Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Віктар Роўда. Хор як сэнс жыцця і лёс». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.11.2021
«Музычны дзённік. Віктар Роўда. Хор як сэнс жыцця і лёс». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Харавое выканальніцтва на Беларусі мае шматвекавую гісторыю, аднак сапраўдны яго росквіт, як прафесійнага мастацтва пачаўся ў другой палове ХХ стагоддзя. Безумоўна, найбольш яркая фігура ў гэтым працэсе – Віктар Уладзіміравіч Роўда. Выдатны харавы дырыжор, народны артыст СССР, педагог, прафесар Беларускай акадэміі музыкі, ён пайшоў з жыцця 18 лістапада 2007 года, практычна праз тыдзень пасля таго, як адзначыў свой 86-ты дзень нараджэння.

Сёлета споўнілася 100 гадоў, калі майстар з’явіўся на свет. Святкавані працягваюцца увесь месяц. Самы маштабны канцэрт у гонар Віктара Роўды адбудзецца 21 лістапада ў Вялікай зале філармоніі. У праграме «Хор як лёс» прымуць удзел студэнцкі хор Беларускай акадэміі музыкі і Акадэмічны хор Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі – калектывы, якім Віктар Уладзіміравіч прысвяціў сваё творчае жыццё. А яшчэ хор хлопчыкаў і юнакоў імя І.Жураўленкі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі, салісты Вялікага тэатра і Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр.

Безумоўна, немагчыма ў адной праграме – ці-то канцэртнай, ці-то эфірнай – расказаць пра маштаб асобы легендарнага майстра. Узгадаю толькі некалькі асноўных этапаў яго багатага, цікавага жыцця.

Віктар Уладзіміравіч Роўда нарадзіўся 10 лістапада 1921 года ў Смаргоні. Бацька быў свяшчэннікам, маці вяла хатнюю гаспадарку, у сям'і любілі музыку, таму ў дзяцінстве Віктар Роўда шмат слухаў і царкоўныя распевы, і народныя мелодыі.

У 1928 годзе паехаў вучыцца ў Віленскую духоўную семінарыю, дзе спяваў у хоры, быў салістам. Адным з выкладчыкаў Віктара Роўды ў семінарыі стаў вядомы кампазітар, аўтар цудоўных апрацовак народных песень Канстанцін Галкоўскі. Там жа Віктар Уладзіміравіч пазнаёміўся з вядомым фалькларыстам, дырыжорам Рыгорам Раманавічам Шырмам і нават употай наведваў яго хор віленскай прагрэсіўнай моладзі. Менавіта тады юнак і вырашыў стаць прафесійным музыкантам.

У 1945 годзе Віктар Роўда пачаў вучобу ў Вільнюскай кансерваторыі на дырыжорска-харавым і вакальным аддзяленнях, паралельна вывучаў медыцыну ва ўніверсітэце па спецыяльнасці хірург. Нягледзячы на занятасць і актыўны рытм жыцця, ён ніколі не прапускаў харавы клас і ўрокі па дырыжыраванні ў прафесара Кондраса Кавецкаса. Здавалася, усё складвалася выдатна, але на чацвёртым курсе Віктара адлічылі з кансерваторыі за кіраванне царкоўным хорам. Аднак, праз год ён вярнуўся і ў 1951 годзе бліскуча завяршыў вучобу.

Затым была аспірантура пры Маскоўскай кансерваторыі ў выдатнага харавога дырыжора Аляксандра Васільевіча Свешнікава. Пад яго кіраўніцтвам Віктар Роўда ўдасканальваў майстэрства хормайстра, узначальваў хор хлопчыкаў Маскоўскага харавога вучылішча, быў адным з хормайстраў Дзяржаўнага акадэмічнага рускага хора. Непераўзыдзены інтэрпрэтатар народных песень Аляксандр Васільевіч Свешнікаў многа дапамагаў свайму вучню, таму ў Віктара Роўды назаўсёды засталося глыбокае пачуццё павагі і ўдзячнасці да свайго настаўніка, які здолеў разгледзець у ім вялікага музыканта і таленавітага дырыжора.

Лічыцца, што сваю творчую дзейнасць Віктар Уладзіміравіч пачаў у 1956 годзе. Ён вярнуўся ў Беларусь, працаваў хормайстрам Беларускай акадэмічнай харавой капэлы, выкладаў у кансерваторыі, у 1964 годзе стаў загадчыкам кафедры харавога дырыжыравання, а ў 1965-м – галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком хору Беларускага радыё і тэлебачання.

Менавіта з імем маэстра звязаны галоўныя творчыя дасягненні калектыву, шматлікія ўзнагароды. Сярод іх – Гран-пры на міжнародным фестывалі харавой песні ў Мендзыздрое ў Польшчы, Гран-пры на фестывалі духоўнай музыкі ў Гайнаўцы, прыз на Першым міжнародным фестывалі духоўнай музыкі ў Мінску...

На творчым рахунку калектыва гастролі ў розных краінах свету: Італія, Польшча, Ватыкан, Германія, Славенія, Расія...

Віктар Уладзіміравіч Роўда выхаваў шмат таленавітых хормайстраў, склаў харавыя зборнікі, хрэстаматыі па дырыжыраванні, запісаў у фонды радыё і тэлебачання больш за дзве тысячы твораў беларускіх кампазітараў, замежнай і рускай харавой класікі, народных песень. Маэстра не абмяжоўваўся толькі творчай і педагагічнай работай, цікавіўся музычным выхаваннем дзяцей і моладзі, станам харавой самадзейнасці… Сотні яго вучняў кіруюць царкоўнымі і прафесійнымі калектывамі, спяваюць, выкладаюць музыку і спевы дзецям. Віктар Уладзіміравіч працаваў старшынёй журы разнастайных аглядаў і конкурсаў, ладзіў адкрытыя канцэрты хору Белтэлерадыёкампаніі.

За выдатныя заслугі ён атрымаў шмат узнагарод. Сярод іх – ордэн Францыска Скарыны, ордэны Марыі Магдаліны, Князя Уладзіміра, Прападобнага Сяргея Раданежскага, святога Данііла Маскоўскага I, II і III ступеняў. Віктар Уладзіміравіч стаў першым лаурэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» у галіне музыкі.

Сам маэстра неяк сказаў: «Кожны чалавек у адказе перад Богам, перад самім сабой, перад грамадствам, і ён павінен хаця б час ад часу задавацца пытаннем: хто я на гэтай зямлі, што раблю, чым напоўнена мая душа».

У працяг застаецца толькі паўтарыць распаўсюджанае меркаванне, з якім аднадушна пагаджаюцца ўсе, хто мае дачыненне да музыкі: Віктар Уладзіміравіч Роўда служыў усім сэрцам харавому мастацтву і бачыў у гэтым сэнс жыцця.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: