Падзяліцца:
«Па сутнасці. Старонкі агульнай гісторыі Беларусі і Расіі ў школьнай праграме». Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 06.05.2021
«Па сутнасці. Старонкі агульнай гісторыі Беларусі і Расіі ў школьнай праграме». Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Набліжэнне свята Вялікай Перамогі дыктуе тэму сённяшняга дыялога са слухачамі. І спачатку – пра такую навіну. Беларускія і расійскія гісторыкі выдалі першы вучэбны дапаможнік «Расія і Беларусь: нарысы сумеснай гісторыі». У сумесным даследаванні шмат унікальных дакументаў, якія публікуюцца ўпершыню. Пры падрыхтоўцы выдання выкарыстаны матэрыялы архіваў Расіі, Беларусі, Украіны, Германіі, Польшчы. У дапаможніку раскрываюцца падыходы расійскіх і беларускіх гісторыкаў да перадумоў і прычын, характару і ходу Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, укладу народаў Савецкага Саюза ў агульную Перамогу. Даецца агляд развіцця палітыкі СССР у першыя пасляваенныя гады. Асобная ўвага — месцу і ролі Вялікай Айчыннай вайны ў развіцці культуры і мастацтва народаў Беларусі і Расіі з пачатку 1940-х гадоў да сучаснасці.

І тут варта нагадаць эпізод з апошняга паслання Прэзідэнта Расіі да Федэральнага Схода: Уладзімір Пуцін адзначыў, што ў расійскіх падручніках па гісторыі пра Вялікую Айчынную – толькі некалькі старонак. Не ўзгадана маштабная бітва пад Сталінградам, пра якую нават нямецкія гісторыкі кажуць з павагай і адводзяць належнае месца ў расказах пра бітвы Другой Суветнай.

У пэўным сэнсе, новы вучэбны дапаможнік беларускіх і расійскіх гісторыкаў пралье гістарычнае святло для школьнікаў на многія белыя плямы пра жудасную цывілізацыйную трагедыю ХХ стагоддзя.

Да параўнання ўзяла беларускі падручнік па гісторыі і пагартала старонкі, дзе расказваецца пра самы гераічны перыяд у гісторыі нашай Беларусі – пра Вялікую Айчынную. Адзначу, што іх некалькі: для малодшых класаў інфармацыя пра вайну напісана больш даступна, а вось для старшакласнікаў даецца аналіз падзей больш маштабна, шмат ілюстраванай інфармацыі. Матэрыял пашыраны і больш змястоўны.

Тым не менш, па словах аднаго з аўтараў сумеснага беларуска-расійскага даследавання, доктара гістарычных навук, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Кавалені, – вучэбны дапаможнік «Расія і Беларусь: нарысы сумеснай гісторыі» напісаны сучаснай мовай, мае багаты ілюстраваны матэрыял і разлічаны на адэкватнае ўспрыманне школьнікамі, як нашымі, так і расійскімі. Дыялог з падлеткамі вядзецца на роўных, ён цікавы і надзвычай інфарматыўны. Вялікая роля ў выданні дапаможніка ў доктара гістарычных навук, члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі навук Яфіма Півавара. Два аўтары пры напісанні кнігі часта кансультаваліся і дыскутавалі. І як рэзюмуе Аляксандр Каваленя, стараліся падыходзіць да кожнай ваеннай падзеі, да кожнай бітвы ў Вялікую Айчынную беражліва і праўдзіва. А бітвы ўсе ўвайшлі ў дапаможнік: і Курская, і Сталінградская, шмат увагі – маштабнай аперацыі «Баграціён», партызанскай барацьбе на тэрыторыі Беларусі.

Новы вучэбны дапаможнік прызначаны перш за ўсё для настаўнікаў гісторыі Беларусі і Расіі, уяўляе цікавасць для выкладчыкаў гістарычных і іншых гуманітарных дысцыплін у ВНУ, школьнікаў і студэнтаў, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Нарысы могуць быць выкарыстаны пры выкладанні гісторыі ў іншых краінах СНД. На думку аўтараў, дакументальны, статыстычны, ілюстрацыйны матэрыялы, выкарыстаныя ў дапаможніку, дапамогуць настаўніку пры правядзенні ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў сфарміраваць у вучняў праўдзівае ўяўленне пра вайну.

І яшчэ варта дадаць, што ідэя стварыць такі дапаможнік даўно вітала сярод навуковай супольнасці гісторыкаў. Толькі ў 2018 годзе была сфарміравана рабочая група навукоўцаў дзвюх дзяржаў па падрыхтоўцы серыі дапаможнікаў пад агульнай назвай «Расія і Беларусь: старонкі агульнай гісторыі». Мэта стварэння такой рабочай групы — не дапусціць перапісвання гісторыі Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Праўда, ёсць ідэя не толькі апісаць ваенны перыяд гісторыі Беларусі і Расіі, а даць падрабязнае апісанне іншых перыядаў існавання дзвюх дзяржаў. Зрэшты, гістарычна яны могуць і не адрознівацца, аднак сваё нацыянальнае мае кожная дзяржава.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: