Падзяліцца:
«Па сутнасці. Анлайн-архівы ў адукацыйным працэсе – справа неабходная». Радыёблог Алены Швайко
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.07.2022
«Па сутнасці. Анлайн-архівы ў адукацыйным працэсе – справа неабходная». Радыёблог Алены Швайко

Ці даводзілася вам калі-небудзь працаваць у архівах? У мяне такі вопыт ёсць. У пачатку 1990-х мяне зацікавіў лёс бацькоў. І я звярнулася ў наш Нацыянальны архіў. Памятаю, мне далі стос пажоўклых папак, і я некалькі тыдняў прагортвала кожную старонку. Даводзілася нават перакладаць некаторыя дакументы, паколькі напісаны яны былі на нямецкай мове. Справа ў тым, што маіх бацькоў у першыя дні Вялікай Айчыннай угналі ў Германію на прымусовыя работы. Маці аказалася ў лагеры-смерці Равенсбрук, бацька працаваў на нямецкім заводзе. Пасля прагляду дакументаў адчуванне было такое, нібы я разам з імі прайшла той шлях, калі многіх грузілі ў цягнікі: адчай і невядомасць.

Наогул да супрацоўнікаў архіваў, да іх работы ў мяне асаблівае стаўленне. І таму апошняя навіна пра выкарыстанне архіўных інтэрнэт-праектаў у адукацыйным працэсе мяне і парадавала, і здзівіла. Так, сёння многія гісторыкі-выкладчыкі ў сваёй рабоце часта звяртаюцца да архіўных дакументаў і таму выкарыстанне іх у адукацыйным працэсе праз інтэрнэт – справа неабходная. Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі накіраваў ў галоўныя ўпраўленні адукацыі аблвыканкамаў і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама адпаведныя рэкамендацыі. Гэта метадычныя дакументы, яны ёсць у адкрытым доступе і на Нацыянальным адукацыйным партале.

Зараз пачынаецца актыўная рэалізацыя праекта “Архівы – школе”. Дзяржаўныя архіўныя ўстановы разам з установамі адукацыі праводзяць мерапрыемствы, накіраваныя на інфармаванне вучняў пра ключавыя падзеі і працэсы ў гісторыі Беларусі, асноўныя этапы станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці, афіцыйныя геральдычныя сімвалы Беларусі. Пазнаёмяць са складам і аб’ёмамі Нацыянальнага архіўнага фонду краіны.

Можна падвесці ўжо і вынікі сумеснага рэспубліканскага праекта Дэпартамента і Рэспубліканскага штаба беларускіх студэнцкіх атрадаў БРСМ “Архівы: памяць аб мінулым у імя будучыні”. Ён заключаецца ў тым, што члены студатрадаў на базе дзяржархіваў выяўляюць дакументы, якія датычацца будаўніцтва і рэканструкцыі помнікаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, а таксама гісторыі дзейнасці студэнцкіх будатрадаў ў савецкія часы.

Асобна патрэбна адзначыць работу для школьнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Гэта шыкоўны дакументальны відэапраект “Гісторыя ажывае ў кадры”, прысвечаны памяці выдатных людзей і важным падзеям у гісторыі Беларусі. Выпушчана больш за 25 відэаролікаў. Ёсць і цікавы галіновы інтэрнэт-праект, што расказвае пра спецыялістаў, якія працавалі ў розных архівах Беларусі ў гады ваенныя і пасляваенныя. Для тых, хто ваяваў, спецыяльны праект “Архівісты-пераможцы” – віртуальная кніга памяці работнікаў дзяржаўных архіўных устаноў Беларусі – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, іх калі 200 чалавек.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: