Падзяліцца:
«Музычны дзённік. Жыве яго музыка, чыстая і светлая, як сам беларускі народ». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.12.2020
«Музычны дзённік. Жыве яго музыка, чыстая і светлая, як сам беларускі народ». Радыёблог Таццяны Якушавай (аўдыё)

Набліжаецца фінал года, час падсумоўвання, асэнсавання і ўсведамлення чагосьці найбольш важнага, цікавага, значнага…

У гэтым сэнсе мяне прывабліваюць некаторыя даты. Адзін з апошніх дзён восені 26 лістапада аб’яднаў пад сваім крылом дзвюх выдатных асоб – выбітных, розных, магутных і непаўторных… Пісьменнік Уладзімір Караткевіч і кампазітар Юрый Семяняка – волаты беларускага мастацтва. Кожны ўпісаў сваю непаўторную старонку ў гісторыю нашай краіны.

Яны амаль равеснікі – Семяняка на пяць гадоў старэйшы, але іх творчыя траекторыі не перасякаліся. І ўсё ж ёсць тое, што іх аб’ядноўвае – маштаб таленту, патрыятызм, рамантызм, глыбінная беларускасць… А яшчэ, напэўна, узаемная павага. Бо Караткевіч неяк пісаў: «Зорку Венеру» Юрыя Семянякі ў пастаноўцы нашага тэатра оперы і балета глядзеў аж два разы… Перакананы, што гэта пачатак чагосьці вельмі цікавага ў беларускім оперным мастацтве. Выключна ўдалая работа … Лічу, што пяток такіх спектакляў — і тэатр будзе мець свой нацыянальны рэпертуар».

Так, неўзабаве ў гэтую важную справу яго фарміравання і развіцця зрабіў свой уклад і сам пісьменнік. Бо ў 1978 годзе рэпертуар Вялікага тэатра папоўніўся «Сівой легендай» Дзмітрыя Смольскага – операй, да якой Караткевіч сам напісаў лібрэта. Хто ведае, калі б пісьменнік цікавіўся песенным жанрам, магчыма, гісторыя захавала б многа яркіх узораў…. Але лёс распарадзіўся інакш.

Уладзімір Караткевіч стаў для нас сімвалам абуджэння гістарычнай памяці. А яго сучаснік Юрый Семяняка – сімвалам беларускай лірычнай песні. Магчыма, на гэта паўплывала тое, што пачынаў сваю прафесіную дзейнасць кампазітар канцэртмайстрам у Беларускім ансамблі песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. Зараз гэта Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла, якая носіць імя свайго стваральніка. Там ён наталіў душу народнай песняй, напісаў свае першыя мелодыі. Яшчэ ў пачатку кампазітарскай кар’еры Юрый Семяняка строга, патрабавальна і беражліва ставіўся да тэкстаў, звяртаўся да вершаў прафесійных паэтаў і класічнай паэзіі.

Прыгожае ўвасабленне ў мелодыях Юрыя Семянякі набылі вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Адама Русака, Уладзіміра Карызны – нашага сучасніка, які заўсёды з асаблівай цеплынёй успамінае кампазітара. Паводле слоў Уладзіміра Іванавіча, яны пазнаёміліся вясной. Тады паўсюль гучала песня «Ты мне вясною прыснілася» на верш Міхася Шушкевіча. І калі яны ўпершыню сустрэліся ў музычнай рэдакцыі радыё, Уладзімір Карызна падсвядома здзівіўся, як жа кампазітар падобны на свой твор – узнёслы, салаўіны, у чымсьці нават нечаканы…

А іх першая сумесная песня «Люблю цябе, Белая Русь», якая зараз ужо класіка нацыянальнай культуры, для паэта таксама сталася ў пэўным сэнсе нечаканай, але шчаслівай. Бо пасля гэтага было яшчэ некалькі дзясяткаў сумесных твораў, у тым ліку і дзіцячых. Яны канчаткова з’ядналі душы кампазітара і паэта. Магчыма, у тым ліку і таму, што і Юрый Семяняка, і Уладзімір Карызна ў сваёй творчасці ішлі ад каранёў – зямлі, крыніц, рэк, азёр, ад самога народа. Для абодвух песня – вобраз радзімы, калыска нацыі. Паводле ўспамінаў Уладзіміра Карызны, яны пісалі ад сэрца – як думалі і адчувалі, і былі шчаслівыя тым, што іх песні патрэбныя людзям. Па сённяшні дзень Уладзімір Іванавіч Карызна лічыць Юрыя Семяняку сваім галоўным сааўтарам. Таму радкі прысвячэння, якія паэт напісаў многа гадоў таму і зараз гучаць пранізліва, шчыра:

Твае песні – як птушкі, што прыносяць вясну
З неба зімняга, з пушчы, з трывожнага сну
Яны больш супакояць, дораць высі свае
Штосьці ёсць у іх такое, чаго нам не стае
Ад зласлівых, старонніх, несумленных людзей
Твае песні бароняць, дарагі Чарадзей.

Хочацца дадаць, што яны бароняць сваёй цеплынёй, глыбінёй, задушэўнасцю. Кампазітар лічыў, што «па прыродзе сваёй музыка – шчыры голас сэрца» і пацвярджаў гэта сваёй творчасцю. Агульнапрызнана, што Юрыю Семяняку ўдалося знайсці сваё, ні на кога не падобнае ўвасабленне патрыятычнай тэмы – лірычнае. Многія лічаць, што адна з галоўных мастацкіх заваёў Юрыя Семянякі – тое, што яму ледзьве не першаму з беларускіх кампазітараў удалося стварыць плаўнія, гібкія, разгорнутыя мелодыі. Дакладна адно – яны насамрэч непаўторныя і выразныя.

Творчасць Юрыя Уладзіміравіча не абмяжоўвалася песняй. Ён пісаў у розных жанрах, пераважна вакальных: опера, музычная камедыя, кантата, харавая музыка… Паспяхова спалучаў творчую дзейнасць з грамадскай. З 1973 па 1980 год быў старшынёй Саюза кампазітараў Беларусі. Шмат зрабіў для заснавання ў Мінску тэатра музычнай камедыі. Спецыяльна напісаў аперэту «Спявае жаваранак», якой у студзені 1971 года і адкрыўся першы тэатральны сезон. Юрый Семяняка пайшоў з жыцця ў 1990-ым, але жыве яго музыка, такая ж чыстая і светлая, як сам беларускі народ.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: