У кожнага з нас ёсць месца, куды хочацца перыядычна вяртацца. Гэта можна патлумачыць яго своеасаблівай магіяй, атмасферай і нават звычкай. У дачыненні да Віцебска для мяне гэта даўно пераплялося ў адно цэлае, а ліпень і “Славянскі базар” сталі амаль сінонімамі. Але кожны раз жаданне адчуць традыцыю, акунуцца ў знаёмае фестывальнае асяроддзе пераклікаюцца з чаканнямі чагосьці новага. Павінна сказаць - яны заўсёды апраўдваюцца. Калі глядзець на ўсё, што адбываецца не вачамі патрабавальных заўсёднікаў альбо журналістаў, якія штогод прыязджаюць на фестываль, а звычайных гледачоў, то самае галоўнае - “Славянскі базар” жыве сваім бурлівым, яркім, дынамічным жыццём. Яго любяць, да яго рыхтуюцца. Практычна ўсе канцэрты і спектаклі праходзяць з аншлагам! Асабіста мне ўсе фестывальныя праграмы даюць пазітыўны імпульс.
І ўсё ж пляцоўка Летняга амфітэатра – гэта тая і архітектурная, і музычная, і культурная дамінанта, без якой “Славянскі базар” немагчымы. Таму нават той, хто больш цікавіцца тэатральнай альбо, напрыклад, мастацкай ці якой-небудзь камернай праграмай усё роўна, хоць аднойчы, але пабывае ў Летнім амфітэатры. Без перабольшванняў – ён прыцягвае, як магніт. Асабліва ўвечары. Я неаднойчы заўважала, як людзі (тыя, хто не паспеў альбо не змог набыць квіткі) падыходзяць да гэтага ўжо гістарычнага месца і здалёк любуюцца дзівосным перапляценнем светлавой і гукавой гаммы, нібыта падпітваюцца энергіяй, якой прасякнута само паветра. Варта дадаць, што ўсе артысты, выходзячы на сцэну Летняга амфітэатра таксама адчуваюць асаблівы пад’ём.
Як вядома, легендарная пляцоўка пабудавана у 1988 годзе для фестывалю польскай песні. А калі ў 1992 годзе нарадзілася ідэя “Славянскага базару”, то галоўнай падзеяй стаў конкурс маладых выканаўцаў. Нягледзячы на цяперашнюю жанрававую разнастайнасць, цікавасць да яго па-ранейшаму захоўваецца, а з боку саміх канкурсантаў нават павялічваецца. Пераканаўчую перамогу сёлета атрымала беларуска Аня Трубяцкая. Яе харызматычнае, бездакорнае выступленне, асабліва ў другім туры, выклікала ў мяне асацыяцыі з трыўмфальным выступленнем у 2004 годзе Пятра Елфімава. Артысты сваёй энергетыкай, як кажуць, проста “парвалі” залу. Тое ж можна сказаць і пра юнага Елісея Касіча, які таксама заслужана стаў уладальнікам Гран-пры міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу. А сёлета спаборніцтва адбылося дваццаты раз. Важна, што ў юбілейны для дзіцячага конкурсу год на ім заснаваны прыз імя Ігара Лучанка. Першай ганаровай узнагароды была ўдастоена выканаўца з Егіпта Діяна Вахіба. Акрыленая поспехам, юная спявачка паабяцала, што абавязкова возьме ў свой рэпертуар песню нашага класіка.
Варта адзначыць, што сёлета ў стракатым фестывальным букете “Славянскага базару ў Віцебску” беларускі васілёк быў асабліва яркім і прыкметным. Маецца на ўвазе і колькасць нашых артыстаў у фестывальных праграмах, якая сёлета істотна павялічылася, і абодва Гран-пры на конкурсах, і Спецыяльная прэмія Прэзідэнта “Праз мастацтва да міру і ўзаемаразмення”. Яе ўдастоены народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, таму на Алеі зорак “Славянскага базара” была адкрыта імянная зорка. Гэта не толькі прыемна, але і важна, бо імёнамі знакамітых творцаў Алея занатоўвае, у тым ліку, і гісторыю нашай культуры. На жаль, з васемнаццаці зорак у гонар беларусаў пакуль што толькі чатыры, хаця многія прадстаўнікі айчыннай культуры вартыя такой высокай адзнакі за свой уклад у развіццё “Славянскага базара ў Віцебску”. І як сказаў у інтэрв’ю Анатоль Ярмоленка важна, каб прызнанне адбывалася пры жыцці.
У свой час уладальнікам зоркі стаў і народны артыст Беларусі, стваральнік і кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Міхаіл Фінберг. Ён быў адным з першых удзельнікаў “Славянскага базара” і шмат зрабіў дзеля яго станаўлення і развіцця. Сёлета ўпершыню свята прайшло без маэстра. Але вельмі важна і правільна, што імя Міхаіла Фінберга прагучала асобным радком у фестывальнай праграме. Сваё прысвячэнне майстру падрыхтавалі салісты аркестра. Абмяркоўваючы падзеі фестывальнага тыдня даводзіцца чуць зусім палярныя меркаванні.
Для тых, хто ўпершыню трапіў на свята, “Славянскі базар у Віцебску” афарбаваны толькі ў яркія радасныя колеры. Заўсёднікі дазваляюць сабе пабурчаць, маўляў, з кожным годам фестывальная палітра цмянее, дый склад артыстаў часцяком паўтараецца. Асабіста я падзяляю абедзьве думкі і абсалютна згодна, што самае галоўнае на “Славянскім базары ў Віцебску” – гэта, насамрэч, непаўторная атмасфера, якая сфарміравалася за 31 год і складаецца з такіх розных, здаецца, палярных колераў, якія хочацца бачыць зноў і зноў.
Сярод знакавых сёлетніх падзей – сольныя праграмы музыкантаў з сусветнымі імёнамі – знакамітага італьянца, майстра ігры на банданеоне Марыо Стэфана П’етрадаркі, джазмена Леаніда Пташкі, гітарыста Валерыя Дзідзюлі, славутага піяніста Дзмітрыя Мацуева.
За 31 год існавання “Славянскага базара ў Віцебску, здаецца, прайшло цэлае жыццё, паспела вырасці цэлае пакаленне, а сам фестываль, змяняючы свае формы, па сутнасці застаўся святам, якое ў першую чаргу радуе ўсіх сваім існаваннем, незалежна ад зместу. Для некаторых гэта нагода і пляцоўка для сустрэч, для іншых - спосаб баўлення часу, а для кагосьці – крыніца пазнання і адкрыццяў. Але самае галоўнае, што аб’ядноўвае ўсіх – ён дорыць радасць і жывыя эмоцыі.