«Дзеці і птушкі не павінны адказваць за памылкі дарослых», — сказала, як адрэзала, мая мудрая бабуля. У той далёкі 1986 год распачыналіся рэформы ад генсакратара, з эфіру часта гучала «перабудова», «Гарбачоў», і папугай Пятруша, клетка якога стаяла побач з радыёкропкай, гучна і правільна імітаваў гэтыя словы. Наша маленькая дачка з радасцю дэманстравала поспехі птушкі чаканай госці, а тая з дакорам глядзела ў бок дарослых, маўляў, чым тут ганарыцца…
Бабуля Марыя добра памятала вірлівы паслярэвалюцыйны час, перажыла фашысцкую акупацыю, яе напрамую закрануў страшны 1937 год, а вандраванні па вялікай краіне разам з мужам-афіцэрам далі багатыя ўражанні пра жыццё-быццё. Мабыць, таму яна з апаскай глядзела на ўсялякія навацыі і перабудовы і засцерагала ад уцягвання ў палітычныя гульні дзяцей. Ну, а папугай, як гаворыцца, трапіў пад руку і да слова…
Тую бабуліну навуку я не раз узгадвала ў нашыя дні. Калі бачыла на так званых мірных пратэстах бацькоў з малымі дзецьмі, з немаўлятамі ў калясках. Калі ў радах пратэстуючых і «дзяўчат у белым з кветкамі» стаялі відавочна школьніцы і непаўналетнія. Калі былыя вучні неслі да сцен роднай школы свае дыпломы і граматы не са словамі падзякі за навуку, а з абразамі ў адрас настаўнікаў. Калі да школьнай агароджы мацаваліся паперы з пагрозамі фізічнай расправы, а ў тэлеграм-каналах распаўсюджваліся заклікі да школьных забастовак. І часам гэта рабілася з падачы саміх бацькоў і нават іх рукамі.
Агу, дарослыя! Вы не сочыце, дзе, з кім, пад якім сцягам бавіць час ваша непаўналетняе дзіця? Вы не ведаеце, што псіхалагічнае насілле і паклёп падпадаюць пад пэўныя артыкулы адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксаў, а адказнасць па некаторых наступае з 14 гадоў? Ці не вы гучна выступалі супраць булінгу ў школе? Ці гэта не вы павінны растлумачыць сваім дзецям элементарныя прававыя веды, а заадно і падцягнуць свае?
Зразумела, падлеткавы ўзрост — гэта эмоцыі, драйв, «двіжуха», як гаворыцца сёння. І пад уздзеяннем сяброў, навакольных, натоўпу часта адключаецца розум, здаровы сэнс. І хто, як не бацькі, павінны растлумачыць: вулічныя акцыі — гэта не забаўка, не захапляльны квэст, не інтэрнэт-гульня, дзе можна ўсё перайграць, пачаць з нуля, калі не так пайшло. Хто, як не бацькі, павінны папярэдзіць: агрэсіўныя паводзіны ў дачыненні да аднагодкаў і дарослых у рэальным жыцці караюцца законам. А самім бацькам усвядоміць: палітычныя баталіі не для дзяцей.
Сёння, у Дзень ведаў, больш за 3 тысячы школ адчынілі свае дзверы, чатыры новыя, сучасныя адукацыйныя цэнтры. Дзяржава, школа, настаўнікі зрабілі ўсё, каб новы навучальны год пачаўся традыцыйна арганізавана, урачыста, якасна. Сёння за парты садзяцца мільён пяцьдзясят пяць тысяч школьнікаў, сярод іх — 114 тысяч першакласнікаў. Для тых, хто ўпершыню пераступае парог школы, гэта асабліва святочна і хвалююча. І першая настаўніца для іх становіцца другой маці. Я крыху ведаю працу настаўніка, бо мая маці амаль 40 гадоў аддала школе: сшыткі, планы, дадатковыя заняткі, дэманстацыйныя ўрокі, спаборніцтвы, насценгазеты, справаздачы… Паверце, работа школьнага настаўніка і раней, і зараз — гэта служэнне дзецям, вашым, нашым, і вам, сённяшнім бацькам, у свой час.
Вядомы французскі пісьменнік і грамадскі дзеяч Анры Барбюс трапна сказаў: «Школа — гэта майстэрня, дзе фарміруецца думка падрастаючага пакалення, і трэба моцна трымаць яе у руках, калі не хочам выпусціць з рук будучыю». Думаю, што рукі гэтыя павінны быць саюзам настаўнікаў і бацькоў. Саюзам, які ўзаемадзейнічае ў інтарэсах нашых дзяцей. Я так думаю. А вы?