Падзяліцца:
«Па сутнасці. Усенародна абмяркоўваем!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.12.2021
«Па сутнасці. Усенародна абмяркоўваем!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Падзея, якую шырока анансавалі сродкі масавай інфармацыі, актыўна абмяркоўвалі на дыялогавых пляцоўках ў працоўных калектывах, якая была дыскусійнай тэмай сярод палітолагаў і экспертаў, нарэшце набыла канкрэтыку. Абнародаваны праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь для ўсенароднага абмеркавання.

Каардынаваць усе работы па зборы і абагульненні водгукаў грамадзян па праекце Асноўнага закона будзе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Такім чынам, свае меркаванні і прапановы вы можаце накіроўваюць у гэты цэнтр па электроннай пошце sbor@ncpi.gov.by з дапамогай запаўнення адпаведнай электроннай формы на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Яшчэ адзін варыянт – даслаць сваю прапанову па адрасе цэнтра ў пісьмовым выглядзе.

З праектам змяненняў у Канстытуцыю можна таксама азнаёміцца на інтэрнэт-партале Прэзідэнта.

Дакумент цікавы, утрымлівае шмат навэл. Пра гэта гавораць многія эксперты, якія азнаёміліся ўжо з тэкстам. Дарэчы, у спецпраекце “Грамадства і ўлада” на Беларускім радыё не раз гучалі меркаванні тых экспертаў, хто непасрэдна працаваў над змяненнямі ў складзе Канстытуцыйнай камісіі альбо спецыяльнай рабочай групы. Усе адзначалі небывалы канструктывізм гэтай работы, неардынарныя прапановы і надзвычай гарачыя дыскусіі. А гэта былі людзі не толькі з юрыдычнай адукацыяй. Усе працавалі з душой і не было раўнадушнасці ў рабоце.

Звернемся да некаторых вытрымак з праекта Канстытуцыі, якія прыводзіць агенцтва БЕЛТА. Галоўная навэла – Усебеларускі народны сход можа стаць вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя. Ён вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. Тэрмін паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу складае пяць гадоў.

Згодна з праектам абноўленай Канстытуцыі, Усебеларускі народны сход надзяляецца правам заканадаўчай ініцыятывы. Сходу пераходзіць права прызначаць членаў і старшыняў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў і Цэнтрвыбаркама. Сёння гэта паўнамоцтвы Прэзідэнта і парламента.

Па праекце абноўленага Асноўнага закона краіны, прэм'ер-міністр штогод павінен інфармаваць Усебеларускі народны сход аб выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Праектам таксама забараняецца фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў замежнымі дзяржавамі і арганізацыямі, замежнымі грамадзянамі, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. У праекце абноўленай Канстытуцыі тэрмін паўнамоцтваў Парламента складае пяць гадоў замест чатырох, якія парламент мае зараз.

Членам Савета Рэспублікі пажыццёва, з яго згоды, з'яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў у сувязі са сканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе альбо датэрмінова, у выпадку яго адстаўкі, – і такая вытрымка ёсць ў праекце.

Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў, гаворыцца ў дакуменце. Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вось так схематычна я акрэсліла сутнасць асобных артыкулаў абноўленай Канстытуцыі. Яшчэ раз хачу ўдакладніць: многія артыкулы прынцыпова новыя. Да прыкладу, той, што апісвае статус Усебеларускага народнага сходу. Ёсць надзея, што хутка тэкст абноўленай Канстытуцыі беларусы змогуць убачыць і на старонках адной з рэспубліканскіх газет. Планавалася таксама выпусціць яе асобнай брашурай. Што ж, настаў час нам разам абмеркаваць і напісаць Асноўны закон нашай краіны.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: