Мой унук-школьнік з нейкім сумам стаў падлічваць, колькі яшчэ таго лета засталося да пачатку школьнага перыяду. Для мяне аказалася шмат, для яго не вельмі – толькі дваццаць пяць дзён. Пачаў пералічваць справы, якія патрэбна яшчэ яму зрабіць. І я зразумела: гэтых 25 дзён не хопіць. Не паспее. І яшчэ зразумела – час купляць неабходнае для той жа школы. І завітала на школьны кірмаш.
Дарэчы, іх толькі ў Мінскай вобласці – 55. А так званых «куткоў першакласніка» – 584. Школьныя кірмашы ў сталічнай вобласці адкрыліся 15 ліпеня. Зараз яны працуюць ва ўсіх гарадах рэгіёну, у сельскай мясцовасці гандлююць выязныя брыгады дзяржаўных крам.
Што можна набыць? Традыцыйна шырокі асартымент абутку, адзення, панчох і шкарпэтак, заплечнікаў і ранцаў, канцылярскіх тавараў. І, што адметна, – ёсць рэгулярныя скідкі і акцыі. Падлічыла: арыенціровачны кошт набору неабходных для вучобы прадметаў для вучняў 1-4-х класаў складае ад 62 да 314 беларускіх рублёў, для 5-9-х класаў – ад 63 да 356, для 10-11-х класаў – усё можна набыць за 384 рублі. Прычым тавары школьнага асартыменту рэалізуюць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі гадлёвыя аб'екты ўсіх форм уласнасці. Працаваць будуць да верасня.
Што прапануюць з адзення для школьнікаў? Гэта больш за 230 мадэляў адзення дзелавога стылю для дзяўчат і больш за 210 мадэляў – для хлопчыкаў. Цікавыя і разнастайныя мадэлі трыкатажных вырабаў, сама пабачыла. Гэта розныя джэмперы, камізэлькі і жакеты для дзяўчат і хлопцаў.
А што ў сталіцы? Усе ўнівермагі Мінска адкрылі секцыі адзення школьнага асартыменту. Экіпіроўка камплекта да навучальнага года складае адзенне, абутак, галантарэйныя тавары і школьныя прыналежнасці. Пры гэтым бацькам даступныя праграмы растэрміноўкі плацяжу, выкарыстанне карт растэрміноўкі. Шматдзетным сем'ям і тым, хто мае патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы, ва ўнівермагах пастаянна прапануюцца 10%-ныя скідкі. Акрамя таго, рэгулярна праводзяцца дні скідак са зніжэннем кошту на ўсе нехарчовыя тавары на 20-35%.
Галоўнае – спецыялісты раяць бацькам звяртаць увагу на якасць тавараў, уважліва чытаць этыкеткі на той мадэлі, што спадабалася. І вось тут вельмі рызыкоўна рабіць пакупкі ў месцах стыхійнага гандлю. А іх шмат на вуліцах, уздоўж шасэйных дарог.
Дарэчы, Дзяржстандарт правеў маніторынг школьнай прадукцыі для дзяцей. Выбралі амаль 2,5 тысячы назваў прадукцыі школьнага асартыменту. Бралі не толькі айчынную вытворчасць, але правяралі адзенне, абутак з Расіі, Кітая, Узбекістана, Казахстана, Кыргызстана, Турцыі, Польшчы і В'етнама. Трапілі ў прыцэл спецыялістаў рукзакі і ранцы, канцылярскія тавары. Патрабаванні да гэтай катэгорыі прадукцыі ўстаноўлены ў адпаведным тэхнічным рэгламенце Мытнага саюза. Парушэнні выяўлены практычна ва ўсіх найменнях прадукцыі. У вырабах айчыннай вытворчасці іх было значна менш.
Якія асноўныя парушэнні? Яны звязаны з такімі паказчыкамі бяспекі, як перавышэнне дапушчальнага значэння вышыні абцаса ў абутку, прызначаным для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, прымяненне ў закрытым абутку недапушчальнай падкладкі са штучнай і сінтэтычнай скуры. Адзенне правяралася на «паветрапранікальнасць», «гіграскапічнасць». Парушэнні таксама былі звязаны з маркіроўкай, у некаторых выпадках адсутнічалі дакументы аб ацэнцы адпаведнасці.
Па выніках праведзенай работы забаронены ўвоз і абарот на тэрыторыі Беларусі 48 найменняў імпартнай небяспечнай прадукцыі для дзяцей і падлеткаў школьнага ўзросту.
Так, пара школьных кірмашоў набірае тэмп. Пры выбары тавараў для школьнікаў уважліва вывучайце маркіроўку, незалежна ад таго, дзе вы іх купляеце. У ёй шмат карыснай інфармацыі, напрыклад, пра склад тканіны. А вось наяўнасць у маркіроўцы знака ЕАС сведчыць, што прадукцыя прайшла пацвярджэнне адпаведнасці і бяспечная для выкарыстання.