Падзяліцца:
«Па сутнасці. Школьны базар наведалі? Самы час!» Радыёблог Алены Швайко
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.08.2023
«Па сутнасці. Школьны базар наведалі? Самы час!» Радыёблог Алены Швайко

Звяртаюся адразу да бацькоў, у якіх ёсць дзеці-школьнікі. Сёння ўжо 11 жніўня. Апошні месяц лета хуткімі тэмпамі збягае з календара, і клопаты школьныя няўмольна нагадваюць пра сябе. Да слова, пачалі працаваць ўжо і школьныя базары. Самыя маштабныя разгарнуліся ў чатырох найбуйнейшых універмагах Мінска яшчэ ў сярэдзіне ліпеня. На сёння там прадстаўлены ўвесь асартымент тавараў для школы (адзенне, абутак, галантарэя і канцылярыя), разлічаны на мінчан з рознай пакупніцкай здольнасцю. Вынікі маніторынгу МАРГ пэўных груп тавараў сведчаць: надбаўка на тавары школьнага асартыменту сёння не перасягае 28%. Мінімальны парог, па якім школьніка малодшага ўзросту можна падрыхтаваць да навучальнага года, складае Br390, максімальны – Br1,1 тыс. Для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага звяна парог крыху вышэйшы. Бацькам давядзецца патраціць ад Br460 да Br1,3 тыс.

Акрамя ўнівермагаў, аддзелы па рэалізацыі школьных тавараў адкрыты ў магазінах з гандлем плошчай ад 300 кв.м, дзе ў асноўным прадстаўлены канцылярскія і папяровыя тавары. Дарэчы, школьны базар, як і год таму, пачне працаваць на пляцоўцы каля Палаца спорту. Цяпер там дзейнічае фан-зона для балельшчыкаў II Гульняў краін СНД, але 19-20 і 26-27 жніўня, а таксама ў першыя выхадныя верасня на добра вядомай мінчанам і гасцям горада пляцоўцы разгорнецца маштабны школьны базар. Вялікая колькасць вытворцаў лёгкай прамысловасці прадставяць каля Палаца спорту прадукцыю для школьнікаў, а пакупнікі, мінаючы гадлёвыя сеткі, змогуць набыць упадабаныя тавары з прыемнай скідкай. Я асабіста ведаю бацькоў, якія чакаюць менавіта гэтага школьнага базару каля Палаца спорту.

А зараз пра тое, як будуць выглядаць нашы школьнікі у сэнсе адзення. Вось і мой унук на сёння ўжо мае некалькі элементаў да школьнай формы.

Дзяржаўным школьным стандартам, зацверджаным Міністэрствам адукацыі яшчэ ў мае мінулага года, уведзены адзіныя элементы адзення дзелавога стылю для навучэнцаў з размяшчэннем эмблемы ўстановы адукацыі. Да эмблемы многія адносяцца скептычна. А дарэмна, гэта фарміруе карпаратыўную этыку, выхоўвае гонар за ўстанову адукацыі, Да і наогул, гэта і функцыянальнасць, і прывабнасць адзення.

Ёсць і такая статыстыка: у мінулым годзе 70% устаноў адукацыі выбіралі варыянт набыцця адзення праз гандлёвую сетку. Сёлета палова ўстаноў, вядома, па ўзгадненні з бацькамі, пажадалі аформіць заказ на школьную форму непасрэдна на швейным прадпрыемстве-вытворцы. А гэта дазваляе бацькам вар’іраваць розныя элементы на школьным адзенні. Папярэдне ва ўстановах адукацыі арганізаваны паказы розных мадэляў, а ў прадпрыемстваў-вытворцаў была магчымасць пачуць пажаданні бацькоў. Акрамя таго, да 2023/24 навучальнага года арганізацыі канцэрна «Беллегпрам» распрацавалі новыя калекцыі адзення дзелавога стылю ў каляровай гаме – сіняй, шэрай, чорнай і бардовай. Абнаўленне склала прыкладна 70%. Каля 200 новых мадэляў распрацавана для хлопчыкаў і 250 – для дзяўчынак. Да прыкладу, для дзяўчынак: сарафаны, сукенкі, спадніцы, жылеты, жакеты, штаны. Да іх дапаўненне: класічныя дзелавыя і святочныя блузкі. Для хлопчыкаў – касцюм, камплект, піджак, жакет, жылет, штаны. Ёсць і дапаўняльныя элементы – кашулі і джэмпер. Словам, выбар шырокі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: