Падзяліцца:
«Па сутнасці. Новая магчымасць для моладзі рэалізаваць ідэю». Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 10.11.2021
«Па сутнасці. Новая магчымасць для моладзі рэалізаваць ідэю». Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Нядаўна ўбачыла навіну ў некалькі радкоў: Цэнтральны камітэт Беларускага рэспубліканскага Саюза моладзі рыхтуецца аб'явіць «Конкурс маладзёжных ініцыятыў». Штосьці падобнае на конкурс «100 ідэй для Беларусі». Аднак ёсць адрозненне. 100 ідэй – гэта ўжо выпакутаваная канцэпцыя аўтарскага калектыву, маладзёжнай каманды. За яе патрэбна, безумоўна, пазмагацца, падрыхтавацца аналітычна і даказаць, што менавіта твая ідэя дастойна ўвасаблення, пэўнай фінансавай падтрымкі і дастойна таго, каб быць укаранёнай ў тую альбо іншую тэхнічную сферу. Звычайна гэта працяглы шлях, ад ідэі да яе ўвасаблення.

А вось новы «Конкурс маладзёжных ініцыятыў» мае аблегчаны варыянт. Калі знаёмілася з канцэпцыяй конкурсу, стала вельмі крыўдна, што ўжо маю не той узрост, каб быць пачутай са сваёй ініцыятывай. Бо надзвычай цікавая канцэпцыя конкурсу. Кожная ініцыятыва, калі мае рацыянальнае зерне, мае права прэтэндаваць на малы грант.

Ініцыятыва падаецца праз пэўную заяўку. Пададзены пакуль толькі два дзясяткі такіх заяў. Пакуль малавата. Першыя заявы накіраваны ўжо на незалежную экспертызу. Варта адзначыць, што тэрмін падачы заявак абмежаваны – толькі да канца лістапада. Такім чынам, самыя абгрунтаваныя, цікавыя, крэатыўныя і карысныя маладзёжныя ініцыятывы чакаюць у БРСМ.

Па-сутнасці, гэта ўнікальная магчымасць моладзі прадэманстраваць талент і творчы патэнцыял. Праект надзвычай творчы і дае магчымасць рэалізаваць ідэю як у маштабах краіны, так і лакальна ў канкрэтных рэгіёнах. Каму як не маладым беларусам, якія жывуць у тым ці іншым рэгіёне, ведаць мясцовыя праблемы і прапаноўваць шляхі іх вырашэння.

Тэматыка ініцыятыў розная. Аднак, безумоўна, звяртаецца ўвага на сацыяльную значнасць праекта, патрыятычную накіраванасць, рэалістычнасць яго выканання. Дарэчы, новы праект з'явіўся дзякуючы ініцыятыве самой моладзі. На сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі, што прайшла ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў пачатку гэтага года, маладыя людзі папрасілі стварыць механізм падтрымкі іх ініцыятыў. У выніку былі выпрацаваны падыходы, падрыхтаваны неабходныя дакументы, каб моладзь магла прапанаваць свае ідэі, якія былі б накіраваны на паляпшэнне ўмоў іх жыцця, садзейнічалі развіццю маладзёжнай палітыкі.

Такім чынам, ад моладзі чакаюць самых розных прапаноў ва ўсіх напрамках, пачынаючы ад патрыятычнага і прававога выхавання і да здаровага ладу жыцця. І галоўнае, каб твая ініцыятыва стала тым мосцікам даверу да маладых равеснікаў і каб яны таксама пакінулі ў спакоі свае гаджэты і зарадзіліся тваёй энергіяй.

Есць адна асаблівасць у конкурсу: падаецца заява і разам з ёю пакет дакументаў, дзе ёсць і дакладныя разлікі кошту ініцыятывы, каб яе рэалізаваць. «Конкурс маладзёжных ініцыятыў» – першы такі вопыт у Беларусі. Калі ён прыжывецца, то фінансаванне лепшых праектаў забяспечыць адзін з партнёраў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: