Сёння старонкі сацыяльных сетак і інтэрнэт-парталаў запоўнены рознымі парадамі і рацэптамі. І чаго толькі не прапануюць! Амаладзіцца — калі ласка. Гараскопы абяцалі на адным з тыдняў вялікія грошы, на наступны тыдзень – кар’ерны рост, а потым параілі цэлы тыдзень сачыць за здароўем. Парады часам парадаксальныя. У чым такі парадокс: залежаць ад ваганняў надвор’я, тэмпераменту таго, хто корміць вас парадамі і, вядома, ад настрою самога чытача.
А якія рацэпты лекаў прапануюць: ад сока з лапуха да прысмак з рэвеня. У ход пайшла і такая расліна, як дзевясіл. З дзяцінства памятаю: карэнне гэтай травы было лячэбным. Далей ідзе напой з ліпы і з лісця чарніц. Зрабіць добрую адбіўную таксама можна з дапамогай сацыяльных сетак — праўда, без мяса. Іншы раз галава ідзе кругам: выкананне парад патрабуе і фінансаых затрат, ды і энергіі – паспрабуй знайдзі ўсе інгрэдыенты.
Вось такое маё асабістае назіранне за многімі суседзямі, якія вельмі дасціпна вывучаюць парады цік-тока і іншых рэсурсаў. Што ж, да гэтага можна адносіцца і сур’ёзна, і з гумарам.
А вось другі жыццёвы накірунак мне больш да спадобы: некалькі суседак (жанчыны даволі сталага ўзросту) сталі вывучаць інтэрнэт. Калі патрэбна не проста націснуць на кнопку, а вывучыць дасканала ўсе нюансы. Дзеці за мяжой альбо ў іншым горадзе, а паразмаўляць ці пабачыцца так хочацца — вось і пайшлі на спецыяльныя курсы. А ім добра ўжо за восемдзесят: вось яно актыўнае даўгалецце! Дарэчы, тэрмін гэты ўсе часцей пачаў сустракацца менавіта ў абіходзе. І яшчэ адзін прыклад пазітыўны: у Гомельскай вобласці вывучаць камп'ютар прыйшоў 92-гадовы мужчына, яму гэта неабходна. Наогул, камп'ютарна-лічбавая дасведчанасць на сёння – гэта неабходнасць. Тут і разумовыя практыкаванні, і занятак па душы.
Так, актыўнае даўгалецце – гэта перш за ўсё рэалізацыя патэнцыялу пажылых людзей, які ў іх на самай справе каласальны. Паколькі працэс старэння – гэта не толькі выклікі, але і новыя магчымасці для грамадства. Тут мы гаворым аб валанцёрстве, занятках спортам, іншых актыўнасцях, якія з'яўляюцца новымі методыкамі па раскрыцці сакрэтаў даўгалецця і маладосці. Таксама сярод пажылых вельмі папулярна навучанне скандынаўскай хадзе. Ходзяць нават жанчыны ва ўзросце 95-97 гадоў. Гэта людзі актыўныя, якія ўдзельнічаюць у многіх мерапрыемствах грамадскага жыцця. Запатрабаваны і валанцёры сярэбранага ўзросту. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці ў нас ёсць выкладчыца вязання спіцамі і кручком, яе заняткі вельмі папулярныя. У валанцёраў-мужчын за 80 гадоў вельмі распаўсюджана выкладанне спеваў. І кажуць, што да іх ахвотна ідуць на заняткі. Вось бы пабачыць ды і пачуць!