XVI Рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны» стартуе сёння ў Мінску на сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў. Мне давялося аднойчы пабываць на такім фестывалі. Такой колькасці таленавітых беларусаў пажылога ўзросту можна пабачыць толькі на такім фестывалі. Адметна, што разам з ветэранамі ў канцэртах урачыстага адкрыцця фестывалю і на іншых канцэртах прымаюць удзел і прафесійныя артысты. І, як прызнаўся на адным з такіх фестываляў народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў: «У ветэранаў трэба вучыцца вялікай любові да музыкі, песні, жыццёвай энергіі. Рэпетыцыі па некалькі разоў на дзень. Ні каплі стомленасці».
Так, фестываль – гэта дзейства. Акрамя таго, гэта і магчымасць творчага развіцця былых ужо работнікаў прадпрыемстваў і актыўных прадстаўнікоў працоўных калектываў. Фестываль штогадовы і кожны раз збірае больш за 300 ўдзельнікаў з усёй краіны. За ўсе гады прынялі ўдзел больш за 50 тысяч пажылых людзей.
Пандэмія, вядома, унесла і тут свае карэктывы. А паколькі арганізуюць фестываль Міністэрства культуры, Федэрацыя прафсаюзаў і Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, то ўсе меры перасцярогі будуць задзейнічаны. Таксама будзе дзяжурыць і ўрач.
Сёлета фестываль сімвалічна пройдзе напярэдадні Дня Незалежнасці. Гэта асаблівая дата для кожнага беларуса. Гэта – дзень памяці аб гераічным подзвігу салдат-вызваліцеляў, дзень гордасці за сваю краіну і ўдзячнасці ўсім тым, хто падарыў нам мірнае неба над галавой. Лепшыя канкурсанты сустрэнуцца ў сталіцы пасля рэгіянальных адборачных этапаў, каб прадставіць свае таленты на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. Дарэчы, адборачныя этапы праходзяць не горш, чым адборы на міжнародныя конкурсы. Тут важнае значэнне мае рэпертуар, выкананне і вядома, касцюмы. Улічваецца ўсё.
У нацыянальным прафцэнтры падкрэсліваюць, што адна з задач прафсаюзаў – падтрымка людзей, якія пайшлі на заслужаны адпачынак. Пенсіянеры-ветэраны не выпадаюць з поля зроку прафсаюзных камітэтаў прадпрыемстваў. Дарэчы, у большасці калектыўных дагавораў ёсць палажэнні аб усебаковай падтрымцы ветэранаў. Гэта і матэрыяльныя выплаты да прафесійных і іншых свят, дапамога ў аздараўленні і лячэнні, нарыхтоўка прадуктаў на зіму, дастаўка паліва, апрацоўка прысядзібных участкаў, падарункі да юбілеяў. Былыя ветэраны прадпрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці працоўных калектываў, з'яўляюцца пачэснымі гасцямі на ўрачыстых мерапрыемствах, дзе іх ушаноўваюць разам з іншымі работнікамі галіны.
Урачыстае адкрыцце фестывалю «Не старэюць душой ветэраны», яшчэ раз нагадаю, сёння. Яно вызначаецца арыгінальнасцю пралога, тэатралізацыяй канцэртнай праграмы з тэмай «Голас пакаленняў», у якой разам з лаўрэатамі папярэдніх фестываляў выступяць знаёмы народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева і іншыя вядомыя беларускія артысты. Калі ў вас ёсць час, завітайце сёння ў Рэспубліканскі палац прафсаюзаў.