Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Цудоўны востраў музычнага шчасця». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.04.2021
«Музычны дзённік. Цудоўны востраў музычнага шчасця». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Лічыцца, што навучанне музыцы адпавядае прыродзе дзіцячага ўзросту – адбываецца пазнанне свету, хочацца зрабіць крок у невядомае, убачыць і адчуць прыгажосць... І калі гэтае імкненне з часам не толькі захоўваецца, але і ўзмацняецца, значыць музыка напоўніла душу святлом, а ў некаторых выклікала жаданне папоўніць сваёй творчасцю паўнаводную раку мастацтва.

Менавіта такі шлях абралі калі не ўсе, то большасць выпускнікоў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Гэтая паважаная навучальная ўстанова – прызнаны знак якасці, гарант і паказчык высокага прафесіяналізму, творчай дысцыпліны, грунтоўнасці, эксклюзіўнасці… У гэтым мы мелі магчымасць чарговы раз пераканацца дзявятага красавіка, падчас юбілейнага Гранд-канцэрта, прысвечанага 85-годдзю гімназіі-каледжа. Ён адбыўся на вялікай філарманічнай сцэне.

Атрымалася прыгожае свята маладосці і творчасці. Яго прамяністая сонечная энергія пакінула ў душы цёплы і добры след. Магчыма, у тым ліку і таму, што ў зале, у асноўным, быў свой глядач – выпускнікі, навучэнцы, іх бацькі, сябры, калегі… І гэта напаўняла атмасферу асаблівай духоўнай і душэўнай роднасцю. Найбольш востра я яе адчула, калі пад гукі «Лірычнай мелодыі» Я.Глебава на мультымедыйным экране з’явілася галерэя партрэтаў педагогаў, якія ў розныя гады стваралі гісторыю каледжа, а значыць, і гісторыю музычнага мастацтва краіны.

Паказ суправаджаўся цёплымі апладысментамі, што само па сабе сведчыць пра павагу, пашану і памяць пра тых, хто сталі не проста выкладчыкамі, але духоўнымі настаўнікамі і сябрамі. Гэты фінальны момант праграмы быў адным з самых кранальных і пранікнёных, а яшчэ нібыта сімвалізаваў традыцыі і пераемнасць, што праявіліся таксама ў сумесным музіцыраванні навучэнцаў і педагогаў.

Дарэчы, сярод іх нямала выхаванцаў гімназіі-каледжа, які ў розныя гады называўся па-рознаму: рэспубліканская музычная школа, сярэдняя спецыяльная музычная школа, музычны ліцэй, а пачыналася ўсё з аддзялення юных талентаў. Яно было адкрыта пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі 15 кастрычніка 1935 года.

Мінулай восенню дзень нараджэння школы стаў пачаткам юбілейных святкаванняў, а Гранд-канцэрт – іх кульмінацыяй. Мы пачулі не толькі цудоўную музыку ў таленавітым выкананні, але і цікавы аповяд пра найбольш значныя старонкі гісторыі школы. Юбілейная канцэртная праграма была пабудавана згодна з перыядамі яе развіцця. Спачатку прадстаўлена фартэпіяннае аддзяленне, затым струннае, духавое, народнае…

Наўмысна не хачу нікога вызначаць, бо ўсе юныя музыканты выступілі бездакорна і натхнёна, кожны паказаў сябе яркай самастойнай асобай. І ўсё ж не магу ўтрымацца, каб не назваць хаця б адно імя! Нікан Мазаль – харызматычны скрыпач-віртуоз і адначасова ўдумлівы, тонкі музыкант! Я неаднойчы слухала Нікана ў канцэртах і кожны раз з заміраннем у сэрцы дзівілася яго разнастайным выканальніцкім граням і талентам “трымаць” публіку. Таму невыпадкова ўспамінаецца выказванне “штучны тавар”, бо такіх асоб, насамрэч, адзінкі. Іх пошукам, выхаваннем, раскрыццём і займаецца Рэспубліканская гімназія-каледж. А гэты працэс немагчымы без калектыўнага музіцыравання.

Прызнаюся, што падчас канцэрта да мяне не адзін раз прыходзіла асацыяцыя, што я трапіла на цудоўны востраў шчасця. Асабліва гэта адчувалася падчас выступленняў харавых калектываў, ансамбляў, Канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Уладзіміра Перліна. Згустак энергіі, пазітыву, натхнення, любові, радасці, гатоўнасці аддаваць… Усё гэта пра іх – цяперашніх навучэнцаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі.

Мне вельмі прыемна, што кожны год некаторыя з іх прыходзяць на наш радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі» і практычна заўсёды бываюць лаўрэатамі. Сваім удзелам яны трымаюць высокую творчую планку і становяцца прыкладам для многіх іншых маладых людзей, якія выбралі музыку сваёй прафесіяй.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: