На пачатак сённяшняй размовы прывяду малавядомы гістарычны факт. Восенню 1973 года лідар савецкага дысідэнцкага руху акадэмік Андрэй Сахараў напісаў «Адкрыты ліст Кангрэсу ЗША», які з’явіўся ў газеце «Вашынгтон пост». У ім была акрэслена падтрымка ідэі ўводу амерыканскіх эканамічных санкцый супраць Савецкага Саюза ў адказ на абмежаванне эміграцыі з СССР. Мелася на ўвазе знакамітая папраўка Джэксана-Вэніка. Тэма гэта страціла сваю актуальнасць у 1987 годзе, але дзеянне папраўкі ў дачыненні да Расіі было спынена толькі ў 2012 годзе. І, адмяніўшы яе, амерыканскі Кангрэс адразу ж зноў увёў санкцыі супраць Расіі – ужо ў рамках так званага «закона Магніцкага».
На жаль, у палітычнага рамантыка акадэміка Сахарава былі і ёсць паслядоўнікі. І стаўку на замежную «дапамогу» ў розныя часы рабілі і робяць больш дасведчаныя палітычныя гульцы у той жа Расіі. У Грузіі, напрыклад, апазіцыйны «Адзіны нацыянальны рух» патрабаваў ад Захаду санкцый у адносінах да сваёй улады. А часам і сама ўлада, як офіс кіраўніка нашай паўднёвай суседкі, вітаў уведзеныя ЗША санкцыі супраць землякоў-бізнесменаў, сваіх апанентаў.
Не адстаюць і беларускія апазіцыянеры. То скардзяцца сваім заходнім гаспадарам на выдуманыя парушэнні на выбарах і кленчаць грошы на падтрымку так званых незалежных СМІ і розных дэструктыўных НКА, то заклікаюць да персанальных санкцый і складаюць спісы на візавыя і іншыя абмежаванні для чыноўнікаў і службовых асоб. А то выступаюць, як зараз, аўтарамі сектаральных санкцый. Апошнія ініцыятывы самыя цынічныя. Бо скіраваны на разбурэнне эканомікі і пагаршэнне жыцця простых беларусаў. На жаль, урокі гісторыі – прыклад Украіны, Малдовы, Літвы, Румыніі, Балгарыі – палітычныя авантурысты не засвоілі.
І што абурае: пакуль адны збеглыя апазіцынеры баражыруюць зараз па Еўропе і ЗША з заклікамі да ўзмацнення санкцыйнага ціску на Беларусь, то іншыя не задаволены мяккасцю ўжо прынятых, маўляў, без лабістаў не абышлося, засталіся пралазы для далейшага экспарту беларускай прадукцыі. А тутэйшыя эканамісты-лібералы наогул ахарактарызавалі апошні пакет санкцый ЕС як «нейкае рэшата», «поўнае падводных камянёў», бо маюць пралангацыю па часе і наогул, «дыскрэдытуюць само паняцце санкцый».
Пра такія агідныя паводзіны выдатна выказалася прафесар Маскоўскага інстытута міжнародных адносін Алена Панамарова: «Беларуская апазіцыя, як і іх куратары, ніколі не думала і не будзе думаць пра дабрабыт насельніцтва краіны, інтарэсамі якой яны прыкрываюцца. Яны імкнуцца да ўлады, да ўплыву, да распільвання актываў і краіны. Мы гэта выдатна бачым на прыкладзе Украіны… Таму беларускай апазіцыі нельга ні на грош верыць. Гэта людзі, якія працуюць на шкоду сваёй краіны, а не на яе карысць».
А беларускі навуковец Мікалай Шчокін канкрэтызаваў: «Хто на каленях вымольвае ў Захаду санкцыі – ужо не апазіцыя, а пятая калона». Нагадаю, што пад палітычным тэрмінам «пятая калона» разумеюцца грамадзяне, якія дзейнічаюць супраць улады сваёй краіны ў інтарэсах трэціх дзяржаў. А па сутнасць – гэта здраднікі, якія свае палітычныя амбіцыі ставяць вышэй за інтарэсы большасці сваіх суайчыннікаў. Яны забыліся, што ў генетычнай памяці беларусаў катэгарычна непрымальна любое ўмяшанне замежнікаў у нашы ўнутраныя справы. Так было раней, так адбываецца і зараз.
Супраць дыскрымінацыйнай санкцыйнай палітыкі Захаду ў адносінах да Беларусі выказаліся беларускія парламентарыі, грамадскія арганізацыі, працоўныя калектывы. Пляцоўкай, якая аб’ядноўвае такіх нераўнадушных людзей, гатовых адстойваць сваю пазіцыю і правы, стала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. На інтэрнет-партале нацыянальнага прафцэнтра сабраны тысячы зваротаў. І больш за 5 тысяч думак людзей аб’ядналі ў больш чым 30-гадзінны эмацыянальны ролік, які кранае сваёй праўдзівасцю, шчырасцю і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Яго днямі накіравалі палітыкам краін Еўрасаюза. Як і адправілі ў студзені больш за мільён 130 тысяч подпісаў працоўных супраць санкцый. На жаль, на гэты салідарны і калектыўны запыт адказу пакуль няма.
А вось меркаванні большасці беларусаў – адкрытыя, зразумелыя і выразныя. Застаецца толькі, каб наша так званая апазіцыя прыслухалася да іх і вывучыла ў сваіх куратараў адзіны правільны урок, які дэманструюць амерыканцы – «нулявая цярпімасць» да любых спроб замежнікаў ўмяшацца ва ўнутраную палітыку іх краіны. Такія спробы – абсалютнае табу ў ЗША. Так павінна стаць і ў Беларусі.
Я так думаю. А вы?