Падзяліцца:
«Па сутнасці. З Днём друку, калегі!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёфакт
  • Дата: 05.05.2020
«Па сутнасці. З Днём друку, калегі!» Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Май – самы прыгожы месяц вясны – дорыць нам цэлую чародку цудоўных свят. Адзначылі мы Першамай. Чакаем вялікі і святы Дзень Перамогі — 9 мая. Дзень, якому мы будзем абавязаны заўседы: за мір, спакой, за шчаслівы дзіцячы смех і за дзяржаву – суверэнную і незалежную Беларусь.

У гэтай чарадзе сціпла прапісалася яшчэ адно свята — наша журналісцкае —Дзень друку. І сёння прыміце ад нас — журналістаў электронных сродкаў масавай інфармацыі – шчырыя віншаванні ўсе нашы калегі, якія выбралі свой творчы ды і жыццевы шлях быць журналістам. Нас, безумоўна, аб’ядноўвае шмат: адказнасць за працу, за слова, якое сёння павінна несці толькі праўду. Такім чынам, гэта і наша свята — ўсіх журналістаў і выдаўцоў краіны.

Сапраўды, кожны дзень у Беларусі адбываецца мноства розных падзей. І хто звычайна інфармуе пра іх? Так, мы, журналісты. Пра ўсе важныя навіны грамадзяне даведваюцца з прэсы. Сотні працаўнікоў беларускіх сродкаў масавай інфармацыі рыхтуюць свежыя выпускі газет з самымі актуальнымі і праверанымі фактамі.

Дзень друку мы святкуем штогод 5 мая згодна з Указам Прэзідэнта. Сёлета свята адначаецца на дзяржаўным узроўні 25-ы раз.

Крыху гісторыі і статыстыкі: першыя рэгулярныя беларускія выданні выходзілі ў пачатку XX стагоддзя. Сёння ў нас налічваецца 1625 розных друкаваных перыядычных выданняў, з іх – 721 газета і 863 часопісы. За мінулы год у Беларусі было выпушчана агульным тыражом 26 мільёнаў экзэмпляраў газет, кніг і брашур. Атрымліваецца на аднаго жыхара каля 3-х асобнікаў.

Вынаходцтва часу – віртуальная журналістыка. У сацыяльных сетках мы з вамі можам прачытаць любую навіну. Праўда, нярэдка можна трапіць і на фэйк. І тут вельмі важна умець адрозніць лухту ад праўды.

Чаму менавіта 5 мая стала датай святкавання Дня друку ў Беларусі?

Давайце перагорнем старонкі гісторыі. Ёсць версія, што 5 мая – дата першага выхаду ленінскай газеты «Праўда» ў 1912 годзе. Другая версія трактуецца так: 5 мая 1581 года на Валыні, у Астрожскай тыпаграфіі Івана Федарава выйшаў першы славянскі каляндар на старабеларускай мове, які называўся «Храналогія». Да кожнага месяца там друкаваліся вершы беларускага паэта Андрэя Рымшы. Гэта было першае паэтычнае выданне на старабеларускай мове.

Мне падаецца, што ўсе версіі маюць права на жыццё. Так альбо іначай ў людзей, што звязаны з друкаванай альбо выдавецкай справай, сёння – добрая нагода павіншаваць адно аднаго.

Са святам, калегі!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: