Падзяліцца:
«Па сутнасці. Цэнтру гібрыднай кардыяхірургіі быць!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.02.2020
«Па сутнасці. Цэнтру гібрыднай кардыяхірургіі быць!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Як журналісту, мне даводзіцца бываць на розных прэс-канферэнцыях і падчас сустрэч са спікерамі даведваешся пра многае, што адбываецца ў сферах вузкага, так бы мовіць, напрамку.

Адна такая сустрэча прысвячалася рабоце і планам рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія». Цэнтр гэты вядомы шырока сярод спецыялістаў дзяржаў СНД і многія замежныя кардыялагічныя клінікі маюць за гонар запрашаць беларускіх кардыяхірургаў для майстар-класаў. Так, нашаму кардыялагічнаму цэнтру пад сілу самыя складаныя хіругічныя аперацыі на сэрцы. Мы не раз расказвалі пра ўнікальныя трансплантацыі. Тут праводзяць аперацыі на адкрытым сэрцы, і новы напрамак інвазійны таксама асвоілі нашы хірургі. Зрэшты, кардыяхірургічная школа дае плён не толькі ў сценах рэспубліканскага цэнтра. Літаральна днямі праведзены ўнікальныя кардыяхірургічныя аперацыі зусім маленькім пацыентам. У другім цэнтры, дзіцячым.

Аднак вернемся да РНПЦ «Кардыялогія». Гэтаму цэнтру патрэбен новы корпус. Чаму? Тлумачым. Неабходнасць новага цэнтра выклікана прымяненнем прынцыпова новых сусветных медыцынскіх тэхналогій пры лячэнні сардэчна-сасудзістых захворванняў. Так, па кваліфікацыі і прафесіяналізму нашы кардыёлагі не ўступаюць замежным, аднак новы цэнтр павінен карэнным чынам паўплываць на якасць кардыялагічнай дапамогі беларусам.

Цэнтр будзе мець назву «Цэнтр гібрыднай кардыяхірургіі». А асаблівасць гібрыднай хірургіі заключаецца ў спалучэнні інтэрвенцыйных тэхналогій і традыцыйных метадаў лячэння пацыентаў з кардыяпаталогіяй. Ля аперацыйнага стала разам і кардыяхірург, які працуе на адкрытым сэрцы, і інтэрвенцыйны кардыёлаг, які робіць маніпуляцыі праз сасуды. Гэта новы, ўнікальны і вельмі перспектыўны хірургічны напрамак ў кардыялогіі. Такія аперацыі робяць і сення, аднак магчымасці абмежаваны. Не хапае прасторы, месца для адпаведнага абсталявання. Тут патрэбны і новыя медцынскія кадры, якіх па гэтай спецыялізацыі пакуль нашы медыцынскія ВНУ не рыхтуюць. Аднак ў РНПЦ запэўнілі: будзе корпус — будуць і свае кадры.

І такая даведка да тэмы: першую гібрыдную аперацыю ў галіне кардыяхірургіі ў Беларусі правялі ў снежні 2018 года ва ўмовах рэнтген-аперацыйнай, якую для гэта падрыхтавалі адмыслова. У цэлым жа правядзенне такіх умяшанняў патрабуе пэўных умоў. А вось дзеючы аперацыйна-рэанімацыйны блок РНПЦ «Кардыялогія» функцыянуе больш за 20 гадоў, ён маральна і фізічна састарэў.

Што тычыцца інтэрвенцыйных тэхналогій, прагрэс у гэтым плане вялікі. Калі дзесяць гадоў таму было прыкладна дзясятак інтэрвенцыйных аперацый, то сёння гэта каля 17 тысяч аперацый за год. Такія аперацыі малатраўматычныя, рызыка ускладненняў пасля іх ніжэйшая. Хутчэй праходзіць рэабілітацыя, а клінічны эфект параўнальны з паўнавартаснай кардыяаперацыяй на адкрытым сэрцы.

Адметна, што будаўнічы праект дыягнастычнага, палатнага, аперацыйна-рэанімацыйнага корпуса пад стварэнне ў РНПЦ цэнтра гібрыднай хірургіі прайшоў ўжо дзяржаўную экспертызу. І для яго рэалізацыі дзяржпраграма інавацыйнага развіцця на 2016-2020 гады прадугледжвае суму амаль 97 мільенаў беларускіх рублеў. Сродкі будуць выдзяляцца з рэспубліканскага бюджэту і рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду.

Па сутнасці, новы корпус цэнтра павінен быць здадзены ў 2020 годзе. Аб'ект няпросты, таму абавязкова будзем сачыць за ходам гэтай будоўлі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: