Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Сустрэнемся на балі ў Вялікім!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.01.2021
«Музычны дзённік. Сустрэнемся на балі ў Вялікім!» Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Завяршаюцца, бадай, самыя працяглыя святы – зімовыя. Да многіх з нас яны прыходзяць 25 снежня і доўжацца да 14, а то і да 19 студзеня. Жыхары нямногіх краін могуць пахваліцца такой даволі дзіўнай традыцыяй. А традыцыі, як вядома, узнікаюць невыпадкова і часта выкліканы неабходнасцю. Калі не браць у разлік розніцу паміж Грыгарыянскім і Юліянскім календарамі, дзякуючы якой і зацягваюцца святы, мы з вамі заўсёды маем патрэбу ў радасці. Гэтага ніколі не бывае многа, таму навагодні зімовы перыяд – цудоўная нагода пашукаць для яе яшчэ адно месца. Упэўнена, што многія сёння так і зробяць, наведаўшы Вялікі тэатр. Вось ужо дванаццаты раз там пройдзе баль на Стары Новы год. Здавалася б, сучаснага чалавека здзівіць няпроста. Але тым, хто працуе над зместам навагодняга балю, гэта ўдаецца заўсёды.

Нягледзячы на захаванне агульнай канцэпцыі, кожны год мае сваю асаблівасць і тэму. За 11 гадоў існавання праекта наведвальнікі мелі магчымасць вандраваць па часе, перанесціся ў пушкінскую эпоху, паўдзельнічаць у “Арт-квэсце”, каляднай варажбе, апынуцца ў палоне “Прывіда оперы”, паглядзець “Неонавае шоў”…

А сёлета тэмай балю стане ўзнёслая казка “Спячая прыгажуня”. Як балетны шэдэўр П.І.Чайкоўскага паводле казкі Шарля Перо аб’яднае святочны вечар, арганізатары не раскрываюць, але ж вядома, што гледачы, згодна з сюжэтам знакамітай гісторыі, у пэўны момант павінны будуць заглыбіцца ў сон. Мяркую, што гэта стане магчыма ў тым ліку дзякуючы новаму фармату сёлетняга балю.

Мы прызвычаіліся, што танцавальная праграма праходзіць у фае. Паміж яе ўдзельнікамі і гледачамі практычна няма дыстанцыі. Адбываецца цеснае перапляценне і абмен энергіяй, святочная эйфарыя адчуваецца ярка і востра. Сёлета будзе інакш. Гледачы зоймуць свае традыцыйныя месцы ў зале, а танцавальныя пары выступяць на сцэне. Прычым іх нумары будуць чаргавацца з выступленнямі прафесіяналаў – салістаў тэатра. А гэта вялікі гонар і асаблівая адказнасць.

Паводле слоў балетмайстра-пастаноўшчыка, заслужанай артысткі Беларусі Юліі Дзятко, многія хвалююцца, але ж радуюцца такой унікальнай магчымасці. А сама артыстка лічыць, што ўсё новае заўсёды цікава. Юлія Дзятко каторы год запар працуе як балетмайстар-пастаноўшчык навагодняга балю. А пачынала яна з вывучэння агульнаеўрапейскіх традыцый і гістарычнага вопыту правядзення такіх вечарын.

Як вядома, у Еўропе традыцыя правядзення баляў узнікла ў XIV стагоддзі пры французскім і бургундскім дварах. У пачатку XVIII яны сталі ладзіцца ў Парыжы ў оперным тэатры. Затым цэнтр бальнай культуры паступова перамясціўся ў Вену, якая да гэтага часу лічыцца яе сталіцай. Цікава, што Венскія балі занесены ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. З 1935 года яны праходзяць у Венскай дзяржаўнай оперы.

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі такія свецкія падзеі ладзяцца не так даўно, сама традыцыя таксама ідзе з глыбіні стагоддзяў. Напрыклад, на ўсю Еўропу славіліся прыёмы, якія ладзіў у сваім палацы князь Караль Станіслаў Радзівіл па мянушцы Пане Каханку альбо знакаміты дзяржаўны дзеяч, дыпламат, кампазітар Міхал Клеафас Агінскі ў маёнтку Залессе. Таму невыпадкова ў канцэпцыю першага балю ў Вялікім тэатры ў 2009 годзе былі ўключаны тры накірункі – Княжацкі, Рускі і Венскі баль, а ў перапынках – разнастайныя свецкія забавы, тэматычныя салоны і конкурсы.

Што ж, з часам мяняецца творчы калектыў, форма правядзення, адбываецца пошук новых тэм, сюжэтаў, і ўсё ж галоўным і нязменным элементам застаецца танцавальная праграма. Сёлета яна больш змястоўная і насычаная, словам, танцаў будзе больш. Па традыцыі, баль адкрыецца паланезам. У праграме некалькі вальсаў, полек, галоп, кантрданс, вірджынская кадрыля…

Тры з паловай месяцы ўдзельнікі настойліва, цярпліва і з захапленнем спасцігалі гэтае няпростае мастацтва. Сярод іх – і навічкі, і заўсёднікі, нават тыя, хто на балі з самага пачатку існавання праекта. Шчыра скажу, што я іх выдатна разумею. Бо таксама не прапусціла ніводнага свята, праўда, пакуль што як глядач. Назіраю не толькі за танцамі, стараюся ахапіць усё, што прапануецца.

І, канечне ж, сам момант сустрэчы Старога Новага года, які звычайна праходзіў у зале тэатра. Але зараз адбудзецца ў фае. І гэта таксама адна з дэталей новага фармату.

Так, час уносіць свае карэктывы, прапануе розныя нюансы, варыянты, але ж нязменнае адно, бадай, самае важнае. Здаецца, я больш нідзе не бачыла адначасова столькі ўсмешак, іскрыстых вачэй, не адчувала такой бліскучай пазітыўнай энергіі і добразычлівасці, як на оперным балі. Весялосць, захапленне, лёгкая эйфарыя, асалода ад мастацтва аб’ядноўваюць усіх: і удзельнікаў, і гледачоў, і артыстаў! І як тут не пагадзіцца, што радасць – гэта вялікая сіла і шлях да шчасця!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: