З вялікім задавальненнем анансую падзею першых дзён верасня. Так ужо атрымалася, што кожны год у гэты час Беларусь ладзіць свята – Дзень беларускага пісьменства. І сёлетні верасень не выключэнне. У 29-ты раз будзе ўладарыць літаратурнае слова, на гэты раз на гомельскай зямлі, у раённым цэнтры Добруш.
За сваё журналісцкае жыццё я пабывала амаль на ўсіх Днях беларускага пісьменства. Свята кардынальна адрозніваецца ад іншых фестываляў ў нашай краіне, якіх шмат. Яно іншае, больш духоўнае – некалькі дзён адведзена літаратурнаму слову. На вуліцах горада гучыць паэзія, увага беларускім кнігам і выданням. Наогул, аура літаратурнага свята - асаблівая. Няма мітусні, спакойная атмасфера, ладзяцца сустрэчы з пісьменікамі, прыязджаюць літаратары з іншых краін.
Што плануецца ў Добрушы? Нагадаем схематычна канву свята, паколькі арганізацыя ў самым разгары. Па-першае, раённы цэнтр прыгажэе. Адзначу, Добруш быў выбраны для правядзення Дня беларускага пісьменства па прапанове грамадскасці Гомельскай вобласці. Гэта гістарычны горад. Яго нават называюць малой Венецыяй у Беларусі. 15 мастоў – і пешаходных, і для транспартных зносін. Гэта даволі шмат для раённага цэнтра. Тут зараз ідзе маштабнае абнаўленне інфраструктуры, будынкаў, збудаванняў.
Каля 20 асноўных пляцовак разгорнуцца ў Добрушы падчас XXIX Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 3-4 верасня. Усе мерапрыемствы свята будуць прасякнуты духоўнай ніццю Года гістарычнай памяці. І першая падзея – цырымонія ўскладання вянкоў і кветак на мемарыяльным комплексе «Памяць», каля брацкіх магіл. На набярэжнай ракі Іпуць прадставяць ваенна-гістарычную рэканструкцыю "Добруш партызанскі". Тут жа будуць працаваць інтэрактыўная экспазіцыя музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі "Памяць пакаленняў", мабільны музей «Дарога памяці» Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і праект Нацыянальнага мастацкага музея «Ніколі не забудзем».
На вуліцы князя Паскевіча разгорнуцца гандлёвыя рады, выстава-прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу, «Паштовы павільён», маладзёжная пляцоўка. У скверы будзе працаваць дзіцячая інтэрактыўная зона. Гасцей свята запросяць наведаць выставу рэгіянальных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Газетны бульвар», пляцоўку «Гісторыя друку Гомельшчыны». Пазнавальным і запамінальным абяцае стаць фестываль кнігі і прэсы. У скверы на праспекце Міра госці свята пабываюць на тэматычных літаратурных падворках. Свае творчыя праекты прэзентуе Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Тут жа на праспекце Міра размесцяцца і шэрагі рамеснікаў «Ад спадчыны да сучаснасці». На добрушкай зямлі даўно прапісаліся аўтэнтычныя вырабы мясцовых ўмельцаў. І яшчэ адзін літаратурны штрышок да літаратурнага добрушскага свята: пройдзе традыцыйны міжнародны фестываль «Славянскія літаратурныя дажынкі» і ўручэнне абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Завітаюць на свята і духавыя аркестры з усіх рэгіёнаў Гомельшчыны і загучаць «Фанфары Гомельшчыны».
А зараз пра знакаміттых землякоў добрушскай зямлі. Адбудзецца фестываль футбола памяці Уладзіміра Рыжанкова. Чакаюць тут і ганаровага грамадзяніна Добруша, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Пракапцова. Ён прыедзе з персанальнай выставай.
І пра самае галоўнае і традыцыйнае – папярэднічаць Дню беларускага пісьменства будзе міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якую ў раённым цэнтры сустрэнуць якраз 4 верасня.