У Беларусі створаны Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы. Яго стварэнне, безумоўна, было невыпадковым. Тое, што зараз адбываецца ў нашай суседняй дзяржаве – Украіне – яскрава гаворыць: гісторыю нельга скажаць, забываць, нельга карыстацца гістарычнымі фактамі як інструментам для дасягнення палітычных сумніўных дывідэнтаў.
Пасля распаду Савецкага Саюза, дзесьці ў сярэдзіне 90-х, завітала да сваякоў на Украіну. І тут здарылася нечаканая экскурсія ў Львоў – горад дзівосны, прыгожы, старажытны. Кінулася ў вочы рэклама – запрашаем у музей Бендэры. Спрацавала журналісцкая цікаўнасць і я, канешне ж пайшла. І тут экскурсія – дзеткі – клас дзесьці трэці, чацверты. Тое, што я пачула падчас гэтай экскурсіі, стала не проста нечаканасцю, выклікала гнеў і абурэнне. Уся гісторыя Бендэры была перапісана так, як таго патрабавала нацысцкая ідэалогія: не проста герой, а асоба выключная ў гісторыі Украіны. На мае пытанне да настаўнікаў, што прывялі дзетак, «што вы робіце?», адмахнуліся і адказалі «не ваша справа!» Маўляў, гэта наша краіна і наш герой. А з таго часу вырасла не адно пакаленне ўкраінцаў. Вось вам і крыніца нацысцкай ідэалогіі.
Код беларусаў, упэўнена, не падуладны такой ідэалогіі. Тым не менш, Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы павінен апярэдзіць любыя спробы фальсіфікацыі гісторыі, і не толькі ваеннай, гераічнай. У гісторыі Беларусі ёсць перыяды недастаткова даследаваныя. Як кажуць, асобныя. Іх проста прыватызавалі іншымі: тымі ж літоўцамі, што тычыцца, да прыкладу, Вялікага княства Літоўскага. Ці палякамі, што да Рэчы Паспалітай. Таму трэба аднавіць сваю гісторыю – сапраўдную, аб'ектыўную, без фальсіфікацый, праўдзівую. Наш народ мае глыбокія гістарычныя карані па сваёй значнасці і яны не горшыя, чым у іншым еўрапейскім народзе альбо дзяржаве. Так, бадай, можна акрэсліць місію Рэспубліканскаг савета па гістарычнай палітыцы.
Савет будзе знаходзіцца «пад крылом» Адміністрацыі Прэзідэнта ў статусе пастаяннага органа, які будзе каардынаваць адзіную дзяржаўную палітыку ў галіне гістарычнай памяці. У склад Савета на грамадскай аснове ўвайші вядомыя навукоўцы ў галіне гуманітарных ведаў, аўтарытэтныя грамадскія дзеячы, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, экспертнай супольнасці, дзяржорганаў і арганізацый. Груз адказнасці за працу, якая прадстаўляе дзяржаўную важнасць, усклалі на Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. І таму зараз акадэмікам трэба будзе займацца арганізацыйным, экспертным, аналітычным і навуковым забеспячэннем работы Савета.
І яшчэ крыху афіцыйнай інфармацыі. Важным складнікам дзейнасці Савета стане каардынацыя працы дзяржаўных органаў у сферы гістарычнай палітыкі і кантроль за выкананнем уласных рашэнняў. Таксама трэба будзе займацца падрыхтоўкай праектаў прававых актаў і заключэнняў, вывучэннем і маніторынгам грамадскай думкі па сацыяльных і гуманітарных пытаннях. І такая цікавая рэч. Савет мае права выступіць з ініцыятывай прысвоіць, напрыклад, назву геаграфічнаму аб'екту або перайменаваць яго. Вядома, калі аб'ект мае гістарычную каштоўнасць. У сферу кампетэнцыі Савета ўвайшло ўвекавечанне памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны, вядомых людзей Беларусі. Савету дадзена права курыраваць і выдавецкую дзейнасць. Словам, Савет пакуль напачатку шляху.