Падзяліцца:
«Настальгіст, ф'южніст – прафесіі будучыні. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.10.2021
«Настальгіст, ф'южніст – прафесіі будучыні. Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)

Ф'южніст, медыярэміксер, этычны хакер, праграміст у галіне разумнага пылу, спецыяліст па гейміфікацыі, настальгіст… Гучыць, згадзіцеся, нязвыкла. Але, як сцвярджаюць навукоўцы і вядучыя эканамісты, гэтыя прафесіі недалёкай будучыні.

Раней, як вядома, пра гэта разважалі пісьменнікі-фантасты. Бадай, са школы мы ведаем, што Робата ўпершыню ўзгадаў чэшскі пісьменнік Карал Чапек, з кур’ерам Мнемонікам нас пазнаёміў заснавальнік стылю кіберпанк у літаратуры Уільям Гібсан. А знакаміты Айзек Азімаў наогул выбар прафесіі ўяўляў як прамое ўкараненне ў мозг чалавека неабходных на той ці іншы момант ведаў. У Расіі нават выйшла анталогія фантастычных прафесій «Прафесіянарыум», а не так даўно Агенцтва стратэгічных ініцыятыў стварыла «Атлас новых прафесій», які ўтрымлівае даныя аб рынку працы будучыні і прафесіях, што стануць папулярнымі. Сярод іх – ІТ-генетык, урбаніст-эколаг, спецыяліст па ацэнцы інтэлектуальнай ўласнасці, работнік сферы касматурызму, праекціроўшчык і стваральнік разумнага дарожнага пакрыцця.

Зараз складана сказаць, якім чынам атрымаюць развіццё гэтыя прафесіі і наколькі яны стануць запатрабаванымі, але дакладна вядома, што з’яўленне новых і незвычайных не за гарамі. І гэта дыктуе чарцёртая прамысловая рэвалюцыя, якая толькі распачалася, але яе першыя плады бачны ўжо зараз у выглядзе найноўшых ІТ. Свет рыхтуецца перайсці на шосты тэхналагічны ўклад, дзе галоўнымі прарыўнымі тэхналогіямі стануць штучны інтэлект і робаты. Перамены закрануць ключавыя сферы – генетыку, біяінжынерыю, медыцыну, эканоміку, адукацыю, вытворчасць.

На той жа вытворчасці рабатызацыя дазволіць наладзіць больш гнуткі і эфектыўны працэс і скароціць выдаткі на персанал на 80%, бо кожны новы робат у сярэднім замяняе пяць існуючых працоўных. Па падліках кансалтынгавай кампаніі McKinsey, ужо ў 2030 годзе беспрацоўнымі могуць стаць каля 800 мільёнаў чалавек, гэта 20% усяго працаздольнага насельніцтва планеты. Але разам з тым з’явіцца мноства новых прафесій і вакансій. Напрыклад, архітэктар інфармацыйных асяроддзяў, дызайнер віртуальных светаў, праекціроўшчык нейраінтэрфейсаў, сеткавы юрыст, лічбавы лінгвіст і нават спецыяліст у галіне этыкі робатаў.

Прадказальна запатрабаванымі стануць інжынеры 3D-друку і яго разнавіднасці – біядруку, які выкарыстоўвае арганічныя матэрыялы. Пры дапамозе такой тэхналогіі можна ствараць штучнае мяса і дапамагчы гэтым у барацьбе са зменай клімату. Або вырошчваць чалавечыя органы: косткі, мышцы, храсткі. А будучыя дызайнеры лічбавых імплантантаў дапамогуць ва ўдасканальванні пратэзаў. Наогул, што тычыцца медыцыны, то ўжо сёння штучны інтэлект дапамагае ўрачам з высокай доляй дакладнасці выяўляць хваробы, а робатасядзелкам даглядаць пацыентаў. Больш за тое, развіццё метадаў генетычнай інжынерыі і біятэхналогіі зробіць магчымым пазбаўленне ад спадчынных захворванняў. Таму, мяркуецца, будуць неабходныя віртуальныя хірургі, генетычныя трэнеры, аптымізатары памяці.

Не менш запатрабаванымі стануць спецыялісты па гейміфікацыі. Так называецца цэлая індустрыя, якая арганізуе працу, вучобу і паўсядзённае жыццё пры дапамозе гульнявых элементаў. Лічыцца, што так лягчэй пашырыць кліенцкую базу, заваяваць новыя рынкі, а галоўнае – дапамагчы ўключыцца людзям у сучаснае жыццё.

Аб якіх яшчэ незвычайных прафесіях будучыні загаварылі спецыялісты? Напрыклад, шэрынг-аўдытар. Ён зоймецца комплекснай праверкай хатніх гаспадарак і прадпрыемстваў на прадмет выкарыстання магчымасцей шэрынг-эканомікі, што дазваляе дзяліць адны прадметы паміж некалькімі карыстальнікамі. Ці менаджары па пытаннях так званых ценявых тэхналогій. Іх галоўная функцыя – арганізоўваць дзейнасць працэсаў, якія пакуль яшчэ не адобраны на карпаратыўным ці нацыянальным узроўні і могуць выклікаць праблемы з бяспекай, у тым ліку з персанальнымі данымі супрацоўнікаў. А вось праграміст разумнага пылу, лічы, прафесія ледзь не заўтрашняга дня. Ужо існуе тэхналогія так званага «разумнага пылу». Гэта маленькія, памерам з парушынку, самаарганізуемыя робаты, якія абменьваюцца сігналамі і збіраюць даныя аб навакольным асяроддзі. «Разумны пыл» выкарыстоўваецца пры аднаўленні тэрыторыі пасля стыхійнага бедства, а таксама ў разумных гарадах, дзе сочыць за ўзроўнем забруджвання паветра і вады. Мяркуецца, што ў тэхналогіі з’явяцца новыя магчымасці, у тым ліку па пошуку злачынцаў, аднак і кіраваць ёю таксама павінны будуць адмыслова навучаныя людзі – праграмісты разумнага пылу.

Так, навукоўцы і эканамісты робяць мноства прагнозаў аб тым, як будуць выглядаць новыя прафесіі. І падкрэсліваюць, што наўрадці тэхналогіі заменяць людзей, пазбавяць іх працы. Сапраўды, некаторыя спецыяльнасці адыдуць у мінулае, але на іх месцы з’явяцца новыя, больш разнастайныя, адпаведныя часу і рынку працы. Трансфармуецца і само паняцце прафесіі, на змену звыклай спецыяльнасці прыйдзе і ўжо прыходзіць партфель кампетэнцый спецыяліста, з дапамогай якога ён можа падключацца да выканання розных работ.

Думаю, тут галоўнае – паспяваць за часам і не забываць вучыцца і вучыцца напрацягу ўсяго жыцця.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: