Літаральна днямі пачула: «хачу ўласны дом». Пачула гэта ад прадстаўнікоў розных пакаленняў: купіць альбо пабудаваць свой дом жадалі маладыя і пажылая пара. Што гэта – генетычны код спрацоўвае, вясковы, ці новы трэнд у будаўніцтве? Чым прываблівае такое жыллё беларусаў і колькі сродкаў патрэбна, каб узвесці камфортны дом? Паспрабуем разабрацца.
Так, сапраўды, сёння ўсё больш беларусаў імкнуцца пабудаваць сваё жыллё далей ад буйных гарадоў. Імклівы рытм жыцця і работы іншы раз так стамляе, што буйны мегаполіс так і хочацца змяніць на цішыню. І каб лес быў побач ды рачулка. І канечне, каб была неабходная інфраструктура. Праз метраў так 500 хаця б невялікі магазін. Гэта самыя неабходныя аб’екты. Канечне, можна і больш: стадыён, басейн, бегавая дарожка і гэтак далей.
Амаль 4 мільёны 400 тысяч квадратных метраў жылля ўзведзена летась у Беларусі. У працэнтах – 40% ад агульнага аб’ёму ўводу жылля ў год. У лідарах – Мінская вобласць. Там пабудавана больш за 865 тысяч квадратных метраў. Далей – Брэсцкая і Гродзенская вобласці. Размова, вядома, пра прыватнае жыллё. На гэты год у планах – больш за 4 мільёны 200 тысяч квадратных метраў. З іх больш за мільён – з дзяржаўнай падтрымкай.
Яшчэ раз ўдакладнім, што найбольшым попытам у людзей карыстаюцца ўчасткі, размешчаныя ўсё ж такі непадалёк ад буйных і сярэдніх населеных пунктаў. Вядома, пажадана наяўнасць транспартнай, інжынернай і сацыяльнай інфраструктуры. Індывідуальнае жыллё павінна быць камфортным – гэта аксіёма. І яшчэ прыватныя дамы не павінны парушаць агульны архітэктурны вобраз тэрыторыі, не павінны парушаць прыродны ландшафт і не выбівацца з агульнай канвы. Тут многія могуць і паспрачацца: маўляў, як хачу, так і будую. Але не. Тут павінна працаваць і ўнутраная культура, адпаведны густ, маральныя прынцыпы, каб не нашкодзіць суседу. Словам, не трэба адчуваць сябе сярэдневекавым монстрам.
І тут, дарэчы, варта нагадаць, што з 15 снежня ў Беларусі спрашчаецца парадак узвядзення і рэканструкцыі ўласных аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў пятага класа складанасці. Гэта прапісана ў адпаведным указе Прэзідэнта. Такім чынам, беларус можа пачаць будаўніцтва толькі на падставе пашпарта забудоўшчыка ў сельскіх населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыі раёнаў, што прылягаюць да Мінска і абласных цэнтраў, у пасёлках гарадскога тыпу і гарадах. Акрамя Мінска.
І яшчэ, калі ў вас ёсць дакумент, які пацвярджае права на зямельны ўчастак, то можна будаваць ў любым месцы, акрамя Мінска. Умова такая – адлегласць ад мяжы суседняга зямельнага ўчастка да вашага будучага жылога дома складае не менш як 3 метры, нежылых капітальных пабудоў – не менш як 2 метры. На падставе пашпарта забудоўшчыка змогуць пабудаваць жылыя, аднакватэрныя дамы таксама юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі. Праўда, такі спрошчаны парадак не распаўсюджваецца на тэрыторыю Мінска і на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай. Звычайна тут больш за ўсё падыходзіць сельскі населены пункт альбо пасёлак гарадскога тыпу, невялікі раённы гарадок. Сёння архітэктары і будаўнікі канстатуюць: развіцце індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі застаецца адным з самых запатрабаваных напрамкаў. Тут патрэбна і пэўнае заканадаўства, і пэўны нагляд за такой справай – дзяржаўны.