Падзяліцца:
«Па сутнасці. Ёсць чым ганарыцца і пахваліцца». Радыёблог Алены Швайко
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.05.2023
«Па сутнасці. Ёсць чым ганарыцца і пахваліцца». Радыёблог Алены Швайко

V Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства ProfSkills Belarus прайшоў у Мінску. Адзначу, такія конкурсы праводзіліся раней на міжнародным узроўні і Беларусь кожны раз на такім конкурсе мела поспех. Гэта тлумачыцца тым, што наша краіна мае вопыт ў падрыхтоўцы кадраў працоўных прафесій. Гэту кампетэнцыю мы захавалі з савецкага перыяду і не пайшлі на рэвалюцыйныя змены ў падрыхтоўцы кадраў.

У актыве краіны — вялікая колькасць прафесійных вучылішчаў – так званых каледжаў, мэта якіх — рыхтаваць высокапрафесійныя рабочыя кадры.

Раскажам пра наш рэспубліканскі конкурс, які прайшоў на сталічным Футбольным манежы. Тут было прадстаўлена 49 конкурсных кампазіцый. Яны прысвячаллііся розным кампетэнцыям: будаўніцтва і будаўнічыя тэхналогіі, выпуск мэблі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, розныя прафесіі аграрнага накірунку: аграном, трактарыст, кветкавод. Былі і прадстаўнікі творчых прафесій, адукацыі і нават такі накірунак, як модны бізнес. Асаблівым попытам карысталіся каледжы, што выпускаюць спецыялістаў рэстараннага бізнесу. Сантэхнік, муляр, цырульнік, кандытар — знаемыя назвы прафесій, аднак іх змест, іх напаўненне ў сучасны перыяд зусім іншыя.

Невялікая даведка: Беларусь далучылася да руху WorldSkills у студзені 2014 года. І з кожным годам, кожным конкурсам колькасць удзельнікаў па рабочых кампетэнцыях павялічвалася. Калі спачатку мы прадстаўлялі толькі 20 кампетэнцый, то сёлета было такіх накірункаў 49. Колькасць ўдзельнікаў – больш за 300 чалавек.

Цікава, што на сёлетнім конкурсе было шмат прадстаўнікоў сямейных дынастый. І бабуля і дзядуля, і бацькі – аграномы. Канешне, унук ідзе па шляху сям'і і становіцца аграномам.

Асобна я хацела адзначыць тых спецыялістаў, што навучаюцца педагагічнай прафесіі і потым працуюць ва ўстановах «дашкольнай адукацыі». На сёлетнім конкурсе пра такія прафесіі было сказана і паказана шмат. Важнасць спецыяльнасці «дашкольная адукацыя» адзначыла навучэнка Магілёўскага сацыяльна-гуманітарнага каледжа Ірына Карпенка: «Вельмі даўно вырашыла звязаць сябе з дашкольнай адукацыяй. З самага дзяцінства хацела быць выхавацелем, і кожны год прафесійна развіваюся. Мы павінны вырасціць дастойнае пакаленне, яны – наша будучыня. Важна, каб ад працы выхавацеля гарэлі вочы ў дзяцей».

Ацэньвалі прафесійныя навыкі ўдзельнікаў каля 350 экспертаў з розных сфер прафесійнага майстэрства. Былі і такія эксперты, якія ўсё жыццё аддалі працоўнай прафесіі. І іх думка, іх меркаванне было самым цікавым і слушным.

Такі конкурс мае асаблівую важнасць для школьнікаў. Яны могуць пазнаёміцца са зместам сучасных прафесій, пагутарыць з іх прадстаўнікамі і зрабіць свядомы выбар. Так лічылі не толькі эксперты, але і бацькі. Бо многія школьнікі літаральна праз некалькі тыдняў стануць выпускнікамі.

У чым перавагі такіх конкурсаў і рабочых прафесій? Малады чалавек у больш раннім узросце асвойвае прафесію. Ён выходзіць на рынак працы ўжо ў 19 гадоў. Гэта спецыяліст, які можа выконваць рэальную работу і зарабляць рэальныя грошы. Гэта па-першае. А па-другое: мець рабочую спецыяльнасць – гэта значыць умець ўсё па жыцці. Мяркую, што кожная сям'я сутыкалася з праблемамі, калі элементарная хатняя работа: забіць цвік становіцца глабальнай сямейнай праблемай. Гэта, вядома, утрыраванае меркаванне. Тым не менш, такое існуе.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: