Падзяліцца:
«Наш выбар – дэмакратычны! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.09.2023
«Наш выбар – дэмакратычны! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч

Думаю, усе ведаюць, што азначае слова дэмакратыя, якое паходзіць ад двух старажытнагрэчаскіх слоў «народ» і «улада», і традыцыйна перакладаецца як «улада народа». Гэта такі палітычны лад дзяржавы, пры якім народ ажыццяўляе заканадаўчыя і выканаўчыя функцыі непасрэдна (лічыцца – прамая дэмакратыя) або праз сваіх прадстаўнікоў (прадстаўнічая дэмакратыя).

Сучаснае грамадства адносіць дэмакратыю да ўніверсальных каштоўнасцей і прынцыпаў, яна – адзін з базавых элементаў гарантавання міру, устойлівага развіцця і правоў чалавека. Нездарма Генеральнай асамблеяй ААН абвешчаны Міжнародны дзень дэмакратыі, які адзначаецца 15 верасня.

Рэспубліка Беларусь унітарнае дэмакратычнае сацыяльнае прававое грамадства. Так пазначана ў нашай Канстытуцыі, і яе 3 артыкул сведчыць, што адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу праз прадстаўнікоў і іншыя органы і формы ў межах, вызначаных Канстытуцыяй. А дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы, а таксама разнастайнасцю палітычных інстытутаў і меркаванняў – гэта ўжо 4 артыкул Асноўнага закона.

Усё так і ёсць на самой справе. Якраз на такіх агульнапрынятых дэмакратычных прынцыпах мы будуем сваю дзяржаву і ўласнае жыццё. Менавіта грамадзяне Беларусі фарміруюць заканадаўчыя органы ўлады, выбіраюць кіраўніка дзяржавы – Прэзідэнта, па важных пытаннях грамадскага жыцця выказваюць свае меркаванні на рэферэндумах. Прычым, непахісна рэалізуецца адзін з асноўных прынцыпаў дэмакратыі – выбарнасць асноўных органаў улады ажыццяўляецца на аснове ўсенароднага, прамога, роўнага выбарчага права пры тайным галасаванні.

Але чаму ўжо колькі гадоў заходнія краіны папракаюць нас адсутнасцю дэмакратыі, імкнуцца навязаць нейкія выдуманыя стандарты, а розныя міжнародныя інстытуты і арганізацыі не прызнаюць вынікі нашых выбараў? У той жа час у «калысцы дэмакратыі» – ЗША – выбары прэзідэнта не прамыя. Пераможца вызначаецца калегіяй выбаршчыкаў. І такая заблытаная сістэма 5 разоў прыводзіла да ўлады таго кандыдата, за якога прагаласавала меншая колькасць выбаршчыкаў краіны.

Тут да месца ўзгадаць выказванне іспанскага філосафа Хасэ Артэгі-і-Гасэта: «Лёс дэмакратыі пры любой яе форме і развітасці залежыць ад дробнай тэхнічнай дэталі – працэдуры выбараў. Астатняе другараднае». Вось гэта дробязь і выклікае бясконцыя скандалы сярод амерыканскага істэблішмента і гучныя судовыя разборы. Дарэчы, брытанскі прэм’ер-міністр Рышы Сунак наогул заняў сваё крэсла без барацьбы, бо яго сапернікі знялі свае кандыдатуры. І ён нават не прайшоў праз трыдыцыйную працэдуру галасавання сярод усіх членаў партыі. Мабыць, у англасаксаў свая дэмакратыя.

Такія і шматлікія іншыя відавочныя парушэнні выбарчага заканадаўства ў заходніх краінах заўзятых прыхільнікаў дэмакратыі не бянтэжаць. А вось скласці брудную паперу ў адрас Беларусі – калі ласка. Сумнавядомы «садоўнік» Жазэп Барэль і яго калегі па Еўрасаюзе ніяк не могуць пагадзіцца з выбарам беларускага народа ў 2020 годзе. У чарговай заяве зноў гучаць ілжывыя абвінавачванні і крывадушны клопат пра нашых грамадзян. А следам – новы пакет санкцый, як супраць асобных галін краіны, так і некаторых грамадзян, якім не толькі забараняецца ўезд у ЕС, але нават транзіт праз яго тэрыторыю. А тое, што такія неабгрунтаваныя крокі груба парушаюць сацыяльныя і эканамічныя правы беларусаў, Брусель не трывожыць. Яго чыноўнікі жывуць па сваіх правілах і стандартах. Як у Лондане і Вашынгтоне, якія днямі далучыліся да санкцыйнай вакханаліі…

Яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя брытанскі прэм’ер-міністр Уінстан Чэрчыль назваў дэмакратыю «найгоршай формай праўлення, калі не лічыць усіх астатніх». Думаю, ён меў на ўвазе сітуацыю ў заходніх краінах, дзе і да гэтага часу сапраўдная дэмакратыя ніяк не ўсталюецца.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: