Падзяліцца:
«Навагодні настрой ствараем разам! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 29.12.2022
«Навагодні настрой ствараем разам! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч

«На часах уже двенадцать без пяти...» Менавіта столькі, як у культавай песеньцы, адлічвае папяровы гадзіннік, што размясціўся ля ліфтавай кабіны. Побач – смешныя тварыкі клоўнаў, чырванагрудыя снегіры і, канечне ж, сімвал надыходзячага года – сімпатычны трус. Яго выява ў кардоне, намаляваная фарбай – паўсюль на сценах пад’езда. І ў выглядзе мяккай цацкі, якая з гонарам едзе ў машыне, што стаіць на… старэнькім тэлевізары. Апошняму кампанію стварае сапраўдны калаўрот, які некалькі гадоў таму змяніў вясковую прапіску на гарадскую, і зараз ззяе, упрыгожаны яскравай мішурой. З поручняў звісаюць хвалістыя белыя гірлянды, смеццеправод пад аховай стойкага алавянага салдаціка, палічка з керамічным посудам таксама набыла яркі выгляд. Ды ўсё навокал стварае асаблівую святочную атмасферу.

Гэта пастаралася мая паважаная суседка Галіна. Штогод у такія дні лесвічная пляцоўка паміж другім і трэццім паверхамі нашага пад’езда пераўтвараюцца ў навагоднюю казку. Ды і ў іншы час тут утульна і прыгожа. Бялюткія фіранкі, дамашнія расліны, карціны, гадзіннік з боем, апрацаваныя пад сядзенні драўляныя калоды. Раней яшчэ адна суседка, Алена, размалявала сцены лесвічных маршаў яркімі фарбамі – зялёная трава, стракатыя паветраныя шары і кветкі, жоўтыя кавуны і сланечнікі, над якімі пырхаюць матылі і ластаўкі, пад столлю ўецца вінаградная лаза з сакавітымі гронкамі. Гэты летні пейзаж, дзякуючы таленту і фантазіі суседкі Галіны, змяняецца перад навагоддзем на зімовы антураж. Радуе ўсіх нас, жыхароў, і прыемна здзіўляе гасцей.

Упэўнена, пахваліцца навагоднім убраннем свайго пад’езда, двара ці проста лесвічнай пляцоўкі могуць многія. Сама не аднойчы бачыла ў пад’ездах упрыгожаныя ёлкі, святочныя кампазіцыі, гірлянды, сняжынкі на сценах, іншыя вырабы, створаныя сваімі рукамі. Такая навагодняя атрыбутыка з падручнага матэрыялу не патрабуе вялікіх грошай і выдаткаў. Крышачку фантазіі, творчага падыходу, а, галоўнае, жаданне сварыць навагоднюю атмасферу не толькі ў сваёй кватэры, але і па-за яе межамі.

Вельмі добра, калі да такой справы далучаюцца дзеці. Сучасныя школьнікі дый дзетсадаўцы – майстры на такія вырабы! Чаго толькі не малююць, выразаюць, склейваюць, якіх толькі ўпрыгажэнняў не ствараюць: сняжынкі, гірлянды, ліхтарыкі, розныя сілуэтныя фігуркі, цацкі з шышак і жалудоў!.. І каб яны не пыліліся дзе-небудзь на антрэсолі, лепей знайсці ім прыдатнае месца на той жа лесвічнай пляцоўцы. І жыхарам прыемна, і дзіця будзе ганарыцца.

Ну, а калі не хапае фантазіі, можна зазірнуць у інтэрнэт. Там знойдзеце падказкі, як упрыгожыць месцы агульнага карыстання на Новы год. Напрыклад, прастору пад’езда размаляваць зубной пастай у выглядзе марозных узораў, снегавікоў, Дзядоў Маразоў, а папяровыя сняжынкі на вокны лепей наклейваць з дапамогай мыльнага раствору. Ці такая карысная парада. Аказваецца, сцены пад’езда ў шматпавярховак звычайна раздзелены на дзве часткі, на верхняй светлай – пабелка, на ніжняй цёмнай – фарба. Вось на гэту ніжнюю і трэба мацаваць розныя ўпрыгажэнні, і лепей з дапамогай двухбаковага скотчу, тады лягчэй будзе прыбіраць іх пасля свят.

Зразумела, добра за справу брацца заручыўшыся падтрымкай суседзяў. Калі ў жыхароў дома ёсць свой чат, кінуць заклік там. Калі чата няма, можна павесіць аб’яву на першым паверсе ці асабіста сустрэцца з тымі, хто жыве побач, каб абмеркаваць, хто чым дапаможа. Сумесная праца, асабліва калі яна перадсвяточная, аб’ядноўвае людзей, а ў новым доме дае магчымасць пазнаёміцца паміж сабой, наладзіць кантакты, пасябраваць, разам зрабіць месцы агульнага карыстання ўтульнымі, абжытымі, прыгожымі.

Да таго ж, добрыя справы звычайна множацца. Вось і пляцоўкі трэцяга і чацвёртага паверхаў майго пад’езда набылі святочны выгляд, няхай больш сціплы, чым у нас, але калядныя вянкі, гірлянды і пухнаты ёлачны дожджык ствараюць выдатную навагоднюю атмасферу…

Да Новага года крыху больш, чым «двенадцаць без пяці». Так што ёсць яшчэ час, каб узняць святочны настрой не только сабе, але і сваім суседзям па доме, пад’ездзе, у двары. Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: