Сёння Міжнародны дзень музеяў! Свята ўнікальнае і, безумоўна, да яго маюць дачыненне не толькі музейныя работнікі. Гэта свята і наша, паколькі кожны з нас не раз пабываў у розных музеях Беларусі і не толькі. Гэта можа быць і невялікі краязнаўчы музей ў раённым цэнтры альбо сустрэча з рарытэтнымі экспанатамі Эрмітажа ці Лувра.
Міжнародны дзень музеяў адзначаеца ва ўсім свеце з 1977 года, калі 11-я генеральная канферэнцыя ІСОМ – Міжнародны савет музеяў – праходзіла паралельна ў Маскве і Ленінградзе. Менавіта тады і было прынята рашэнне аб усталяванні прафесійнага свята.
Міжнародны дзень музеяў – сапраўдны культурны феномен. Ён не толькі нагадвае жыхарам розных дзяржаў пра неабходнасць любіць і ведаць сваю гісторыю, але і дазваляе наладзіць дыялог паміж рознымі музеямі іншых дзяржаў, паміж народамі ў сусветным маштабе. Надзвычай гуманныя задачы і мэты такога свята – абмен ведамі і вопытам, абмен экспазіцыямі, развіццё ўзаемапавагі і дыялогу паміж прадстаўнікамі розных культур.
Сёння беларускія музеі арганічна ўпісаны ў міжнародную музейную супольнасць.
Безумоўна, ёсць у Беларусі музеі знакавыя. Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут кожны экспанат – гэта расказ пра вялікі і святы подзвіг савецкага салдата. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі – кладзезь нацыянальных каштоўнасцей, ад жывапісу да габелена. Сёлета музей аднаўляе фармат класічнай Ночы музеяў. Дэвіз яе – “Адзін на адзін з мастацтвам”. Гэта азначае, што наведвальнікі змогуць акунуцца ў свет мастацтва. Пабыць адзін на адзін з творам, які аказвае вялікі ўплыў на душэўны стан. Наогул, духоўнасць і яшчэ раз духоўнасць – такі лейтматыў работы калектыву Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Усе музеі Беларусі, вядома, падрыхтавалі да свайго прафесійнага свята мноства цікавых экспазіцый. Назаву яшчэ адзін: Нацыянальны гістарычны музей. Ён запрашае на экспазіцыю “Друкаваны двор XVI стагоддзя”. Інтэрактыўны праект прадстаўлены адноўленым друкаваным станком XVI стагоддзя, на якім можна наведвальніку аддрукаваць першую старонку Бібліі Францыска Скарыны. Гэта экспазіцыя – частка праекта Уладзіміра Ліхадзедава “У пошуках страчанага”.
Дзяржаўны літаратурны музей беларускага песняра Янкі Купалы запрашае стаць суаўтарам скульптурнай мініяцюры і вырабіць сваю “папараць-кветку”. На шчасце ўсім беларусам. Сёння тут, дарэчы, адкрываецца выстава скульптуры мастакоў Льва і Сяргея Гумілеўскіх. Іх творы паказваюць нам знакавых беларусаў: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Максім Багдановіч. Дарэчы, літаратурны музей Янкі Купалы – адзін са старэйшых у Беларусі. Сёлета ён адзначыць сваё 77-годдзе.
На сёння ў Беларусі 160 музеяў, у іх прадстаўлены каштоўнасці айчыннай і сусветнай культуры: гістарычныя, мастацкія, краязнаўчыя, літаратурныя – дыяпазон шырокі...