Падзяліцца:
«Па сутнасці. Схадзіце і паглядзіце. Каб памятаць...» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.06.2022
«Па сутнасці. Схадзіце і паглядзіце. Каб памятаць...» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Сёння 22 чэрвеня – гэтая дата нават праз стагоддзі будзе нагадваць нам пра той жудасны цывілізацыйны надлом, што перанеслі славянскія (і не толькі) народы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сёння Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыда беларускага народа.

У Беларусі на гэтыя дні, сёння і заўтра, запланавана шмат знакавых мерапрыемстваў. Адно з іх – рэканструкцыя падзей ночы 22 чэрвеня 1941 года ў Брэсцкай крэпасці-героі.

У мяне з гэтай датай звязаны асабістыя перажыванні. І хаця маё пакаленне пасляваеннае, пра тыя дні мая маці расказвала ў дэталях. 22 чэрвеня 1941-га – дзень выхадны. Бацькі мае вырашылі якраз у гэты дзень павянчацца. А праз ноч нашу тэрыторыю ўжо бамбілі нямецкія самалёты. І планы маладых змяніліся. Дакладней, іх проста ўжо не стала. Прыкладна праз тыдзень маіх бацькоў угналі ў Германію на прымусовыя работы. Так атрымалася, што іх разлучылі падчас дарогі. Мама апынулася ў лагеры смерці Равенсбрук, а бацька працаваў на прымусовых работах. Маці шмат расказвала пра вопыты нямецкіх урачоў над славянскімі жанчынамі. А сустрэліся зноў мае бацькі ў Брэсце ў 1945 годзе на вакзале. Не пазналі адно аднаго…

Матчыны расказы пра тыя гады назаўседы ў маёй памяці. Гэта той генетычны код, які нельга разбурыць альбо знішчыць. І сёння пра тыя гады вельмі патрэбна расказваць моладзі. Зараз якраз у краіне разгарнулася маштабная работа па захаванні гістарычнай памяці. Штуршком да яе, безумоўна, стаў Год гістарычнай памяці, пошукавая работа. А таксама – знос помнікаў савецкаму салдату ў краінах Балтыі, Украіне, шэрагу заходніх дзяржаў. І, вядома, непрыкрытая агідная прапаганда пра вынікі Вялікай Айчыннай.

Расказваць моладзі пра генацыд беларускага народа трэба пастаянна. І не толькі ў Год гістарычнай памяці – гэта штодзённая задача, у першую чаргу сістэмы органаў адукацыі. Дзеці ўжо з дзіцячага сада павінны разумець ролю і значэнне найважнейшых гістарычных падзей нашай дзяржавы, каб іх правільна ацэньваць, захоўваць гістарычную памяць. Мяркую, гэта важна таму, што людзі, якія так ці інакш засталі вайну – у дзяцінстве або ваявалі непасрэдна, – сыходзяць. Патрэбна захоўваць тыя чалавечыя перажыванні, тыя падзеі, сведкамі якіх яны былі. І ў першую чаргу гэта актуальна сёння, калі перапісваецца гісторыя.

І яшчэ. Сёння абавязкова завітайце ў мінскі кінатэатр «Беларусь». Там пройдзе паказ фільма «Ідзі і глядзі» і творчая сустрэча з гукарэжысёрам кінастужкі Віктарам Морсам. Гэты фільм я глядзела адразу пасля яго выхаду ў 1985 годзе і памятаю амаль кожны кадр. Фільм Элема Клімава «Ідзі і глядзі», што пакажуць сёння, адрэстаўрыраваны. Дарэчы, сёння на палях рэспубліканскай акцыі «Кінаўрокі гісторыі» па ўсіх абласцях Беларусі пройдуць паказы гэтай стужкі і творчыя сустрэчы.

Нагадаю, у цэнтры ваеннай драмы беларускі хлопчык, які становіцца сведкам жахаў нацысцкай карнай акцыі, на працягу двух дзён ператвараючыся з жыццярадаснага падлетка ў сівога старога. Фільм быў высока ацэнены гледачамі яшчэ ў момант прэм'еры на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі. Там ён удастоены «Залатога прыза». У тым жа годзе стужка была вылучана ад СССР у лік прэтэндэнтаў на прэмію «Оскар» у намінацыі «Лепшы фільм на замежнай мове». Неаднаразова адзначалі карціну і за мяжой: паводле версіі часопіса Time Out яна займае шосты радок у спісе «50 найлепшых ваенных фільмаў усіх часоў», адначасова з'яўляючыся лепшым фільмам аб Другой сусветнай вайне.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: