Падзяліцца:
«Па сутнасці. Прыёмная кампанія прайшла паспяхова!» Радыёблог Алены Швайко
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.08.2022
«Па сутнасці. Прыёмная кампанія прайшла паспяхова!» Радыёблог Алены Швайко

Жнівень – месяц канчатковага рашэння для тысяч абітурыентаў, якая прафесія можа стаць лёсам на ўсё жыццё. І вось палова жніўня мінула, і можна падвесці пэўныя вынікі.

Аднак спачатку павіншуем тых, хто набраў высокія балы і залічаны на бюджэтную форму адукацыі. Зрэшты, і платнікі могуць таксама парадавацца: хоць і павысілі плату за вучобу ў ВНУ, аднак зусім не нашмат. Так, павышэнне кошту адукацыі на платнай аснове склала да 10%. Дарэчы, кожная ВНУ карэкціроўкі ажыццяўляла самастойна: дзесьці ў маштабах усяго ўніверсітэта, дзесьці – толькі асобных спецыяльнасцей.

Такім чынам, у Беларусі завяршылася прыёмная кампанія ва ўстановах вышэйшай адукацыі, за выключэннем завочнай формы навучання на спецыяльнасцях сельскагаспадарчай накіраванасці. Там прыём будзе ажыццяўляцца ў лістападзе-снежні гэтага года.

І ўжо сёння можна канстатаваць: кампанія праведзена паспяхова.

Той прыём, які адбыўся ў гэтым годзе, у першую чаргу на бюджэтную форму атрымання адукацыі, на мэтавую форму, – гэта тыя спецыялісты, якіх атрымаюць заказчыкі кадраў праз 4-5 гадоў у якасці маладых спецыялістаў. А гэта найбольш перспектыўная частка працоўных рэсурсаў.

Некалькі лічбаў. Калі гаварыць аб колькаснай частцы праведзенай уступнай кампаніі, то бюджэтных месцаў паводле планаў было амаль 27,8 тысяч. Практычна на 100% бюджэтны план выкананы. Аднак трэба мець на ўвазе, што на бюджэтную завочную форму сельскагаспадарчых спецыяльнасцей прыём будзе ажыццяўляцца ў лістападзе, а ў снежні завершыцца залічэннем. Таму лічбы павялічацца.

Такая ж тэндэнцыя прасочваецца і на платнай форме навучання. Гэта 25,5 тысяч месцаў – яны фактычна больш чым на 95% запоўнены. Тут зноў жа выключэнне – завочная форма сельскагаспадарчых спецыяльнасцей, там прыём яшчэ наперадзе. Такі высокі попыт сярод абітурыентаў на атрыманне адукацыі – добрая тэндэнцыя. Гэта сведчыць пра рэйтынг беларускіх ВНУ і прэстыжнасць атрымання вышэйшай адукацыі ў Беларусі.

Кожная ВНУ штогод адкрывае новыя спецыяльнасці. Сёлета такіх было каля паўтара дзясятка. Назаву некалькі: урбаналогія і сіці-менеджмент, геаінфармацыйныя тэхналогіі ў турыстычнай і экскурсійнай дзейнасці, біяінфарматыка і біяінжынерыя. Яны карысталіся папулярнасцю сярод абітурыентаў. І таму ўсе планавыя лічбы набору і на бюджэт, і на платную форму па гэтых спецыяльнасцях былі выкананы. А гэта сведчыць і пра эфектыўную інфармацыйную работу не толькі саміх ВНУ, але і сродкаў масавай інфармацыі. Хачу нагадаць: мы не раз запрашалі ў эфір Беларускага радыё спецыялістаў такога профілю і дэталёва разважалі пра неабходнасць адкрыцця якраз такіх сучасных спецыяльнасцей. А запатрабаванасць з боку заказчыкаў кадраў і працадаўцаў на гэтыя спецыяльнасці значная.

Традыцыйна сёлета былі запатрабаваны спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю, медыцынскія, ІТ-спецыяльнасці, педагагічныя. Усе яны характарызаваліся высокімі конкурсамі, у асобных выпадках конкурс складаў больш за тры чалавекі на месца. Словам, прыёмная кампанія завершана паспяхова.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: