Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Святочны студзень». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 05.01.2022
«Музычны дзённік. Святочны студзень». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Працягваецца святочны студзень. Яго асаблівы настрой у поўнай меры можна адчуць у канцэртных і тэатральных залах. Таму квіткі на святочныя творчыя праекты разлятаюцца імгненна. У лідарах – праграмы для дзяцей, гала-канцэрты альбо спектаклі, якія па сваім настроі адпавядаюць эмацыянальнай танальнасці зімовых святаў. У аснове – добравядомыя сюжэты, якія абуджаюць самыя светлыя пачуцці…

Сярод найбольш папулярных – балет “Шчаўкунчык”. Натхнёная музыка П.І.Чайкоўскага штогод упрыгожвае свята і лічыцца адным з самых цудоўных твораў, прысвечаных Ражаству. Ва ўсім свеце гэта любімы балет зімовага сезона, добрая святочная традыцыя. У тым ліку і ў беларускім Вялікім тэатры, дзе “Шчаўкунчык” таксама ўпрыгожыў студзеньскую афішу. Чарговы паказ адбудзецца сёння.

Сакрэт прыцягальнасці твора тлумачыцца проста – эмацыянальная сіла музыкі, цудоўны сюжэт, які пераносіць у дзяцінства, пару чакання цудаў і веры, што яны абавязкова здзейсняцца. Варта пагадзіцца, што гэта чароўная казка настройвае нас на лепшае, нясе радасць і прыгажосць.

Зрэшты, тое ж можна сказаць у дачыненні да большасці таленавітых твораў мастацтва і адпаведна прыгожых падзей, якія даволі часта здараюцца ў жыцці. Проста іх неабходна заўважаць. Цудоўна, калі некаторыя становяцца добрай традыцыяй.

Асабіста для мяне кульмінацыя зімовых свят – баль у Вялікім тэатры на Стары Новы год. Паводле першапачатковай канцэпцыі (а пачалося ўсё ў 2010 годзе) ў яго аснове тры балі – Княжацкі, Рускі і Венскі. У перапынках – разнастайныя свецкія забавы, тэматычныя салоны і конкурсы. Нягледзячы на захаванне агульнай канцэпцыі, кожны год мае сваю асаблівасць і галоўную тэму. Здавалася б, сучаснага чалавека здзівіць няпроста. Але тым, хто працуе над зместам навагодняга балю, гэта ўдаецца заўсёды. Штогод адкрываюцца новыя грані – прыгожыя танцавальныя і музычныя праграмы, паэтычныя, тэатральныя, мастацкія, астралагічныя салоны…

За час існавання праекта наведвальнікі мелі магчымасць вандраваць па часе, перанесціся ў пушкінскую эпоху, паўдзельнічаць у “Арт-квэсце”, каляднай варажбе, апынуцца ў палоне “Прывіда оперы”… Сёлета чакаецца не менш цікавая праграма. Арганізатары абяцаюць, што тэатр ператворыцца ў старадаўні замак. Яго дзверы адкрыюцца ў 19.30, а ў 21 гадзіну на галоўнай сцэне пачнецца канцэрт “Каханне, інтрыгі і жарсці Каралей”! Пасля яго завяршэння ўсіх гасцей запросяць на Каралеўскі баль-маскарад, які будзе доўжыцца да трох ночы.

На працягу святочнага дзейства можна будзе стаць удзельнікам квэста “Таямніцы Старога замка”, прыняць ўдзел у праграме “Караоке з зоркай”, пабываць на прыёме ў прынцэсы Турандот, зайсці ў тэатральную гасцёўню Уршулі Радзівіл… І гэта толькі некалькі паваротаў цікавага сюжета.

Ну, а тым, хто хоча правесці час, як кажуць італьянцы, mezzо voce (напаўголасу), змястоўныя канцэптуальныя праекты прапануе камерная зала. Усе падрабязнасці балю не раскрываюцца, але абсалютна дакладна, што яго напоўніць толькі добрая, прыгожая, высакародная музыка!

Такая ж і таксама ў выкананні артыстаў тэатра будзе гучаць і падчас традыцыйнага міжнароднага фестывалю “Студзеньскія музычныя вечары”, які з 9 па 12 студзеня пройдзе ў Брэсце. Упершыню за гісторыю яго існавання свята адкрые гала-канцэрт зорак Вялікага тэатра.

Яшчэ ў фестывальнай праграме – выступленне Нацыянальнага акадэмічнага аркестра народных інструментаў імя Жыновіча, музыкантаў з Расіі Кітая, Балгарыі, Малдовы, Турцыі…

За 34 гады існавання фестываль стаў вялікай і чаканай культурнай падзеяй не толькі для Брэста, але і ўсёй краіны. Паводле слоў удзельнікаў, маштабу свята могуць пазайздросціць некаторыя культурныя сталіцы Еўропы. У свой час фестываль блаславіў сам Святаслаў Рыхтэр, пакінуўшы брэсцкім слухачам аўтограф: "Радасці ад праслухоўвання музыкі”. Гэтую радасць славуты піяніст дарыў даволі часта, бо наведваў Брэст васямнаццаць разоў. Дарэчы, у пэўным сэнсе “Студзеньскія музычныя вечары” ўзніклі дзякуючы менавіта яму. Упершыню з канцэртам у Брэст Святаслаў Рыхтэр прыехаў у 1968 годзе. Сустракаць музыканта лёс выпаў педагогу музычнага вучылішча, цяпер дырэктару фестываля заслужанаму дзеячу мастацтваў Ліліі Батыравай. Іх першая сустрэча стала пунктам адліку трывалага і цёплага сяброўства, а фестываль “Студзеньскія музычныя вечары”, які яна заснавала ў 1989 годзе, своеасаблівым адказам і творчым прывітаннем “Снежаньскім музычным вечарам”, што ўтварыліся па ініцыятыве Святаслава Рыхтэра ў Маскве ў пачатку 80-х гг. Таму можна лічыць, што фарміраванне культурнай аўры Брэста адбылося ў тым ліку і пад уплывам славутага піяніста.

Гэта толькі пацвярджае думку, што ўздзеянне мастацтва на душы і розум людзей залежыць ад тых, хто яго стварае – ад таленавітых асоб. А згаданыя мной музычныя штрыхі святочнага студзеня абяцаюць светлую радасць, прыгажосць, эмацыянальную лёгкасць, добразычлівасць, натхненне…

Словам, усё, для чаго адкрыецца душа.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: