Гартаючы старонкі свайго жыцця, міжволі ўсведамляю, што праца на Беларускім радыё падарыла мне сустрэчы са многімі цікавымі асобамі. Яны здзіўляюць, захапляюць, радуюць сваёй творчасцю. Больш за тое, стасункі з імі – гэта своеасаблівы майстар-клас адносін да жыцця, прафесіі... На жаль, некаторых ужо няма на гэтай зямлі, а ўспаміны пра іх выклікаюць цёплую ўсмешку і светлую журбу.
У сваіх думках я не адзінокая. Пераконваюць у гэтым тыя ж водгукі ў сацыяльным сеціве на афішу Якава Навуменкі, якую з нагоды дня нараджэння артыста 28 сакавіка размясціў мастацкі кіраўнік ансамбля народнай музыкі «Свята» Вячаслаў Статкевіч. І дзякуй вялікі яму за тое, што нагадаў і абудзіў жаданне ўспомніць сардэчнымі і добрымі словамі гэтага цудоўнага шчырага чалавека: «сапраўды народны артыст... вельмі прыгожы і сонечны… светлы, адкрыты, разумны… цудоўны чалавек з чыстай душой… ён ствараў цёплы святочны настрой…» Гэта толькі некалькі красамоўных водгукаў. Мне хочацца падпісацца пад кожным словам, бо я таксама ведала Якава Навуменку і як артыста, і як чалавека.
Мы пазнаёміліся у 1997 годзе, бачыліся апошні раз у ліпені 2012-га, за месяц да трагедыі. Ён быў такі прыгожы, аптымістычны, дужы, напоўнены марамі, планамі!.. Здавалася, артыст уступіў у пару сапраўднага творчага, фізічнага, эмацыянальнага росквіту! Напэўна, так і было. Але, на жаль, палёту было наканавана перарвацца на самым піку. Можна толькі меркаваць, колькі яшчэ ён мог зрабіць, напісаць, праспяваць!..
Але ж і ўдалося нямала. Публіка любіла Якава Навуменку і за рэпертуар, і за прыгожы голас, адметны тэмбр, фактуру, пазітыўную энергію, шчырасць… І за штосьці няўлоўнае, дзякуючы чаму на канцэртах заўсёды быў, як кажуць, добры зал. З першых хвілін спявак умеў зрабіць яго ўсмешлівым, цёплым, камфортным, так бы мовіць, сваім. Ахвотна і з гумарам адказваў на пытанні публікі, заахвочваў пісаць запіскі… Гэта пераўтварала канцэртную праграму ў лёгкі даверлівы дыялог, які заўсёды завяршаўся і гарачымі апладысментамі, і словамі ўдзячнасці, абмеркаваннямі, абменам эмоцыямі… А гэта магчыма толькі тады, калі чалавек займаецца сваёй справай і аддае ёй усю сваю існасць.
Пачынаў артыст свой прафесійны шлях з народнай песні, а ў фінале жыцця прыйшоў да рамансавай лірыкі. За гады сваёй дзейнасці выканаў столькі твораў, што хапіла б на канцэртныя жыцці некалькіх артыстаў. Дзіўна, але ў музыку Якаў Навуменка прыйшоў не адразу, хаця і займаўся ёй з дзяцінства. Спачатку выбраў больш надзейную прафесію інжынера, паступіў у прыборабудаўнічы інстытут… І ўсё ж любоў да песні аказалася мацнейшай. Яна прывяла Якава Навуменку ў Мінскае музычнае вучылішча, потым у ансамбль «Свята», народны хор імя Генадзя Цітовіча.
У канцы 80-х гадоў ён стаў лаўрэатам песеннага конкурсу Усесаюзнага радыё «Новыя імёны» у Маскве. Перамога сур’ёзна паўплывала на творчы лёс, дала магчымасць прадоўжыць адукацыю ў Маскоўскім музычна-педагагічным інстытуце імя Гнесіных. Асобная старонка ў творчай біяграфіі Якава Навуменкі – ансамбль народнай музыкі «Бяседа». Ён удзельнічаў і ў яго стварэнні, і ў станаўленні, і ў развіцці. Потым былі Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі (цяпер Нацыянальны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі), Нацыянальны акадэмічны аркестр народных інструментаў імя І.Жыновіча, а яшчэ група «Карусель», з якой артыст шмат выступаў па Беларусі.
Усё гэта толькі падкрэслівае, што па жыцці яго вяла нястрымная прага новага. Так узнік тэлепраект «Нашы песні», прысвечаны лепшым узорам нацыянальнай спадчыны. Звярнуцца да гэтай тэмы Якава Навуменку натхніла любоў да «залатых песень» мінулага. Іх ён лічыў глыбокімі, чыстымі, змястоўнымі, таму пастаянна ўключаў у рэпертуар. Сваю ідэю хацеў прадоўжыць у інтэрнэт-прасторы. Старонкай «Беларуская музычная спадчына» зрабіў першыя крокі да рэалізацыі, але лёс распарадзіўся інакш...
Думаючы пра гэта, чарговы раз усведамляеш, што вялікае бачыцца на адлегласці. Здараецца, толькі тады, калі людзі адыходзяць у іншы свет, мы пачынаем больш востра разумець іх месца і значнасць у нашым жыцці, адчуваць і цаніць іх святло. Якаў Навуменка быў з тых, хто яго выпраменьваў.
Ён лічыў сябе шчаслівым чалавекам. І не толькі таму, што меў сям’ю, каханне, любімую работу, магчымасць рэалізацыі, але і таму, што горача любіў сваю зямлю, свой народ. І заўсёды, выходзячы на сцэну, шчыра імкнуўся дарыць яму радасць.