Падзяліцца:
«Па сутнасці. Бывай, школа! Што далей?» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 10.06.2021
«Па сутнасці. Бывай, школа! Што далей?» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Сення ў многіх школах Беларусі пройдуць выпускныя вечары. Калі б нават мы і не ведалі гэту дату, то пра яе гавораць паводзіны старшакласнікаў. Чародкі ля школ, а мне пашчасціла якраз жыць каля адной з іх, ідзе актыўнае абмеркаванне выпускнога строю. І яшчэ – гучныя спробы мясцовых умельцаў-дзіджэяў па падборы музычнага суправаджэння вечара. Бацькі хвалююццца і таксама збіваюцца ў групы і штосьці абмяркоўваюць. І адразу ўспаміны пра свой выпускны ў вясковай школе. Пры сціпласці правядзення мерапрыемства, ён пакінуў след на ўсе жыццё. Выпускны вечар, як мяжа: скончылася бесклапотнае жыцце і час выбіраць далейшы шлях, станавіцца асобай адказнай і за сябе і за блізкіх, якія вырасцілі цябе і далі веды.

Так, сапраўды, пасля выпускнога балю выбар – што далей? І першае выпрабаванне – цэнтралізаванае тэсціраванне. Яно пачнецца 16 чэрвеня, як кажуць, можна адпачыць пасля выпускнога і за справу. Як будзе праходзіць уступная кампанія – пра гэта ў Мінску абмяркоўвалі ўсе, хто адказвае за кантроль і падрыхтоўку да правядзення іспытаў. Вядома, што раней па Указу Прэзідэнта была сфарміравана адпаведная дзяржаўная камісія. Безумоўна, яна і будзе сачыць за гарантаваннем абітурыентам роўных магчымасцей для паступлення на аснове іх ведаў.

Традыцыйна кантроль будзе арганізаваны на трох узроўнях: на ўзроўні дзяржкамісіі, абласных камісій і таксама камісій па кантролі, якія створаны ва ўстановах адукацыі. І вось зараз і да абітурыентаў і да іх бацькоў такі пасыл: неабходна выконваць усе патрабаванні да правядзення ЦТ. Гэта ў тым ліку і прапускны рэжым. Акрамя таго, шмат выпадкаў, калі забываюць пашпарты або прыходзяць з копіямі дакументаў. Трэба разумець, што патрэбны арыгінал дакумента, які сведчыць асобу, і ніякія копіі, нават завераныя натарыяльна, тут не падыходзяць. Акрамя таго, традыцыйнае папярэджанне: не варта спрабаваць пранесці ў аўдыторыю забароненыя прадметы. За такое абітурыентаў могуць выдаліць з пункта правядзення ЦТ за парушэнне. Летась было 14 такіх выпадкаў.

Дарэчы, сёлета максімальна задзейнічаны лічбавы фармат пры рэгістрацыі абітурыентаў на ЦТ, каб яны менш хадзілі па кабінетах для рэгістрацыі. У цэлым уступная кампанія ў Беларусі сёлета будзе праходзіць з улікам эпідсітуацыі. Як і летась, для правядзення ЦТ будзе адкрыты 41 пункт на базе ўніверсітэтаў і каледжаў. Патрабаванне ўрада – работа прыёмных камісій павінна быць арганізавана на высокім узроўні.

Мяркую, што беларусы апошнім часам убачылі, што дзяржава пачала асабліва ўважліва падыходзіць да сістэмы адукацыі. Прапануюцца многія кардынальныя падыходы не толькі па вывучэнні неабходнага школьнага матэрыялу, ідзе паўнамаштабны аналіз усей адукацыйнай сістэмы: кадравае забеспячэнне, заработная плата настаўнікаў, перагляд выхаваўчых праграм.

Менавіта сёння да сістэмы адукацыі звернуцца і беларускія парламентарыі: парламенцкія слуханні «Нацыянальная сістэма адукацыі: стан, заканадаўчае рэгуляванне, шляхі ўдасканалення» пройдуць сёння. На слуханнях будзе абмяркоўвацца стан і перспектывы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. У прыватнасці, узаемадзеянне арганізацый рэальнага сектара эканомікі з ўстановамі прафесійнай адукацыі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў і арганізацыя апераджальнай падрыхтоўкі кадраў у каледжах, удасканаленне адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, магчымасці дадатковай адукацыі ў развіцці навыкаў і ўменняў адораных дзяцей і моладзі, роля маладзёжнага руху ў фарміраванні грамадзянскай адказнасці навучэнцаў. У слуханнях прымуць удзел парламентарыі і сенатары, прадстаўнікі міністэрстваў і дзяржаўных камітэтаў, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, іншых дзяржаўных органаў, устаноў адукацыі, прадпрыемстваў і грамадскіх аб'яднанняў. Словам, у слуханнях прымуць удзел ўсе, хто адказвае за маладое пакаленне беларусаў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: