Да галоўнай палітычнай падзеі – Усебеларускага народнага сходу – роўна 10 дзён. Мяркую, што многія беларусы азнаёміліся з дакументам, які павінен быць прыняты на сходзе – Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы да 2025 года. Дадам, што ідзе надзвычай актыўнае абмеркаванне многіх палажэнняў дакумента на розных узроўнях. У тым ліку на бытавым: людзі дыскутуюць пра многае, што ўтрымлівае праграма.
Вядома, што адзін з ключавых момантаў праграмы – шчаслівая сям'я. За двума словамі – вялікая работа кожнага чалавека і дзяржавы над захаваннем адвечных славянскіх сямейных каштоўнасцей. Чалавечы капітал, чалавек, якасць яго жыцця і здароўе, падтрымка інстытута сям'і – адзін з важных аспектаў развіцця дзяржавы ў будучым.
Што мы маем на сёння? Са студзеня 2021-га адкрыта больш за 93 тысячы дэпазітных рахункаў «Сямейны капітал». Гэта на нараджэнне другога немаўляці. На рэалізацыю дзяржпраграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» ў 2021-2025 гадах спатрэбіцца амаль Br47 млрд. Плануецца, што сумарны каэфіцыент нараджальнасці да 2025 года будзе значна вышэйшы, чым зараз. Паколькі медыкі канстатуюць: у 2019 годзе колькасць народжаных у параўнанні з 2016-ым зменшылася на чвэрць. Калі далей аналізаваць лічбы, то варта назваць яшчэ некалькіх красамоўных. Толькі сёлета больш чым 5 мільярдаў беларускіх рублёў выдзелена на падтрымку сем'яў, у тым ліку амаль тры мільярды – на дапамогу па доглядзе дзяцей да трох гадоў. Зрэшты, ужо з сённяшняга дня такія выплаты зноў павялічаны.
Сямейная палітыка – гэта не толькі грашовая падтрымка. Гэта і выхаванне, псіхалагічнае таксама. Сёння шмат разводаў і вялікая колькасць так званых грамадзянскіх шлюбаў. Праблема? Праблема. Аднак многія спецыялісты ўпэўнены: такімі праблемамі трэба займацца. Размова пра граматную палітыку выхавання сямейных каштоўнасцей, умацаванне інстытута сям'і. А гэта ўжо і праблема самой сям'і. Калі маладыя людзі бачаць добры прыклад адносін дома, паміж бацькамі, то і сваю сям'ю пабудуюць на прыкладзе павагі і любові. Зрэшты, як паказвае вопыт, шматдзетныя сем'і – якраз самыя моцныя.
Ёсць праблема ва ўладкаванні свайго сямейнага быту. Пра гэта кажуць многія маладыя. Асабліва тыя, хто мае аднаго альбо дваіх дзяцей. Шматдзетныя тут якраз у большай выгадзе, як правіла, жыллё яны атрымліваюць ад дзяржавы, дапамагае і дзяржсубсідыя. Штогод амаль 20 працэнтаў шматдзетных атрымліваюць жыллё (а сярод проста маладых сем'яў – толькі 2 працэнты). Гэты перакос плануюць зняць якраз у новай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця. Адзін з варыянтаў, напрыклад, у Мінску, – прапанова жылля ў гарадах-спадарожніках сталіцы.
І яшчэ адзін аспект у сямейнай палітыцы, маральны: павелічэнне ўзросту нараджэння дзяцей, па-сутнасці, прымушае медыцыну змагацца з законамі прыроды. Тая ж бясплатная спроба ЭКА, што прадстаўлена з гэтага года дзяржавай, – яшчэ адна мера кампенсацыі тым, хто позна пачынае разумець: дзеці патрэбныя бацькам. Вельмі патрэбныя. Толькі з імі – паўнацэнная сям'я. Пры гэтым ў Беларусі штогод праводзяць 20 тысяч абортаў. З тымі, хто зрабіў адпаведны выбар, пажадана працаваць, гэта так званае сямейнае кансультаванне. Паколькі адказнасць за з'яўленне на свет маленькага нясуць і маці і бацька – бацькоўства павінна быць адказным.