Падзяліцца:
«Палітінфармацыю – у школы! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 22.09.2022
«Палітінфармацыю – у школы! Я так думаю, а вы?» Радыёблог Алены Давідовіч

І зноў аб адукацыі, патрыятызме і… палітінфармацыі.

Памятаеце студэнта-першакурсніка, які на адкрытым уроку Прэзідэнта 1 верасня шчыра прызнаўся, што не цікавіцца навінамі, нічога не ведае аб трагічных падзеях ва ўкраінскім гарадку Буча і нават слова такога не чуў?

Можна, канечне, спісаць такое стаўленне да актуальных падзей на асаблівую занятасць выпускніка перад паступленнем у ВНУ. Але, думаю, прычына не толькі ў гэтым. Бо такіх маладых людзей нямала, нямала і тых, хто «сядзіць» у розных чатах і чаціках, дзе падаецца скажоная, лжывая інфармацыя, дзе ідзе мэтанакіраваная апрацоўка розуму нашых дзяцей на чужых для нас ідэалах і сэнсах.

Таму мяне, прызнацца, парадавала размова аб аднаўленні школьных урокаў палітінфармацыі. Такія прапановы гучалі на нашых дыялогавых пляцоўках. Дыскусію на гэту тэму можна сустрэць і ў сацыяльных сетках. Асабліва яны востра разгарнуліся ў Расіі, калі там вырашылі з гэтага навучальнага года праводзіць у школах інфармацыйна-асветніцкія заняткі пад назвай «Размовы аб важным». На такіх штотыднёвых уроках расійскіх школьнікаў азнаёмяць з гісторыяй малой радзімы, славутымі землякамі, дасягненнямі краіны. А таксама будуць абмяркоўваць актуальныя грамадска-палітычныя падзеі. І, на думку міністра асветы Сяргея Краўцова, такія заняткі дапоўняць праграму гістарычнай адукацыі і «… не пакінуць школьнікаў сам-насам з інфармацыйнай вайной».

Гэта пачынанне многія падтрымалі, некаторыя карыстальнікі Facebook так і пішуць: «Я за палітінфармацыю ў школе!» Іншыя прапануюць назваць такія ўрокі «міжнароднай панарамай», якая можа стаць «акном у свет», калі дзеці будуць дзяліцца цікавымі навінамі з розных куткоў, пра якія даведаліся ў тым жа TikTok, а настаўнік дапаможа іх абдумаць, прааналізаваць.

Зразумела, знайшліся і тыя, хто «Размову аб важным» назвалі «прамыўкай мазгоў», «махровай прапагандай» і г.д. Асабліва стараюцца прадстаўнікі ліберальных колаў, для якіх натуральныя крокі дзяржавы ў патрыятычным выхаванні маладога пакалення не адпавядаюць іх праславутай дэмакратыі. Не дзіва, што і нашы беглыя экстрэмісты розных масцей таксама ўзнялі лямант, калі ў беларускіх школах пачалі надаваць асаблівую ўвагу грамадзянска-патрыятычнаму, духоўна-маральнаму выхаванню, гістарычнай памяці, ваеннай падрыхтоўцы. Маўляў, гэта «ідэалагізацыя адукацыі». Зразумела, іх замежным заказчыкам не даспадобы, што нашы дзеці выхоўваюцца ў любові да роднай краіны, на прыкладах гісторыі свайго народа, а не па чужых лякалах.

Сама гісторыя, дый падзеі двухгадовай даўнасці пацвердзілі: калі краіна, грамадства не займаюцца сваёй ідэалогіяй на усіх узроўнях, то ёю зоймуцца іншыя, прычым, гэта ідэалогія будзе чужая, варожая. Інфармацыйная вайна, вайна за розумы і душы нашых дзяцей ды і дарослых таксама вядзецца даўно, прымяняюцца розныя спосабы, прыёмы, сучасныя тэхналогіі. Яны, як тая нябачная радыяцыя, спакваля раз’ядае чалавека, калі той не мае ад яе прышчэпкі ў выглядзе тых жа ідэалагічных установак, адпаведнай адукацыі, цвёрдых маральных прынцыпаў.

Канечне, сучасныя дзеці мабыць і не знаёмы з такім словам, як палітінфармацыя, і не ведаюць, што ў савецкія часы адной з так званых «грамадскіх нагрузак» школьнікаў была падрыхтоўка для класнай гадзіны падборкі (а па-сучаснаму дайджэст) важных палітычных падзей у краіне і свеце. У адных класах былі, так бы мовіць, пастаянныя «палітінфарматары», у іншых такія агляды рабілі па чарзе. «Палітгадзіны» праводзіліся і ў працоўных калектывах. На іх запрашалі звычайна прафесійных лектараў з таварыства «Веды».

Дарэчы, і сёння ёсць вялікі запыт на такія інфармацыйна-асветніцкія сустрэчы ў розных калектывах – працоўных, студэнцкіх, навуковых. Дастакова ўзгадаць нашы дыялогавыя пляцоўкі, якія збіраюць поўныя залы, розныя маладзёжныя форумы. А рэспубліканская акцыя «Беларусь адзіная», прымеркаваная да Дня народнага адзінства, выклікала сапраўдны ажыятаж. Людзі жадаюць пачуць адказы на актуальныя пытанні аб нашай гісторыі, сучасных грамадска-палітычных працэсах, геапалітыцы. Таму і гэта, і іншыя акцыі будуць мець працяг на розных пляцоўках – буйных і малых. Эксперты, палітолагі, прадстаўнікі сённяшняга Беларускага таварыства «Веды» гатовыя прыехаць у любы куточак краіны на дыскусію і шчырую размову.

Што да адпаведных заняткаў у нашых школах. У Беларусі выпрацавана комплексная сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў, пачынаючы з дзіцячага садка і да ВНУ. Асаблівая ўвага надаецца выхаваўчаму патэнцыялу кожнага школьнага ўрока, прыярытэт – грамадзянскаму, ваенна-патрыятычнаму выхаванню. Таксама ўзмоцнены гістарычны модуль, уведзены факультатыў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму».

Думаю, такая з’ява, як палітінфармацыя, зразумела, у сучасным выглядзе і кантэксце, таксама павінна знайсці месца ў гэтым раскладзе. Тады маладыя людзі будуць ведаць праўду не толькі аб гістарычных падзеях і сучасных грамадска-палітычных працэсах сваёй краіны, але і ў суседзяў, разбірацца ў геапалітыцы і, галоўнае, рабіць правільныя высновы.

Я так думаю, а вы?

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: