Падзяліцца:
«Па сутнасці. Невядомую гісторыю зрабіць вядомай». Радыёблог Алены Швайко
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.09.2022
«Па сутнасці. Невядомую гісторыю зрабіць вядомай». Радыёблог Алены Швайко

Ёсць навуковая сфера, пра якую гавораць вельмі мала ў сродках масавай інфармацыі. Яна не гучная, сціплая і вельмі працаёмкая. Заняты ў ёй вучоныя, якіх проста захапіла жаданне пазнаць гісторыю не па падручніках і архівах. Пра гэту навуковую сферу ўспамінаюць толькі тады, калі адбываецца пэўнае навуковае адкрыццё – размова ідзе пра археалогію. Гэта, бадай, адна з тых навуковых старонак, дзе знаходкі мяняюць многае ў гістарычнй біяграфіі буйнога горада, дзяржавы, этнаса.

Днямі Мінск адсвяткаваў унушальны юбілей – 955 гадоў з часу заснавання. Мала хто з мінчан ведае, што зараз на мінскім замчышчы вядуцца ўнікальныя археалагічныя раскопкі, якія могуць прыадкрыць таямніцы многіх гістарычных фактаў пра заснаванне нашай сталіцы. Мінскае замчышча было выяўлена якраз пасля пачатку будаўніцтва сталічнага метро. На пэўны час раскопкі закансервавалі. Зараз яны аднавіліся. Як ідуць работы, паглядзеў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і быў здзіўлены тымі маштабнымі работамі. Не магу не прываесці ў «Радыеблогу» яго словы...

Так, мінскае гарадзішча – гістарычны помнік, значны па маштабнасці не толькі для Беларусі, але і ўсёй Усходняй Еўропы. Калі будзе навуковае абгрунтаванне – Мінскае гарадзішча набудзе статус помніка рэспубліканскага значэння.

Калі мы закранулі археалогію, то пойдзем далей: на полацкай зямлі завершана першае за паўстагоддзе маштабнае археалагічнае даследаванне. У самім Полацку завершаны маштабныя раскопкі на тэрыторыі Верхняга замка. Гэта гістарычны цэнтр, дзе глыбіня культурнага слою дасягае 8 метраў. Тут хутка пачнецца будаўніцтва корпуса полацкага кадэцкага вучылішча. Таму і задача археолагаў была такая: максімальна вывучыць мясцовасць і дастаць з зямлі ўсе, што захоўвалася вякамі.

Сёння вучоныя працуюць на глыбіні 6 метраў. Усе знаходкі – равеснікі Еўфрасінні Полацкай, а магчыма і ранейшыя – Рагнеды. Дакладна даціраваць артэфакты будуць разумныя машыны ў лабараторыях. А пакуль – гіпотэзы вучоных і палёт фантазіі валанцераў, што працуюць тут на раскопах. Колькасць знаходак, дарэчы, тут на тэрыторыі Верхняга замка набліжаецца да 3 тысяч. Сярод іх нацельныя крыжыкі, фібулы, каменныя грабяні, былі і падвескі – усё з канца ХХ-пачатку ХІ стагоддзяў. Многія працуюць спецыяльнымі металашукальнікамі. Калі адчуваеш звон ў вушах – значыць знаходка.

Асаблівую каштоўнасць маюць знаходкі архітэктурныя. Ім, такім пабудовам – тысяча гадоў. Мокры культурны слой тут, у Верхнім замку Полацка, прынёс сапраўдную сенсацыю – археолагі знайшлі сцяну Полацкага вала. Яшчэ адна група вучоных працуе на склоне ракі Полата, на месцы пахавання часоў вайны з арміяй Напалеона. Дзве маштабныя баталіі за Полацк даціруюцца жніўнем і кастрычнікам 1812 года.

Я падрабязна спынілася толькі на двух адрасах раскопак беларускіх археолагаў – мінскім і полацкім замчышчах. Работы ж вядуцца актыўна і ў Лідскім замку. Даследуецца тэрыторыя даліны Дняпра паміж Рэчыцай і вёскай Копань. У Крэўскім замку пачаўся новы этап з рэстаўрацыяй фрагментаў будынка.

І заглянем зараз на каляндар археалагічных знаходак міжнароднага плана. Не магу не сказаць, што археолагі Расіі знайшлі на раскопках селішча Прывольнае-1 пад Калінінградам пячатку Манамаха. Гэта знаходка пашырае ўяўленне вучоных аб культурных і палітычных узаемаадносінах паміж прусамі і старажытнай Руссю часоў Сярэднявечча. Маштаб для вывучэння дэталева – каласальны.

Работы шмат і вельмі цікавай, таму я поўнасцю згодна з нашым прэм'ерам: археалагічную спадчыну патрэбна вывучаць і вывучаць. Далучаць да работы максімум гісторыкаў і валанцёраў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: