Першы асенні месяц – верасень – багаты на падзеі духоўнага плана. Я маю на ўвазе перш за ўсё Дзень беларускага пісьменства. Традыцыйна ў першыя выхадныя верасня ў краіне ўладарыць свята беларускай паэзіі, беларускага літаратурнага слова. Кожны год такое свята ладзіцца ў месцах, найбольш багатых на літаратурныя і гістарычныя традыцыі. Сёлета яно пройдзе ў Капылі.
Зусім хутка старажытны Капыль стане своеасаблівай літаратурнай мекай: 4-5 верасня на чарговы, XXVIII Дзень беларускага пісьменства з усіх куткоў нашай краіны прыедуць прыхільнікі роднай мовы. Не абыйдзецца без гасцей. Традыцыйна да нас прыязджаюць літаратары з усіх славянскіх дзяржаў. Пакуль дакладна вядома, што абавязкова завітаюць расіяне і ўкраінцы. Мяркую, што павінны прыехаць і палякі. Час яшчэ ёсць.
Мне, як журналісту, давялося працаваць на многіх Днях беларускага пісьменства. Што ўражвае? Найперш вялікая цікавасць мясцовага насельніцтва да літаратурнай спадчыны роднага краю, веданне гістарычных традыцый сваёй зямлі і небывалы клопат пра тое, каб горад да свята быў прыгожым і дагледжаным. Такое літаратурнае свята, нагадаю, ладзіцца ў Беларусі з 1994 года. І правядзенне падобных літаратурных свят у гарадах – нагода для мясцовых ўлад палепшыць знешні выгляд горада, абнавіць інфраструктуру, павысіць якасць жыцця людзей.
Пра Капыль, мяркую, слухачы ведаюць няшмат. Што ж, давайце пагартаем гістарычныя старонкі. Першы напамін пра Капыль адносіцца да 1006 года. Такім чынам, месца ў гісторыі Капыль заняў раней, чым Мінск, Віцебск і Заслаўе.
Да капыльскай зямлі маюць адносіны Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Алесь Адамовіч. Мікола Хведаровіч, публіцыст і літаратурны крытык, рэдактар часопіса «Тэмы жыцця» Леў Клейнборт, які адкрыў свету Сяргея Ясеніна.
Прыгадаю некалькі радкоў з вершаў пра Капыль Цішкі Гартнага.
Верш датаваны 1914 годам, напісаны ён у Санкт-Пецярбургу.
Так, зараз Капыль абнаўляецца да свята. Многае зроблена. Адрамантаваны і адрэстаўрыраваны мясцовы райвыканкам, будынак ЗАГСа, гасцініца «Беларусачка», рэстаран «Колас», плошча Леніна. Менавіта на гэтай плошчы падчас свята размесцяцца розныя забаўляльныя і інтэрактыўныя пляцоўкі.
Пры падрыхтоўцы да свята ў Капылі была запланавана рэалізацыя розных праектаў, прысвечаных беларускім пісьменнікам. Напрыклад, на фасадах жылых аб'ектаў горада з'явіліся муралы ў гонар Адама Русака, Алеся Адамовіча і Кузьмы Чорнага. Побач з раённым краязнаўчым музеем ўсталявалі помнік Цішку Гартнаму, а ў мясцовым скверы ўладкавалі Алею пісьменнікаў. Там з'явілася 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў Капыльскім рэгіёне. Для кожнага аб'екта зрабілі ўнікальны QR-код. Яго трэба адсканіраваць, каб атрымаць доступ да біяграфіі творцы і пазнаёміцца з творамі, якія ён напісаў. Кожная інтэрактыўная лаўка будзе пазначана літарамі кірыліцы ў адпаведнасці з імем пісьменніка. Да прыкладу, А – Алесь Адамовіч і гэтак далей.
Акрамя таго, у горадзе да свята рамантуюць і аб'екты раённага цэнтра культуры і краязнаўчага музея, адкрыюць і новы будынак дзіцячай бібліятэкі, дзе абсталююць сучасную кінавідэазалу на 30 месцаў з аб'ёмным 3D-гукам.
Дзень беларускага пісьменства ў Капылі праходзіць у Год народнага адзінства. І гэта, безумоўна, стане рэфрэнам усіх мерапрыемстваў свята. Не толькі ў літаратурным сэнсе. Рознапланаваыя цікавыя сустрэчы, канцэрты, кніжныя кірмашы. Святочная праграма завершыцца маштабным гала-канцэртам, прысвечаным Году народнага адзінства. Капыльскі Дзень беларускага пісьменства – своеасаблівая ўверцюра да 17 верасня, калі наша дзяржава ўпершыню адзначыць новае свята ў календары, Дзень народнага адзінства. А яно мае прамое дачыненне да капыльскай зямлі.
Драматычныя падзеі ўз'яднання Заходняй Беларусі з Усходняй праходзілі праз капыльскую тэрыторыю. Такі прыклад: вёска Цімкавічы на Капыльшчыне – якраз той населены пункт, дзе мяжа падзяліла вёску на дзве часткі. Адна частка была ў складзе Польшчы, а другая – на тэрыторыі БССР. Гэта былі трагічныя старонкі не толькі канкрэтнай мясцовасці, але і ўсёй Беларусі. У 1939 годзе адбылося ўз'яднанне падзеленых сем'яў, родзічаў, суседзяў Цімкавіч. Старажылы вёскі памятаюць тыя далёкія падзеі. Новае свята – Дзень народнага адзінства – адзначаць на Капыльшчыне таксама маштабна.