На сайце Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы апублікаваны імёны лаўрэатаў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2021-2022 гады. Паколькі мне не раз даводзілася асвятляць такія падзеі, то спынюся больш дэталёва на гэтай прэміі.
Спачатку невялікая гістарычная даведка: упершыню прэмія была прысуджана ў 2002 годзе. А як нараджалася ідэя аб яе прысуджэнні? На пасяджэнні чарговага семінара пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях фінансавання і развіцця культурных праектаў паміж краінамі прагучала такая прапанова: лепшыя творы мастакоў, пісьменнікаў, артыстаў, рэжысёраў, творцаў розных прафесій, якія ўслаўляюць братэрсікія сувязі паіміж двума народамі, напаўняюць шырокім гуманітарным зместам інтэграцыйныя накірункі і проста расказваюць пра адвечныя каштоўнасці беларусаў і расіян, патрэбна адзначаць прэміяй. Быў створаны спецыяльны Кансультатыўны савет пры Парламенцкім Сходзе, у які ўвайшлі акрамя дэпутатаў, творчыя работнікі дзьвух дзяржаў. Гэта людзі дасведчаныя, знакамітыя персоны.
Пасяджэнне Савета праходзіць некалькі разоў на год, разглядаюцца ўсе нюансы работы, што намініравана на прэмію. Была сведкай, як праходзяць такія дыскусіі: спачатку разглядаецца мастацкая вартасць твора, потым – калі да прыкладу, размова ідзе пра тэатральную пастаноўку – адзначаецца, колькі разоў спектакль пабываў на тэатральных падмостках у Беларусі і Расіі, якія былі водгукі ад гледачоў і меркаванні, якая ідэя была закладзена ў яго аснову. Бываюць сітуацыі, калі намінант прымаў удзел і ў тэатральных пастаноўках, і здымаўся ў фільмах расійскіх рэжысераў, быў галоўным выканаўцам у музычным шоў. Да прыкладу – так было з лаурэатам прэміі Саюзнай дзяржавы, беларускім акцёрам Валерыем Гасцюхіным.
Такім чынам, прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва прысуджаецца адзін раз у два гады за творы мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі-удзельніцамі Саюзнай дзяржавы.
Усяго ўручаецца тры прэміі, кожная па 5 млн расійскіх рублёў. Сярод першых лаўрэатаў прэміі – акцёры Аляксей Пятрэнка, Аляксандр Калягін, Расціслаў Янкоўскі і Валерый Гасцюхін, кампазітар Аляксандра Пахмутава, драматург Аляксей Дудараў, пісьменнік Іван Шамякін, мастакі Міхаіл Савіцкі і Георгій Паплаўскі. Рашэнне аб прысуджэнні прэмій прымае Вышэйшы Дзяржсавет Саюзнай дзяржавы. Узнагароду, як правіла, уручае старшыня Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
На гэты раз уладальнікамі ўзнагароды сталі тры аўтарскія калектывы. Прэмія прысуджана пастаноўшчыкам канцэртных праграм розных гадоў на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»: Леаніду Багараду (пасмяротна), Аляксандру Вавілаву, Ірыне Коўленай, Сяргею Пятрову, Марыне Раманоўскай. Лаўрэатамі сталі таксама аўтары выдавецкага праекта, прысвечанага 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, Іван Антановіч, Сяргей Кандыбовіч, Пётр Клімук, Аляксандра Казапалянская, Аксана Салопава, Кацярына Роева-Мкртчан і Мікалай Чахлоў. Акрамя таго, прэмія Саюзнай дзяржавы прысуджана аўтарам праекта «Ржэўскі мемарыял Савецкаму Салдату» Андрэю Карабцову і Канстанціну Фаміну.
Чакаецца, што ўзнагарода будзе ўручана сёння на цырымоніі адкрыцця ХХХI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». На наступны дзень, 15 ліпеня, лаўрэаты прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2021-2022 гады дадуць прэс-канферэнцыю ў Віцебскім доме кіно. З гэтага мерапрыемства на «Славянскім базары ў Віцебску» і стартуюць Дні Саюзнай дзяржавы.