Звяртаюся да тых слухачоў, хто зараз з вялікім задавальненнем падтрымлівае своеасаблівы марафонскі рух і бегае амаль кожны дзень па восеньскіх кірмашах. І што адметна, не толькі ў Мінску. Мне асабіста да спадобы восеньскі кірмаш каля сталічнага Палаца чыгуначнікаў. Купіць можна ўсё і вельмі хутка (гэта мяне асабліва прываблівае, паколькі часу звычайна на пакупкі пасля работы не хапае). Дык вось, што можна набыць, а цана прымальная па ўсіх сельскагаспадарчых прадуктах: морква, капуста, бульба, шыкоўныя перцы, цыбуля, кавуны, кабачкі. Здаецца, ўсё пералічыла. І цана добрая, іншы раз нават і не запамінаю – цана задавальняе, значыць, кладзем у кошык. А яшчэ тут можна набыць і мясную прадукцыю. Дамашняга прыгатавання таксама – тыя ж каўбасы і шматок сала не будуць лішнімі.
І што яшчэ мяне прываблівае на такіх кірмашах: набыць можна і абутак, і прыгожую куртку па сезоне, і таксама па цане, якая мяне задавальняе. Такія восеньскія кірмашы, калі браць Мінск, разгорнуты ва ўсіх кропках сталіцы. Не падабаецца кірмаш каля Палаца чыгуначнікаў – садзімся на грамадскі транспарт і да Палаца аўтзавода альбо ў Чыжоўку. Зрэшты, такі ваяж толькі для тых фанатыкаў, што шукаюць прадукт альбо тавар па цане ніжэйшай зусім на невялікі працэнт. Хаця для тых, хто жыве ў мікрараёнах побач з такімі гандлёвымі кропкамі, гэта выйсце.
З такімі восеньскімі кірмашамі могуць спрачацца толькі магазіны «Садавіна і гародніна». Няхай адпачнуць, для іх самая пара – зімовы час. А пакуль надвор'е добрае, сонечнае, можна і на восеньскі кірмаш, як кажуць, скокнуць.
Сваю прадукцыю пакупнікам прапануюць арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання, сельскагаспадарчыя арганізацыі, прадпрыемствы харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, фермерскія гаспадаркі, рамеснікі і фізічныя асобы, якія вырасцілі ўраджай на асабістых падворках. Назірала аднойчы, як спецыяльная група правярала цэннікі на такіх кірмашах. Асаблівых прэтэнзій не было, бо прадаўцы – такія ж людзі, як і мы. Тут жа можна дамовіцца, каб гародніну вялікай вагі табе даставілі да кватэры. Акрамя таго, на кірмашах для дапамогі пажылым дзяжураць члены БРСМ.
Вазьму зараз для параўнання некалькі фактаў па восеньскіх кірмашах па краіне, а дакладней толькі па двух рэгіенах. Спачатку возьмем Гомельскую вобласць. Ужо тысячу тон сельгаспрадукцыі рэалізавалі на восеньскіх кірмашах гэтага рэгіёна. Кірмашы праходзяць тут ва ўсіх гарадах, раённых цэнтрах, буйных населеных пунктах. Для іх правядзення вызначылі каля 100 пляцовак, у тым ліку 23 пастаянна дзеючыя. Напрыклад, у абласным цэнтры месцы для продажу сельгаспрадукцыі ёсць ва ўсіх мікрараёнах. Пашыраныя кірмашы выхаднога дня традыцыйна праводзяцца на плошчы Паўстання. Усяго на верасень-кастрычнік у вобласці запланавана 390 кірмашоў, у тым ліку 317 пашыраных кірмашоў выхаднога дня. Калі ўмовы надвор'я будуць спрыяльнымі, кірмашы прадоўжацца і ў лістападзе.
А зараз цэны: за кілаграм бульбы цана вар'іруецца ад Br0,45 да Br1,2, буракі – ад Br0,7 да Br1,2, морквы – ад Br0,7 да Br1,5, белакачанную капусту прадаюць ад Br0,4 да Br1,2, цыбулю – ад Br0,8 да Br2, яблыкі – ад Br0,8 да Br2,5.
Для маніторынгу цэн ва ўсіх раёнах і галоўным упраўленні гандлю і паслуг гомельскага аблвыканкама створаны рабочыя і мабільныя групы, у склад якіх уваходзяць і прадстаўнікі прафсаюзаў, мясцовых саветаў дэпутатаў, грамадскіх аб'яднанняў. Працуюць і гарачыя лініі для зваротаў людзей і суб'ектаў гаспадарання.
З мінулай суботы ў Брэсце стартавалі таксама восеньскія кірмашы. Вось арыенціровачныя цэны ў гэтым паўдневым рэгіёне. Бульба каштуе на 20 капеек даражэй за кілаграм і так далей. Самыя дарагія тут перцы – 3-4 рублі за кілаграм. Затое мёд – толькі 16 рублёў за кілаграм.
Магчыма, са мной будуць зараз сппрачацца некаторыя слухачы, маўляў, гэта не так ужо і танна. Аднак, пагадзіцеся, і не дорага. Сама зрабіла пакупкі і паспрабавала падлічыць. Атрымалася, на 50 рублёў я набыла неабходныя сельгаспрадукты на некалькі месяцаў.