Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі завяршыў свой 88 творчы сезон прэм’ерай оперы У. Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха” ў пастаноўцы рэжысёра Ганны Маторнай. Гэта стала не проста падзеяй, а грандыёзнай падзеяй для нас, гледачоў, самога тэатра, а галоўнае – для беларускай культуры. Прэм’еру новай рэдакцыі оперы многія з нас чакалі з асаблівымі пачуццямі, бо гэта цалкам наш твор, народжаны на нашай зямлі, нашымі аўтарамі.
Безумоўна, чаканні звязаны і з тым, што мы выдатна ведаем літаратурную першакрыніцу. Апрача гэтага, многія памятаюць першую пастаноўку 1989 года, ведаюць пра трыумфальныя спектаклі ў Маскве на сцэне Вялікага тэатра, а яшчэ паказ у фармайце Open Air у Траецкім прадмесці ў Мінску. Тое, што пастаноўка вытрымала 22 сезоны, сведчыць пра жывы інтарэс гледачоў і да спектакля, і да самой тэмы. Таму яго другое нараджэнне – лагічная і непазбежная з’ява, прадыктаваная самім часам. Найперш хочацца падкрэсліць, што лепшыя чаканні апраўдаліся. Нарадзіўся новы спектакль – яркі, таленавіты, смелы, дакладны ў дэталях, у супадзені музыкі, дзеяння, драматургіі, а галоўнае – эмоцый! Бо, як вядома, эмоцыі – вяршыня ў мастацтве.
“Музыка павінна высякаць агонь у душы чалавека”, – сказаў некалі славуты Бетховен. І гэта ў поўнай меры можна аднесці да оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” – і да музыкі, і да самой пастаноўкі. Спектакль, насамрэч, высякае агонь у людскіх сэрцах. Ва ўсякім разе, што тычыцца мяне, то гэта абсалютна дакладна. Некаторыя моманты праціналі да слёз. Таму што ўсё супала: геніяльная музыка, захапляльны, цікавы, глыбокі сюжэт, яркая дынамічная пастаноўка і выдатнае натхнёнае выкананне. Таму спектакль па праве стаў вялікай радасцю для ўсіх. Гэта яскрава адчувалася ў фінале, калі публіка доўга не адпускала артыстаў са сцэны, купала ў сваіх авацыях. І абсалютна заслужана! Чаго варты аркестр на чале з дырыжорам-пастаноўшчыкам Андрэем Івановым! Калектыў уразіў бездакорным гучаннем. Усё было настолькі дакладна і пераканаўча, што часам сэрца замірала не толькі ад пранікнёнасці, абсалютнага пагружэння ў музыку, але і ад страху.
Сваю лепту ў гукавы каларыт і агульную атмасферу ўнеслі аўтэнтычныя інструменты – сурмы, якія спецыяльна для спектакля зрабіў майстар Алесь Лось. Яны выкарыстоўваюцца разам з інструментамі майстра Уладзіміра Пузыні, якія захаваліся з першай пастаноўкі. Гэта, дарэчы, сведчыць пра тое, як важна беражліва ставіцца да ўсіх здабыткаў, у тым ліку мастацкіх.
Пастановачная група спектакля зрабіла вялікую гістарычную справу, апрача ўсяго і тым, што аднавіла страчаную партытуру оперы Уладзіміра Солтана. А яшчэ пастаноўшчыкі выкарысталі ўвесь музычны матэрыял, напісаны кампазітарам, дадалі фрагменты, што не ўвайшлі ў першую прэм’еру ў 1989 годзе. У выніку новы спектакль узбагаціўся эпізодамі, якія раней не гучалі. Гэта было зроблена ў тым ліку і для таго, каб захаваць у гісторыі аўтарскую задуму кампазітара і данесці яе як мага больш поўна да публікі. А гэта справа ўсіх – і стваральнікаў, і ўдзельнікаў пастаноўкі.
Варта асобна сказаць пра хор, які ў “Дзікім паляванні” не толькі выдатна спяваў, але і праявіў цуды харэаграфіі. У многім дзякуючы калектыву і хормайстру-пастаноўшчыку Ніне Ламановіч спектакль атрымаўся жывы, рухомы, напоўнены дынамікай. Калі хор і аркестр – нязменныя ўдзельнікі спектакля, то салістаў у “Дзікім паляванні” тры саставы. І ў гэтым свая іскрынка. Я паглядзела два спектаклі і яны пры захаванні агульнай канцэпцыі, атмасферы, не паўтарыліся, заззялі рознымі мастацкімі колерамі. Бо кожны саліст прыўносіць у выкананне сваё я, свой характар, стаўленне да вобраза, і сваё, непаўторнае адчуванне. Так. Оперны спектакль – гэта плён сур’ёзнай калектыўнай працы. Але вянчае ўсё работа рэжысёра-пастаноўшчыка.
Адчувалася, што Ганна Маторная пражыла кожны гук, кожнае слова, кожны колер і нюанс твора, напоўніла сваімі адносінамі, эмоцыямі, думкамі, а галоўнае – душой! Яна дала нам магчымасць па-свойму паразважаць разам пра любоў да роднай зямлі, гісторыі, да сваіх каранёў, зазірнуць у глыбіні чалавечай душы, дзе ёсць месца любові, каханню, гонару, высакародству і, адначасова жорсткасці, здрадзе, сквапнасці… І прывяла нас да знакамітых радкоў таго ж Караткевіча: “Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой”. Усё залежыць ад таго, які шлях выбірае.