«Калі вы жадаеце, каб конь пераскочыў праз плот, не павялічвайце вышыню плота». Такую алегорыю прымяняюць падчас вывучэння стратэгіі перамоў. Калі шукаюць шляхі да згоды, да агульнай выгады. Нашы суседзі, што з захаду, што з поўначы, наадварот, без ўсялякай выгады будуюць агароджу, якую не толькі конь не пераадолее, але і іншыя насельнікі жывой прыроды.
Уявіце суцэльную сцяну вышынёй 5 метраў на бетонным падмурку, а наверсе калючы дрот. І так напрацягу 186 кіламетраў. Менавіта такое збудаванне ўзводзіцца ўздоўж беларускай мяжы. І немалая частка, каля 65 кіламетраў, – на польскім участку Белавежскай пушчы. Са студзеня ў запаветнай зоне чутна сякера дрывасека і ляск землярыйных машын…
Унікальны аб’ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, адзіны ў Еўропе некрануты рэліктавы лес і яго насельнікі у небяспецы! Чаму, спытаецеся? Нагадаю. Белавежская пушча – адзіны экарэгіён, які размешчаны на тэрыторыі дзвюх краін, Беларусі і Польшчы. Гэта найстарэйшы запаведнік кантынента. Мясціны узгадваюцца яшчэ ў Іпацьеўскім летапісе пад 983 годам. Тут больш за тысячу дрэў-волатаў, якім па 300-600 гадоў. Флора і фаўна прадстаўлена вялікай колькасцю рэдкіх відаў раслін, птушак, звяроў, сярод якіх і занесеныя ў Чырвоную кнігу. Толькі жывёл 11,5 тысяч відаў! Нарэшце, гэта агульны дом для галоўнага сімвала пушчы – зубра, тут самая буйная яго папуляцыя – 1500 асобін. Якая, дарэчы, адноўлена толькі з 7 асобін!
Для іх, як і для іншых дзікіх звяроў, звычайная дзяржаўная мяжа – не перашкода. Зафіксавана, што тая ж чырванакніжная рысь да 50 разоў за год перасякае граніцу, а буры мядзведзь, які пасяліўся тут 2 гады таму – 4 разы. Такая міграцыя звыклая з’ява для насельнікаў пушчы. Але што будзе, калі на іх шляху паўстане заслона ў 5 метраў вышынёй?!.
Літва таксама ўзялася ўзводзіць сцяну з калючага дроту, плюс паралельна дадатковая агароджа. 550 кіламетраў такога двайнога плоту абыдзецца літоўскім падаткаплацельшчыкам каля 40 мільёнаў еўра. Не адстае і Латвія. Колькі той мяжы з Беларуссю, але і тут вырашылі агарадзіцца. І ўсё пад выглядам нібыта барацьбы з нелегальнымі мігрантамі, якіх улады Польшчы і Прыбалтыйскіх краін разглядаюць як гібрыдную атаку з нашага боку. Але ж і мігрантаў тых ўжо няма, а агідны плот застаецца.
Такая штучная перашкода на сумежных з Беларуссю тэрыторыях Польшчы і Літвы негатыўна адбіваецца на стане папуляцыі многіх відаў дзікіх жывёл, якія знаходзяцца ў трансгранічных прыродных аб’ектах Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча» і біясфернага рэзервата «Заходняе Палессе». Акрамя таго, узвядзенне суцэльнага плота на мяжы парушыць гідралагічны рэжым аб’ектаў, знішчыць унікальны раслінны пакроў, нанясе непапраўную шкоду навакольнаму асяроддзю.
Дарэчы, да гэтага часу няма афіцыйнай ацэнкі агульных страт ад такога будаўніцтва і яго ўздзеянная на прыроду, як і неабходнай шарокамаштабнай экспертызы. Вядома толькі, што ўзвядзенне трансгранічнага аб’екта парушае 8 міжнародных прыродаахоўных канвенцый і нясе пагрозу не толькі для запаведных тэрыторый, але і ўсёй Еўропы.
Таму ў Беларусі б’юць у набат і супрацоўнікі Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», і кіраўніцтва Мінпрыроды. Афіцыйныя звароты ад імя Міністэрства замежных спраў накіраваны намесніку Генсакратара ААН, у Савет Еўропы, ЮНЕСКА, іншыя профільныя структуры ААН. Не засталіся ў баку навукоўцы, грамадскасць, актывісты-эколагі збіраюць подпісы пад петыцыямі ў міжнародныя профільныя і прыродаахоўныя арганізацыі.
А што еўрапейскія «зялёныя»? Пакуль маўчаць, мабыць, чакаюць сігналу ад Грэты Тумберг і яе падбухторшчыкаў. Слаба чутны голас польскіх абаронцаў прыроды. Думаецца, іх хвалёная дэмакратыя задушыла ўсе парасткі свабоды слова і грамадскай актыўнасці. А афіцыйныя сілы з дапамогай беларускіх «збеглых» заняты іншымі, больш важнымі для іх справамі – фэйкамі ды правакацыямі.
Так, на жаль, не толькі бар’еры – у чыста фізічным выглядзе на мяжы з Беларуссю ўзводзяць краіны-суседкі. Пад дыктоўку заакіянскіх куратараў раздзяляюць суседнія і брацкія народы, падзяляюць на «сваіх» і «чужых». Калі «чужы» для іх – гэта вораг, чалавек другога гатунку, супраць яго можна прымяняць санкцыі, ўчыняць правакацыі і нават забіваць. І якую літасць тут можа чакаць да звяроў, калі без усялякай падставы дазволена паліваць людзей халоднай вадой, здзеквацца з дзецей і нямоглых. Думаю, тую водна-атрутную атаку польскіх пагранічнікаў на безабаронных мігрантаў ля пункта пропуску «Брузгі» памятаюць усе.
Шчыльны плот на мяжы… Што гэта – бессэнсоўная ідэя, гучная палітычная акцыя, марнатраўства, разлічанае на так званы «распіл» грошай (як-ніяк, а ў 353 мільёны еўра ацэньвае Польшча сваё цуда-стварэнне) ці гэта нешта другое, нам невядомае?
Так ці інакш, але яго ўсё ж чакае лёс Берлінскай сцяны. Я так думаю, а вы?