. Таму па праве можна сказаць, што ў цэнтры Мінска ўтварыўся атмасферны музычна-архітэктурны ансамбль, які ўпрыгожыў горад і папоўніў яго адметнасці.

Захаваннем і ўшанаваннем памяці Алега Молчана актыўна займаецца яго другая палавінка, спявачка Ірына Відава. Яе ідэю таленавіта ўвасобілі мастак па метале Марыя Тарлецкая, скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў.

Ірына нават не спадзяецца, а ўпэўнена, што, дзякуючы ў тым ліку і гэтаму архітэктурнаму ансамблю, Алег Молчан стане такім жа сімвалам для Мінска, як Шапэн для Варшавы альбо Моцарт для Вены. Гуляючы па вуліцы Ракаўскай, што знаходзіцца ў раёне Нямігі, любы можа прыпыніцца ля мемарыяльнай дошкі, прысесці, паслухаць фрагменты дзевятнаццаці самых вядомых і папулярных мелодый Алега Молчана. Сярод іх знакамітая “Малітва” на верш Янкі Купалы. Яе часта называюць духоўным гімнам беларусаў. У свой час гэтая кампазіцыя стала кульмінацыяй праграмы “Голас душы”, якую ансамбль “Песняры” прадставіў на 25-гадовым юбілеі.

Работа ў калектыве, бадай, самая яркая старонка біяграфіі Алега Молчана. “Песнярам” ён аддаў 10 гадоў жыцця, напісаў для ансамбля больш за 70 творчых работ – песень, аранжыровак, апрацовак. Гэта і аўтарская праграма 1990 года “Слова Скарыны” на вершы Аляксандра Лягчылава. Прысвечаная 500-годдзю славутага асветніка, яна стала дэбютам Алега Молчана ў «Песнярах». Варта ўспомніць і аранжыроўку цыкла “Вянок” на вершы Максіма Багдановіча, і праграму “Казацкая вольнасць” і шэраг іншых таленавітых кампазіцый, якія ўвайшлі ў класіку сучаснай беларускай эстраднай музыкі.

Але ж новы час дыктуе свае мелодыі, рытмы і, на жаль, імя Алега Молчана не так шырока вядома, як ён таго варты. Таму такая форма ўвекавечвання памяці набывае асаблівую каштоўнасць, бо апрача ўсяго, папулярызуе, а некаторых і знаёміць з яго творчасцю, дае магчымасць пераканацца, што Алег Молчан, насамрэч, таленавіты кампазітар, аранжыроўшчык, музыкант з вялікай літары.

Я мела гонар даволі блізка кантактаваць з Алегам, перыядычна сустракацца і ў эфіры, і ў звычайным жыцці. Мне вельмі падабалася слухаць яго развагі пра музыку – сваю, чужую... не важна... Калі ён нечым захапляўся, то расказваў з асаблівым запалам. У гэтыя моманты Алега трэба было не толькі чуць, але і бачыць: вочы загараліся яркімі агеньчыкамі… Калі побач быў інструмент, то аповяд абавязкова падмацоўваўся выразнымі музычным пасажамі, а калі не было, то яго рухомыя пальцы прыгожа лёталі над уяўнай клавіятурай... Здаецца, тэмперамент біў цераз край. Немагчыма было не трапіць у палон гэтай жывой, эмацыянальнай плыні, прасякнутай абсалютнай любоўю да музыкі, творчасці...

Варта дадаць, што яе падзяляла і другая палавінка – Ірына альбо Ірачка, як пяшчотна Алег называў жонку. Разам па жыцці яны прайшлі больш за 25 гадоў. І практычна ніколі не расставаліся, бо, здавалася, не маглі існаваць паасобку. Апошнім часам нават на сцэну выходзілі толькі ў дуэце. Разам яны былі і ў самы складаны перыяд, да самага апошняга імгнення…

Зразумела, што вялікае, у тым ліку і пачуццё, бачыцца на адлегласці, але і сёння можна смела сказаць, што жыццё гэтай пары асветлена не толькі альбо не проста каханнем, а вялікай адданай любоўю. Таму, як бы пафасна не гучала, але асабіста я ўпэўнена ў шчырасці імкнення Ірыны зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб музыка Алега Молчана гучала і нават здабыла неўміручасць. Гэта яна лічыць сваёй мэтай, сэнсам і нават місіяй.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: