Падзяліцца:
«Па сутнасці. Стань самім сабой, без дадатку-гаджату!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.07.2021
«Па сутнасці. Стань самім сабой, без дадатку-гаджату!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Калі вы аўтаматар, то гэта пасыл для вас. Колькі разоў даводзілася чуць, што за рулём нельга размаўляць па мабільным тэлефоне. Гэта вельмі і вельмі небяспечна. Аднак колькі ні папярэджваюць работнікі ДАІ пра гэтую небяспечную з'яву, ды і пешаходы не маўчаць, – усё роўна пабачыць вадзіцеля з мабільнікам у руках можна кожны дзень.

Нагадаю нядаўнюю трагедыю ў Падмаскоўі: маладая дзяўчына стала ўдзельніцай жудаснага дарожна-транспартнага здарэння. На пераходзе збілі жанчыну з дзецьмі. Двое малых загінулі. Маці пацярпела. Маленькага дзевяцімесячнага ўрачы ратуюць. Версія, якая становіцца верагоднай прычынай: на пераходзе яна не прытармазіла, таму што была занята размовай па сваім мабільніку. Вось так: простая ганебная неахайнасць і ў выніку – жудасная трагедыя.

Мабільны тэлефон даўно ўжо стаў звыклым аксесуарам жыцця і нават сродкам першай неабходнасці. Пры гэтым часцяком на тэлефонную размову людзі адцягваюцца ў самы непрыдатны момант, у тым ліку і за рулём. Аднак усе мы разумеем: такія размовы зусім не бяскрыўдныя. Шматлікія даследаванні паказваюць, што час рэакцыі на сітуацыю пры размове па тэлефоне даўжэйшы на паўтары секунды. Давайце падлічым. Пры хуткасці 60 км за гадзіну аўтамабіль за гэтыя паўтары секунды праедзе больш за 20 метраў. Можна ўявіць, да якіх наступстваў можа прывесці такое «спазненне» пры ўзнікненні раптоўнай экстрэмальнай сітуацыі.

Спецыялісты Дзяраўтаінспекцыі сцвярджаюць, што выкарыстанне мабільнага тэлефона падчас кіравання аўтамабілем ў чатыры разы павялічвае рызыку няшчаснага выпадку. Чалавек, які размаўляе па сотавым, трымаючы адной рукой руль машыны, а другой – гаджэт, не можа належным чынам рэагаваць на магчымыя нечаканасці. Да прыкладу, рэзкае спыненне машыны перад яго аўтамабілем, змену сігналу светлафора і іншыя сітуацыі.

Падчас размовы па мабільным тэлефоне вадзіцель канцэнтруе ўвагу на паласе руху, ігнаруючы перыферыйную інфармацыю, тое, што адбываецца непасрэдна на шашы і за вакном.

Мужчыны і жанчыны – вадзіцелі – аднолькава схільныя да зменлівасці ўвагі пры кіраванні аўтамабілем і адначасовай размове па сотавым тэлефоне. І тут няма розніцы ва ўзросце: і маладыя і пажылыя вадзіцелі аднолькава рэагуюць, а дакладней не рэагуюццуь на зменлівасць сітуацыі на дарогах, калі ў руках сотавы тэлефон ды яшчэ і з фатаграфіяй субяседніка. На гэты выпадак спецыялісты рэкамендуюць абсталяваць машыну спецыяльнай прыладай, якая дазволіць весці гутарку па мабільніку без выкарыстання рук. Дарэчы, ў ДАІ нагадваюць і пра штраф, які вам дадуць, калі заўважаць з мабільнікам падчас руху аўтамабіля. На сёння гэта амаль 60 рублёў.

Наогул, да мабільных тэлефонаў, а дакладней іх гаспадароў, вялікія прэтэнзіі. Гучныя размовы ў пасажырскім транспарце сталі нейкай чумой ХХІ стагоддзя. За паўгадзіны ў аўтобусе можна даведацца пра ўсё: памер туфель, што носіць сяброўка, парфуму, якую любіць каханая дзяўчына, колькі каштуюць будаўнічыя матэрыялы і чаму так не шчасціць з суседзямі па доме. Аднойчы давялося ўсім салонам вырашаць складаную задачу школьніку, бо як ні стараўся бацька прывесці ў парадак мазгавы апарат, дапамаглі пасажыры (у салоне аказаўся кандыдат матэматычных навук!).

Я разумею, што такія прэтэнзіі да ўладальнікаў суперсучасных гаджэтаў на мяжы гумару і злосці. Але няўжо нельга хоць на паўгадзіны азірнуцца вакол сябе, пабачыць прыгожыя мясціны Мінска, адказаць на пытанне бабулі, як праехаць альбо прайсці да патрэбнага прыпынку. Стаць самім сабой. Без дадатку ў выглядзе гаджэту. Пакіньце яго для сувязі тэрміновай, а не для забаў.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: