Сёння звярнуся да тэмы актуальнай і балючай. Але спачатку вось такі факт, пра які нядаўна паведамілі праваахоўнікі. 18-цігадовы хлопец пераходзіў чыгуначныя шляхі ў навушніках і трапіў пад манеўровы лакаматыў. Здарылася гэта 1-га ліпеня на станцыі Азярышча. Менавіта грэбаванне мерамі асабістай бяспекі прывяло да непрыемнага здарэння: малады чалавек пераходзіў чыгуначныя пуці ў неўстаноўленым для гэтага месцы, быў у навушніках, не заўважыў набліжэння лакаматыва, ступіў на рэйкі, у выніку чаго атрымаў траўмы. Зараз ён знаходзіцца ў шпіталі.
Не ведаю, як вы, а я не раз назірала і ў горадзе і на чыгуначных станцыях такую карціну. Маладыя людзі, падлеткі і зусім маленькія ў навушніках перабягаюць перад цягніком, які прыбывае на станцыю. На вуліцах часцяком так робяць проста перад аўтамабілем. У навушніках пераходзяць дарогу, катаюцца на веласіпедах, скутарах, самакатах.
Маладыя мамы, зноў-такі ў навушніках, з дзіцячымі каляскамі гуляюць спачатку па тратуары, а потым, не гледзячы вакол сябе, пачынаюць пераходзіць праезную частку. Часам перабягаюць, калі зялёнае святло пачынае міргаць. Альбо, гледзячы ў экран свайго смартфона, садзяцца ў грамадскі транспарт. Аўтобус пачынае рухацца і пасажыр як ачумелы: у руках смартфон, вушы заткнуты. Не раз сама ратавала такіх апантаных пасажыраў.
Ці бачылі вы, як маладыя людзі, таксама ў навушніках, спускаюцца па нешматлікіх прыступках электрычкі на прыпынках? Скокамі і падскокамі! Бо якраз патрэбна яшчэ і гукам кіраваць у навушніках і адказаць на тэлефонны званок. Проста цыркавыя трукі!
А як вам такая карціна. Пасажырскі аўтобус прыпыніўся - чырвонае святло. Праз адчыненыя вокны аўтобуса чуваць гучную музыку ў аўтамабілі, што таксама прытармазіў побач. Такі гук, што нават у аўтобусе можна не пачуць, які наступны прыпынак. Далей машына кранаецца з месца, а дакладней, з ровам абганяе аўтобус, - і тут жа трапляе на перакрыжаванні дарог у непрыемную сітуацыю. Не магу з абурэннем глядзець на залежнасць ад гаджэтаў у любым транспарце: аўтобус, тралейбус, электрычка. Вось так нас закруціла віртуальнае жыццё.
Магчыма, маё меркаванне на тэму камусьці падасца не вельмі актуальным. Маўляў, так было заўсёды. Новыя тэхналогіі запалі ў душу маладых і не толькі, але ж павінна быць і нейкая асцярога за свае жыццё, за жыцці тых, хто побач, тым больш, калі ты з дзіцячай каляскай рассякаеш вуліцы горада.
Вяртаюся да здарэння, з якога пачалі. Афіцыйная інфармацыя: за праход па чыгуначным палатне альбо знаходжанне на чыгуначных пуцях у месцах, не прызначаных для іх перасячэння, прадугледжана адказнасць – штраф у памеры да дзвюх базавых велічынь. Спецыялісты папярэджваюць: катэгарычна забараняецца хадзіць па чыгуначным палатне, пераходзіць дарогу адразу пасля праходу цягніка ці перад блізка ідучым цягніком, карыстацца навушнікамі і мабільнымі тэлефонамі пры пераходзе праз чыгуначнае палатно. Нельга садзіцца ў вагон на хаду цягніка, знаходзіцца ля краю платформы, праходзіць уздоўж чыгуначнага палатна.
Словам, можна бясконца пералічваць забароны, аднак давайце лепш проста будзем асцярожнымі. Жыццё яно адно. І скарачаць яго праз сваю абыякавасць, праз нейкія навушнікі – шкада, не разумна і не лагічна.