Падзяліцца:
«Паралелі. Бонусы за прышчэпку». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.06.2021
«Паралелі. Бонусы за прышчэпку». Радыёблог Дзмітрыя Рубашнага (аўдыё)

Са снежня 2020 года ў многіх краінах стартавала вакцынацыя ад COVID-19. Ахвотных прышчапіцца было шмат. З’явіліся спісы, лісты чакання і жывыя чэргі. Аднак нават у тых краінах, дзе прэпараты былі ў дастатковай колькасці, заставалася шмат людзей, якія сумняваюцца або настроены супраць любых прышчэпак.

Між тым, як адзначаюць вучоныя, павінна быць прышчэплена 65–70% насельніцтва для дасягнення калектыўнага імунітэту.

Таму ўжо ў студзені ў некаторых рэгіёнах свету пачалі выкарыстоўваць метад прымусу. Сталі больш жорсткімі каранцінныя меры, і людзям далі зразумець, што абмежаванні не здымуць, пакуль насельніцтва не пачне актыўна прышчапляцца. Некаторыя кампаніі ў сферы турызму, авіяперавозак зрабілі вакцынацыю абавязковай для сваіх супрацоўнікаў. А ўжо ў лютым улады на месцах і карпарацыі перайшлі да «метаду перніка».

У ЗША папулярныя сервісы таксі сталі бясплатна падвозіць людзей да месцаў вакцынацыі. А буйныя сеткі дзіцячых адукацыйных цэнтраў заявілі, што гатовы бясплатна займаць дзяцей, пакуль іх бацькі робяць прышчэпку або аднаўляюцца пасля яе. Матываваць з дапамогай пончыкаў стала сетка закусачных Krispy Kreme. Яна паабяцала штодня частаваць фірменнай стравай кожнага амерыканца, які зробіць прышчэпку ад COVID-19. Для атрымання ўзнагароды трэба было толькі прад’явіць даведку аб ёй. Прапанова спадабалася амерыканцам, і кампанія паведаміла, што з канца сакавіка раздала больш за 1,5 млн пончыкаў.

Буйная амерыканская піваварная кампанія прапануе бясплатнае піва або любы напітак сваёй вытворчасці тым, хто прышчапляецца. Сервіс дастаўкі раздае ў пунктах вакцынацыі падарункавыя карты на 25 долараў. Акрамя таго, можна стаць удзельнікам латарэі прама ў некаторых медыцынскіх цэнтрах. Так, зрабіўшы прышчэпку, можна выйграць мільён долараў. Акрамя таго, прышчэпленыя амерыканцы могуць выйграть у латарэю марскія круізы, квіткі на папулярныя музычныя фестывалі і спартыўныя спаборніцтвы.

Сербія першай у Еўропе стала прапаноўваць грашовую ўзнагароду за прышчэпку. У красавіку было абвешчана, што тыя, хто паспеюць вакцынавацца на працягу месяца, атрымаюць па 3 тысячы дынараў (гэта 25 еўра). У Румыніі ўлады вырашылі скарыстацца папулярнасцю графа Дракулы і адкрылі пункт вакцынацыі ў замку. Наведвальнікі могуць сумясціць прыемнае з карысным: зрабіць прышчэпку і бясплатна наведаць музей. У Францыі ўлады таксама вырашылі праводзіць вакцынацыю ў незвычайных месцах. Так, з канца красавіка прышчэпку можна зрабіць у парыжскім «Дыснэйлендзе» ці, напрыклад, на Нацыянальным стадыёне. Або ўвогуле на базе нямецкіх падводных лодак перыяду Другой сусветнай вайны. Апошняя прапанова настолькі зацікавіла французаў, што на былой базе ўжо зрабілі дзясяткі тысяч прышчэпак.

У Ганконгу, 15% жыхароў якога ў ходзе апытання адказалі, што грашовыя выплаты не будуць для іх матывацыяй для прышчэпкі, вырашылі не звяртацца да такіх бонусаў. Затое мясцовы забудоўшчык абвясціў аб правядзенні латарэі, пераможца якой бясплатна атрымае кватэру. Таксама прышчэпленыя ганконгцы могуць выйграть бясплатнае пражыванне ў атэлях, абеды ў рэстаранах і падарункавыя карты. А адна з кампаній прапануе ў якасці прыза аўтамабіль Tesla.

У індыйскім штаце Гуджарат да кампаніі вакцынацыі падключылася прафесійная супольнасць ювеліраў. У красавіку жанчыны, якія зрабілі прышчэпку, маглі бясплатна зрабіць пірсінг носа, а мужчыны атрымлівалі блэндар. А ў Дубаі пасля поўнай вакцынацыі ўлады прапануюць двухтыднёвы бясплатны абанемент на наведванне фітнес-цэнтра. У Аўстраліі ўзнагарода чакае авіяпасажыраў, якія прышчапіліся. Усе яны атрымаюць на свой рахунак бонусныя мілі авіякампаніі, а дзесяць сем’яў – па адной з кожнага штата і тэрыторыі – мегапрыз: неабмежаваныя пералёты на працягу года.

Папулярныя дадаткі для знаёмстваў у Вялікабрытаніі запусцілі кампанію, якая заклікае брытанскіх карыстальнікаў паведамляць у сваіх профілях, што яны зрабілі прышчэпку. Міністэрства аховы здароўя падтрымала ідэю. Там лічаць, што гэта стане стымулам для вакцынацыі, у тым ліку сярод маладых людзей, а таксама павысіць іх рамантычныя шансы. Дарэчы, нядаўняе апытанне паказала, што трое з пяці дарослых брытанцаў не хацелі б або не сталі б сустракацца з непрышчэпленымі.

Цяпер мясцовыя ўлады і кампаніі ў розных краінах прапануюць разнастайныя бонусы, падарункі, пачастункі, ільготы і нават стыпендыі з адной мэтай — пераканаць людзей зрабіць прышчэпку ад COVID-19, каб як мага хутчэй быў дасягнуты калектыўны імунітэт. Зрэшты, кажуць эксперты, у кампаніі бонусаў і прывілеяў ёсць адна сур’ёзная загана: людзі могуць перастаць прышчапляцца, калі ім за гэта не паабяцаюць нешта большае, чым шанс быць здаровымі.

Вакцынаваць больш за 60% насельніцтва – такая задача стаіць і ў Беларусі. Пакуль жадаючых зрабіць прышчэпку дастаткова. Але з часам можна падумаць і пра стымулы. Бонусам, на думку міністра аховы здароўя, магло б стаць вызваленне ад абавязковай самаізаляцыі для беларусаў пасля вяртання з-за мяжы.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: