У апошнія дні ў Беларусі і Расіі актыўна абмяркоўваюць тэму інтэграцыі дзвюх дзяржаў. Гэтай тэме напярэдадні быў прысвечаны і праект Беларускага радыё «Актуальны мікрафон». Рэакцыя слухачоў на той эфір была надзвычай актыўная і жывая. Яно і зразумела: столькі сваякоў і блізкіх многіх беларусаў жыве ў Расіі! І я не выключэнне: толькі па лініі мужа ў мяне чалавек 20 сваякоў у Санкт-Пецярбургу. Многае, што адбываецца па інтэграцыйных напрамках паміж дзяржавамі-саюзніцамі, мы, жыхары гэтых дзяржаў, адчуваем на сабе. Так, мая пляменніца з паўночнай расійскай сталіцы вучылася ў адной з вышэйшых навучальных устаноў Мінска. Канечне, такое сёння не навіна, але гэта павінна быць тыповай сітуацыяй, што гарманічна выцякае з дагавораў паміж дзяржавамі-саюзніцамі.
Часта можна пачуць пра паглыбленую інтэграцыю паміж дзяржавамі. Яна ўключае многае, і ў першую чаргу – шэраг прарыўных эканамічных рашэнняў. І палітыкі, і эканамісты канстатуюць гатоўнасць дарожных карт па інтэграцыі. Іх яшчэ называюць праграмамі, бо кожны эканамічны напрамак ў саюзнай інтэграцыі – гэта шмат сумесных інавацыйных ідэй, пралічаных рашэнняў, сумесных фінансавых разлікаў.
Падчас эфіру слухачы закраналі пытанне саюзнай уласнасці. Тавар, вынаходства па саюзнай праграме апрыоры мае статус саюзнага прадукту. Хаця іншы раз ён выпускаецца ў розных краінах: то ў Расіі, то ў Беларусі. Да гэтага пытання падступалі не раз і адпаведныя ведамствы дзвюх дзяржаў, і саюзныя парламентарыі. Спрабавалі аформіць гэта заканадаўча – пакуль не аформілі.
Сярод дыскусійных тэм – гуманітарны складнік інтэграцыі. Для многіх беларусаў важныя аднолькавыя ўмовы, калі вырашыў уладкавацца ў Расіі і знайсці работу, падлячыцца ў маскоўскіх клініках. Адпаведныя рашэнні прыняты, аднак па-ранейшаму ў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы звяртаюцца грамадзяне, якім, напрыклад, адмовілі ў лячэнні ў той ці іншай расійскай клініцы бясплатна па адпаведнай праграме. У больш выгадным становішчы тут прыгранічныя тэрыторыі, асабліва тыя, што закранула чарнобыльская бяда. Навукова-практычныя медыцынскія цэнтры ў Обнінску, Санкт-Пецярбургу і Гомелі супрацоўнічаюць, лечаць чарнобыльцаў і пастаянна кантактуюць па новых медыцынскіх практыках.
У Беларусі жыве шмат расіян. Яны вельмі ўважліва сочаць за інтэграцыйнымі рашэннямі на самым высокім узроўні. Мая суседка па доме – расіянка. Жыве ў Беларусі больш за 40 гадоў. Заўсёды прыйдзе на дапамогу пры любых жыццёвых абставінах. Спявае беларускія песні. І кожны год у дзень свята Вялікай Перамогі ўскладае кветкі да помніка Перамогі ў Мінску. Адна гісторыя, адзін менталітэт, адна душа – наша, славянская.