Адразу папярэжваю, тэма для майго дыялога з вамі, паважаныя слухачы, для мяне асабіста не вельмі блізкая. Аднак, як кажуць, не магу маўчаць. Выраз – нечакана прыйшла зіма – не адпавядае рэчаіснасці. Яна прыйшла па графіку, як і патрэбна. Паціху. Спачатку з непрыемным халодным асеннім дажджом, потым за ноч хітранька падмарозіла і пайшоў невялікі снег. Словам, нам тры месяцы давядзецца жыць ў зімовым рэжыме, па зімовых часах ды і па зімовых правілах.
Учора прама на хаду папярэдзіла траўматызм. Жанчына ва ўзросце спяшалася і паслізнулася. Ледзь-ледзь з маей дапамогай ўзнялася і зноў ледзь-ледзь дайшла да аўтобуснага прыпынку. На нагах – боцікі, а абцасы – фантастыка – ну дзесьці сантыметраў 8. Паглядзела на свой абутак, без абцасаў, на нізкай падашве і падзякавала сама сабе за разумны выбар. І ўспомніла папярэжванне ўрачоў-траўматолаў, што прагучала ў эфіры на Беларускім радые: хадзіце павольней, асцярожна, асабліва на высокіх абцасах. Дарэчы, яны самы небяспечны абутак ў зімовы перыяд. Тым больш для пажылых, бо рэакцыя ў такой катэгорыі звычайна спазняецца.
І яшчэ – не перабягайце вуліцу, калі ваш аўтобус падыходзіць да прыпынку. Калі пашанцуе перабегчы без прыгод, то абавязкова аўтобус перад самым носам кранецца з места. Згадзіцеся, што кожны з нас хоць аднойчы быў у такой сітуацыі і рызыкаваў.
І яшчэ – колькі разоў заўважала: на зяленае святло светлафора, не звяртаючы ўвагу ні на што, пешаход пераходзіць вуліцу. Тое звыклае папярэжванне яшчэ з дзіцячага садка: паглядзіце спачатку налева, потым направа, і толькі тады пераходзьце праезжую частку дарогі, нават на пазначаным пераходзе. Бо ліхачоў хапае шмат. Ніякай рэакцыі. Поўная ўпэўненасць і абыякавасць. Лікбез патрэбен нават ў дарослым узросце. Гэта я вас папярэжваю яшчэ і таму, што якраз зараз супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ўзмацняюць кантроль за выкананнем правілаў дарожнага руху пешаходамі. Мерапрыемствы арыентаваны на прадухіленне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў. У гэты перыяд дадатковыя нарады дарожна-патрульнай службы будуць дзяжурыць на аварыйна небяспечных участках дарог і каля пешаходных пераходаў. Інспектары, па-першае, пракантралююць выкананне правілаў усімі ўдзельнікамі дарожнага руху і яшчэ правядуць інфармацыйную работу сярод насельніцтва. Акрамя штрафаў, вы абавязкова праслухаеце лекцыю, якая запомніцца надоўга. Вось некаторыя вытрымкі з яе. Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што рухацца па абочыне пешаходам дазваляецца насустрач транспартнаму патоку і толькі там, дзе няма тратуара, пешаходнай або веласіпеднай дарожкі, а пераходзіць праезжую частку трэба ва ўстаноўленым для гэтага месцы, папярэдне пераканаўшыся, што транспартны сродак спыніўся. У цёмны час сутак для прыцягнення ўвагі вадзіцеляў неабходна пазначыць сябе святлоадбіўнымі элементамі. Гэта асабліва важна пры складаных умовах надвор'я, тым больш зімой, калі бачнасць дарогі скарачаецца ў некалькі разоў.
І яшчэ – з першага студзеня, а на календары сення другі дзень зімы, за язду на летніх шынах – штраф. Як паведамляюць з Міністэрства ўнутраных спраў, ва ўмовах зімовай слізкасці вельмі важны стан пакрышак і забеспячэнне добрага счаплення колаў з дарогай. Таму з першага дня каляндарнай зімы інспектары дарожна-патрульнай службы правераць наяўнасць зімовых шын на транспартных сродках. Нагадваем, што з 1 снежня па 1 сакавіка пры ўдзеле ў дарожным руху транспартныя сродкі павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. Яны ўстанаўліваюцца на ўсіх колах транспартнага сродку. Пры гэтым вышыня малюнка пратэктара павінна быць не менш як 4 мм. Гэта інфармаацыя для аўааматараў. І далей – за парушэнне гэтых патрабаванняў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 1 базавай велічыні. Паўторнае такое парушэнне на працягу года вядзе да адказнасці ад 2 да 5 базавых велічынь.
Здаецца, папярэдзіла ўсіх. Беражыце сябе, і пешаходы і вадзіцелі!