У кожнай з’явы два бакі. Навукоўцы і філосафы сцвярджаюць, што сусвет, наогул, трымаецца на ўзаемадзеянні супрацьлегласцей: плюс і мінус у магніце, свет і антысвет, святло і цемра, дабро і зло, белае і чорнае і г. д. Вось і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі рушылі чалавецтва наперад, далі магчымасць пераадольваць час і адлегласці, ратаваць жыцці і ствараць унікальныя рэчы. А разам з тым ІТ парадзілі нямала адмоўнага, сярод якіх – кіберзлачыннасць. А прасцей – падман даверлівых людзей, крадзеж грошай з іх рахункаў і нават у суб’ектаў гаспадарання з дапамогай сродкаў камп’ютарнай тэхнікі.
Кіберзлачыннасць адносна малады від махлярства, звязаны з найноўшымі тэхналогіямі. Упершыню з’явілася ў ЗША ў пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя з развіццём сеткі інтэрнэт і апошнім часам набыла вялікі размах, калі анлай-жыццё пачало ўсё больш замяшчаць рэальнае.
У Беларусі таксама назіраецца яе рост, летась зафіксавана больш за 25 з паловай тысяч такіх злачынстваў. Самыя распаўсюджаныя спосабы – так званыя фішынг і вішынг. Расшыфруем заморскія словы, калі хто яшчэ не ведае. Фішынг – падробка афіцыйных сайтаў. На такім ілжэ-рэсурсе наведвальнікі, робячы пакупкі, уводзяць свае банкаўскія даныя і… застаюцца ні з чым. На такую вуду махляроў папаўся адзін з жыхароў Магілёўскай вобласці. Выкарыстоўваючы інтэрнэт-банкінг, ён прадаставіў рэквізіты карты на фішынгавы сайт. У выніку з яго карт-рахунка было выкрадзена больш за 5 тысяч рублёў і аформлены на яго імя анлайн-крэдыт на 7 тысяч. І такіх прыкладаў нямала.
Ну, а вішынгам называюць тэлефоннае махлярства з прымяненнем метадаў сацыяльнай інжынерыі, калі зламыснікі ад імя нібыта супрацоўнікаў службы бяспекі фінансавай установы ці прадстаўніка міліцыі вымантачваюць рэквізіты банкаўскай карткі ў суразмоўцы. Гэта самая распаўсюджаная схема махлярства – амаль 90% ад агульнай колькасці кіберзлачынстваў. Часцей за ўсё на такія хітрыкі трапляюць пажылыя людзі. І далёка не заўсёды можна вярнуць свае грошы. Бо кіберзлачыннасць – з’ява транснацыянальная і многія такія выпадкі адбываюцца за-за межы, таму ўстанавіць падазроных няпроста. Тым не менш спецыяльныя методыкі і інструменты дазваляюць органанам процідзеяння кіберзлачыннасці выкрываць правапарушальнікаў і прымяняць да іх меры пакарання, аж да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Але перш за ўсё спецыялісты раяць кожнаму з нас не забываць аб правілах бяспечных паводзін у сацыяльных сетках і месенджарах. Сярод іх – не размаўляць з незнаёмцамі па тэлефоне, тым больш не перадаваць чужым людзям ідэнтыфікацыйныя, асабістыя даныя, пры любым падазрэнні звяртацца самім непасрэдна ў банкаўскую ўстанову і не забываць устанавіць на мабільны тэлефон антывірус. Гэта самыя просты меры так званай лічбавай гігіены.
І менавіта на меры прафілактыкі таго ж вішынгу і фішынгу разлічана Дэкада кібербяспекі, якая праходзіць зараз у краіне. Сацыяльныя ролікі і лістоўкі на гэту тэму можна сустрэць у грамадскіх месцах, СМІ. Супрацоўнікі міліцыі праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах, з навучэнцамі, пажылымі людзьмі.
Дзяржава не толькі на заканадаўчым і арганізацыйным узроўні вядзе актыўную барацьбу з кіберзлачыннасцю, але і прымае дзейсныя меры па абароне персанальных даных. Дзейнічае адпаведны закон, створаны Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных. Гэтыя механізмы дапамогуць узняць узровень аховы прыватнай інфармацыі і гарантаваць больш поўную рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё.
Дарэчы, сёння адзначаецца Міжнародны дзень абароны інфармацыі. Яго мэта – напомніць карыстальнікам аб неабходнасці абароны свайго камп’ютара ад рознага роду вірусаў. Сапраўды, важна, каб мы самі больш беражліва ставіліся да індывідуальных матэрыялаў і асабістых звестак у інтэрнеце і сацыяльных сетках.
Я так думаю, а вы?