Падзяліцца:
«Па сутнасці. Жыццё пасля катастрофы». Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 26.04.2021
«Па сутнасці. Жыццё пасля катастрофы». Радыёблог Алены Швайко (аўдыё)

Сённяшні красавіцкі дзень падказвае для майго дыялогу са слухачамі толькі адну тэму: чарнобыльскую. Я памятаю той дзень – 26 красавіка 1986 года. Вельмі цёплы, ласкавы дзень і... такая незвычайная для савецкага чалавека навіна. Паведамленняў па Усесаюзным радыё мала – інфармацыя сціплая, без падрабязнасцей. Толькі фраза «аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі».

Вялікай трывогі мы не адчувалі, толькі мой муж-радыёфізік увесь час па тэлефоне штосьці даказваў сваім калегам. Такія вось успаміны… Толькі праз некаторы час пачала паступаць больш-менш выразная інфармацыя.

Прывяду некаторыя лічбы, што мы мелі 35 гадоў таму і пра што некаторыя забыліся. Наступствы чарнобыльскай катастрофы аказаліся больш цяжкімі для Беларусі, чым для суседзяў – Украіны і Расіі. Радыеактыўнае забруджванне тэрыторыі нашай краіны склала 23% ад агульнай плошчы. Для параўнання: Украіна — 7%, Расія — 1,5% тэрыторыі яе еўрапейскай часткі. У гэтым і была большая складанасць чарнобыльскага цяжару для нашай краіны.

Амаль на чвэрці тэрыторыі Беларусі спатрэбіліся меры надзвычайнага рэагавання. На тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання апынулася больш за 3,5 тыс. населеных пунктаў, у якіх жылі больш за 2 млн чалавек. Амаль паўтысячы населеных пунктаў спынілі сваё існаванне. Перасяленне было вельмі неабходным і надзвычай цяжкім псіхалагічна – для людзей. Пераезд на новае месца жыхарства, новая работа, суседзі і зноў патрэбна абжываць жыллё (бо нават рэчы не маглі забіраць з забруджанага радыенуклідамі дома). Пра тыя дні перасяленцы не раз расказвалі мне падчас журналісцкіх сустрэч.

І зноў лічбы. За пасляаварыйны перыяд тэрыторыя радыеактыўнага забруджвання цэзіем-137 у выніку яго радыеактыўнага распаду зменшылася амаль удвая і па стане на студзень гэтага года складала 25 тысяч квадратных кіламетраў, альбо 12% агульнай плошчы краіны.

Чарнобыльская катастрофа аказала негатыўнае ўздзеянне на ўсе аспекты жыццядзейнасці, перш за ўсё на сельскую і лясную гаспадарку, прамысловасць, сацыяльную сферу. Каб прадухіліць вытворчасць прадукцыі з высокай колькасцю радыенуклідаў, дзяржава была вымушана вывесці з гаспадарчага абароту каля 265 тысяч гектараў зямлі. Яны ўвайшлі ў склад зон адсялення і адчужэння. Пад радыеактыўнае забруджванне трапіла чацвёртая частка ляснога фонду Беларусі. У зоне забруджвання апынуліся амаль 340 прамысловых прадпрыемстваў.

Усе гэтыя дзесяцігоддзі для пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі рэалізуюцца дзяржаўныя праграмы. Затраты на іх з 1990 па 2020 год перавысілі $19 млрд. Каля 60% сродкаў толькі за апошнія 5 гадоў накіравана на сацыяльную абарону, медыцынскае забеспячэнне і аздараўленне пацярпелага насельніцтва. Зараз ў аснову дзяржаўнай палітыкі па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы закладзены пераход ад пасляаварыйных рэабілітацыйных мерапрыемстваў да развіцця сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу пацярпелых рэгіёнаў. Прыярытэтнымі з'яўляюцца газіфікацыя населеных пунктаў, развіццё водаправодных сетак, добраўпарадкаванне, уключаючы будаўніцтва дарог, жылля, аб'ектаў аховы здароўя, адукацыі, рэалізацыя інвестыцыйных праектаў.

Сёння вопыт Беларусі ў пераадоленні чарнобыльскай катастрофы вывучаюць японцы, якія сутыкнуліся з фукусімскай трагедыяй. Не раз японскія спецыялісты прыязджалі ў Гомельскі цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, каб пераняць беларускія методыкі ў лячэнні людзей, кансультаваліся з беларускімі аграрнымі спецыялістамі па тэхналогіях адраджэння забруджаных тэрыторый. Словам, Беларусь паступова, крок за крокам, пазбаўляецца ад чарнобыльскага цяжару.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: