Падзяліцца:
«Музыка – мова душы. Звычайныя гісторыі» - Радыёблог Валянціы Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 01.10.2021
«Музыка – мова душы. Звычайныя гісторыі» - Радыёблог Валянціы Стэльмах

Сёння – Міжнародны дзень музыкі. З захапленнем прачытала аб тым, што музыка – гэта мова душы і «універсальная мова чалавецтва», аб тым, што яна дае адчуванне шчасця, дорыць чалавеку крылы, натхняе, злучае адно аднаго і нават цэлыя народы. І што, наогул, без музыкі жыццё было б памылкай! А яшчэ пераканалася – распавядаць пра тое, што ёсць музыка ў нашым жыцці, вельмі і вельмі няпростая гісторыя, бо немагчыма абняць неабдымнае. 

«Гэта тое спрадвечнае, што прыходзіць да нас з калыханкамі маці, што жывіць душу і трымае яе ў гармоніі. І нават, калі слухаеш, скажам, самотна-тужлівую мелодыю знакамітага паланэза Міхала Клеафаса Агінскага, твая душа настроена ўспрымаць прыгожае і станоўчае», – дзеліцца з намі доктар гістарычных навук, аўтар кнігі «Вёска Рубель на Століншчыне: гісторыка-краязнаўчы нарыс» Аляксандр Вабішчэвіч. Што да музыкі яго малой радзімы, там здаўна любяць шчымлівыя і раздольныя напевы са сваім непаўторным палескім каларытам.

Музыка – асаблівы свет. Загадкавы, незвычайны, чароўны. Ён, як ні дзіўна, пабудаваны па матэматычных прынцыпах, падпарадкоўваецца нават законам фізікі. Само слова прыйшло да нас са старажытнай Грэцыі, хаця сярод розных муз грэчаскай міфалогіі не было той, якая б апекавала мастацтва гуку.

Ці здольная музыка зрабіць нас шчаслівымі? На гэтае пытанне я папрасіла адказаць слухачоў і ўдзельнікаў радыёпраграмы «Галерэя». Аказваецца, далёка не ўсе пагадзіліся з такой цудадзейнай магіяй музыкі. «Проста часта тая ці іншая мелодыя, песня звязана з якой-небудзь падзеяй у жыцці, і гэта можа выклікаць настальгічныя ўспаміны, адчуванне  радасці і шчасця. Музыка – гэта шлях да сябе, да свайго ўнутраннага свету», – расказвае вядомы даследчык музычных інструментаў, аўтар манаграфіі «Беларуская дуда ў канцэпцыі ўсходне-еўрапейскай традыцыі» Аляксандр Сурба. Гадоў дзесяць таму ён зацікавіўся адраджэннем вытворчасці скрыпак. Стварыў аўтэнтычныя дуды. У свой час нават падарыў іх музеям у Вялікабрытаніі, Германіі, Славакіі. Майстар прытрымліваўся спецыфічнай тэхналогіі яшчэ крэмонскай школы, той самай, якую праславілі Гварнеры, Страдывары, Амаці. Найцікавейшая гісторыя! Мы дамовіліся, сваім незвычайным захапленнем, расповедамі пра дуду ды іншыя музычныя інструменты Аляксандр Віктаравіч падзеліцца ў бліжэйшых выпусках праграмы «Галерэя».

Народны майстар Беларусі  Алена Гурэцкая ўвасобіла ў сваіх мастацкіх вырабах (яна займаецца лозапляценнем) вобразы беларускіх жанчын, якім прысвечаны такія вядомыя песні як «Ліцвінка», «Ганна-Ганулька», «Станіслава», «Алеся», «Яніна» ды іншыя. Знакамітыя «Песняры» натхняюць яе на стварэнне высокамастацкіх твораў, у якіх адчуваецца яе любоў і адданасць роднай зямлі. Гэта нібыта прасочваецца праз кожны пруточак, кожную лазінку. Як тут не ўзгадаць словы Уладзіміра Мулявіна: «Самае патаемнае для нас – гэта пакінуць народную душу ў любой песні».

Музыка здольная на многае. Яшчэ ў 19 стагоддзі з’явілася такая навуковая дысцыпліна, як музычная псіхалогія. Гэта не толькі веды з галіны   музычных паняццяў, але і іх уплыў на псіхіку чалавека. Вучоныя даказалі, што асобныя кампазіцыі Вівальдзі, Бетховена, Брамса, Шуберта, Дэбюсі, Моцарта могуць пазбавіць ад страху і трывогі, выклікаюць адчуванне заспакоенасці і бяспекі. Творы гэтых ды іншых кампазітараў-класікаў выкарыстоўваюцца ў музыкатэрапіі.

Аказваецца, у Японіі ёсць «музычныя» дарогі! Паабапал трасы вырыты барозны рознай глыбіні, размешчаныя на адлегласці адна ад другой. Вібрацыя ад калёс аўтамашын, якія праязджаюць па гэтай дарозе, перадаецца ў салон і ператвараецца ў мелодыю. Нечым падобным можам пахваліцца, напэўна, і мы. У гістарычным цэнтры Мінска, у Верхнім горадзе, гадоў пяць таму з’явілася музычная лавачка, на якой можна прысесці, адпачыць, паслухаць класічную музыку. Той жа паланэз Агінскага, пра які мы ўзгадвалі на самым пачатку.

Нядаўна я пазнаёмілася з жыхаром горада Бярозаўка Лідскага раёна Францам Іосіфавічам Эйгердам. Родам ён з вёскі Эйгерды. Якое сугучча і супадзенне! У свой час скончыў курсы калгасных баяністаў, нотную грамату завочна спасцігаў ва ўніверсітэце мастацтваў пры Цэнтральным Доме народнай творчасці ў Маскве. Працаваў загадчыкам клуба, настаўнікам музыкі ў школе вёскі Бакшты Іўеўскага раёна. І толькі аднойчы жыццёвыя абставіны прымусілі яго пайсці працаваць на шклозавод «Нёман». Францу Іосіфавічу ідзе 85-ты год. Ён па-ранейшаму любіць вандраваць, не баіцца нечаканасцей і цяжкасцей у дарозе, не развітваецца з музыкай, якую палюбіў з малых гадоў. Можа да слёз расчуліцца ад той ці іншай песні, а яшчэ, калі ўзгадвае пра сваю жонку, бацькоў і пра вайну. Пра музыку (і не толькі) з Францам Эйгердам – у праграме «Галерэя», заўтра, у 9:05.

«А яшчэ ёсць... музыка дажджу і восені!..», – заўважае адна наша слухачка. І распавядае пра тое, што музыка прыносіць асалоду і нават шчасце, калі яна дасканалая, і калі душа настроена пачуць гэтую музыку.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: