Падзяліцца:
«Па сутнасці. Карысна ведаць пенсіянерам». Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.07.2021
«Па сутнасці. Карысна ведаць пенсіянерам». Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Сёння я вырашыла закрануць дзве тэмы. Першая – навінкі ў пенсійнай палітыцы. Другая цесна звязана з першай – як «кавід» уплывае на пажылых людзей.

Хто з нас у маладым узросце думае пра пенсію? Ніхто. Якая там пенсія, тут бы справіцца са сваімі будзённымі праблемамі. І калі наступае пенсійны ўзрост – здзіўленне: «няўжо так хутка прабеглі гады?!» Вось такое маё адчуванне свайго ж узросту. Тым не менш, пенсія чакае ўсіх. Для тых, хто зараз мае такую прывілею, і для тых, хто толькі рыхтуецца да яе – будзе вельмі дарэчы наступная інфармацыя.

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў сваім Telegram-канале запусціла рубрыку, у якой дае тлумачэнні па пытаннях, што найбольш часта задаюць людзі. Адказы звязаны ў тым ліку з нюансамі пенсійнага забеспячэння. Напрыклад. Ці павінен пенсіянер, які ўладкоўваецца на працу, паведаміць пра гэта ў свой пенсійны аддзел. У Міністэрстве працы адказваюць: павінен. Больш за тое, пенсіянер павінен паведаміць таксама і пра звальненне. Названыя абставіны — працаўладкаванне і звальненне — у шэрагу выпадкаў уплываюць на памер выплачваемай пенсіі.

Разгледзім такую сітуацыю. Пенсіянер даўно звольніўся, але не паведаміў пра гэта спецыялістам. Паколькі ён працягвае лічыцца працуючым, пасля дасягнення 75-ці гадоў яму не будзе ўстаноўлена ўзроставая даплата, прадугледжаная законам. Недаатрыманая сума пенсіі будзе выплачана пенсіянеру не больш як за 3 гады перад зваротам. Так што будзьце пільнымі ў гэтым пытанні!

Шмат пытанняў у Telegram-канал Мінпрацы паступае адносна таго, з якога канкрэтна перыяду пачынае налічвацца так званая «узроставая» даплата да пенсіі тым, хто не працуе. Яна ўстанаўліваецца аўтаматычна (гэта значыць, не трэба звяртацца ў пенсійны орган) і пачынае выплачвацца з месяца, наступнага за тым месяцам, калі пенсiянеру споўнілася 75.

Памер даплаты людзям ва ўзросце ад 75 да 79 гадоў складае 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. Тым, хто адзначыў 80-цігадовы юбілей, памер «узроставай» даплаты павялічваецца да 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. Сума змяняецца чатыры разы на год у сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму (з лютага, мая, жніўня і лістапада).

У Мінпрацы і сацабароны звярнулі ўвагу, што даплата не ўстанаўліваецца: асобам, якія атрымліваюць пенсіі па лініі сілавых ведамстваў; працуючым пенсіянерам; асобам, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэннi i пражываюць у дзяржаўных стацыянарных арганізацыях сацыяльнага абслугоўвання; знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі; пражываюць за межамі рэспублікі.

Але, пагадзіцеся: каб дасягнуць паважнага ўзросту, трэба ў тым ліку клапаціцца пра сваё здароўе. І пра гэта якраз другая тэма, якую я абяцала ў пачатку размовы. Еўрапейскае рэгіянальнае бюро СААЗ сумесна з Рэгіянальным офісам ЮНІСЕФ па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі запусціла інфармацыйную кампанію «Будзьце абачлівымі гэтым летам». Адпаведная інфармацыя ёсць і на сайце беларускага Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Мэта кампаніі — дабіцца, каб у час летняга адпачынку людзі былі разважлівымі і максімальна асцярожнымі, каб засцерагчы сябе ад COVID-19. Рэкамендуецца: перагледзець неабходнасць паездак, каб знізіць рызыку заражэння і далейшага распаўсюджвання COVID-19. Сустрэчы з сябрамі лепш праводзіць на свежым паветры або ў адкрытых памяшканнях, якія добра праветрываюцца. І, вядома, вакцынацыя. Хаця чалавек і пасля яе аўтаматычна не атрымлівае 100-працэнтную гарантыю ад заражэння. У той жа час, для пажылых вакцынацыя зніжае верагоднасць развіцця цяжкай формы захворвання. Ёсць пра што задумацца!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: