У школах Беларусі прагучаў апошні званок: а гэта азначае, што вялікая армія выпускнікоў стала перад выбарам будучай прафесіі. Іншыя школьнікі будуць захапляцца прыгодамі летніх канікулаў. Рэспубліканскі апошні званок прайшоў у Бабруйску. Свята атрымалася надзвычай эмацыянальнае і нават шыкоўнае.
А сёння мы адзначаем Міжнародны дзень абароны дзяцей! Калі браць гісторыю свята, то яно заснавана праз чатыры гады пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. У лістападзе 1949 года, у Парыжы, рашэннем кангрэса Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын. Упершыню адзначылі яго ў 1950 годзе.
Дзень абароны дзяцей праводзіцца, каб прыцягнуць увагу дарослых да захавання правоў дзяцей на свабоду думкі, адукацыі, абароны ад гвалту і права на жыццё. Бацькі, як і дзяржава, павінны прызнаваць і выконваць правы і свабоды дзяцей. Пра гэта гаворыцца ў Дэкларацыі правоў дзіцяці, прынятай ААН у 1959 годзе. На ўзроўні міжнароднага права асноўным дакументам з'яўляецца Канвенцыя аб правах дзіцяці, прынятая ААН 20 лістапада 1989 года і ратыфікаваная СССР 13 ліпеня 1990 года.
Для Беларусі гэта свята асаблівае. Клопат пра дзяцей – адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Усё часцей ў беларускіх сем'ях з'яўляецца трое і больш дзетак. І вось такая лічба: на 52,5 тысячы дэпазітаў сямейнага капіталу налічана больш за 520 мільёнаў долараў. Усынаўленне маленькіх у Беларусі прыраўноўваецца да нараджэння: сем'і атрымліваюць фінансавую дапамогу і нават неабходны дэкрэтны водпуск.
Сёлета будзе падведзены вынік рэалізацыі нацыянальнага плана дзеянняў па паляпшэнні стану дзяцей і ахове іх правоў. Распрацоўваецца план на новую пяцігодку, вызначаюцца асноўныя вектары.
Да Міжнароднага дня абароны дзяцей стартавала і Рэспубліканская акцыя «Сонечны круг». Арганізавана яна Рэспубліканскім дзіцячым фондам. Па ўсёй краіне пройдуць святочныя мерапрыемствы для дзяцей і з іх удзелам. Дзіцячыя ўстановы аховы здароўя Гродна, Гомеля, Магілёўскай вобласці і Мінска атрымаюць новае медыцынскае абсталяванне. Для дзяцей са шматдзетных сем'яў, выхаванцаў дамоў сямейнага тыпу і дзяцей-інвалідаў арганізаваны экскурсіі па гістарычных месцах Беларусі.
Сёння роўна апоўдні ў дзіцячых стацыянарных установах аховы здароўя Мінска стартуе маляўнічы флэшмоб ад Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Ён ладзіцца пад дэвізам «Дзеці, мы побач». Дзеткам ў бальніцы перададуць салодкія падарункі.
Чым яшчэ будзе адметны сённяшні дзіцячы дзень? У Гомелі, да прыкладу, вырашылі падарыць дзеткам «Калейдаскоп сюрпрызаў». Артысты Гомельскай абласной філармоніі ў карціннай галерэі імя Вашчанкі падораць юным гледачам казку, у якой любімыя героі, дзіцячыя песні і ніводнай сумнай ноткі. Гэта будзе своеасаблівае музычнае вандраванне па розных дзяржавах і кантынентах.
У Гродне разлічваюць на цёплае надвор'е. Таму вырашылі сёння адкрыць сезон летняга адпачынку ў летніх лагерах. Вядома, з улікам эпідэмічнай сітуацыі. Такім чынам, сёння пачнуць работу два стацыянарныя лагеры ў Навагрудскім і Мастоўскім раёнах: «Свіцязь» і «Нёманскі». А вось заўтра плануецца адкрыццё ў Гродзенскай вобласці адразу 20 стацыянарных летніх лагераў. Усе яны абсталяваны сістэмамі відэаназірання, будуць дзяжурыць і праваахоўнікі.
Адзначым, сярэдні кошт пуцёўкі ў стацыянарны летні дзіцячы лагер – каля 670 рублёў. Дзяржаўная датацыя складае 215 рублёў. На тое, каб зрабіць больш таннымі пуцёўкі ў лагеры ўсіх тыпаў, прадугледжана больш чым 4 мільёны беларускіх рублёў.
Што ж, гэта, вядома, не ўсе адрасы сённяшняга свята – Міжнароднага дня абароны дзяцей. Давайце і мы, дарослыя, таксама пастараемся зрабіць не толькі дзень сённяшні, але і ўсе дні для нашых дзетак пазітыўнымі, цікавымі, насычанымі на розныя падзеі. Калі сям'я разам, калі лад і гармонія ў доме, то і дзеткі будуць шчаслівыя. Ад нас усё залежыць. А дзяржава плячо заўсёды падставіць. Не сумнявайцеся!